Намеснік кіраўніка Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Аляксандр Бісераў прапанаваў... забараніць у Расіі «Вікіпедыю».
Прымяніць цэнзуру да бясплатнага энцыклапедычнага рэсурсу трэба, на думку Бісерава, «з прычыны каласальнай колькасці памылак», якія дрэнна ўплываюць на веды студэнтаў пры падрыхтоўцы да іспытаў менавіта пры дапамозе інтэрнэт-энцыклапедыі.
— Калі казаць пра маё стаўленне як філолага да «Вікіпедыі», то я не залічваю яе да дакладных крыніц, — падзялілася сваім поглядам з журналістам «Звязды» намеснік міністра адукацыі нашай краіны Раіса СІДАРЭНКА. — Сапраўды, там прысутнічаюць і памылкі, і недакладнасці, і некарэктныя фармулёўкі. Каб гэта заўважыць, не трэба быць спецыялістам. Але я бачу, што ёсць сітуацыі, калі «Вікіпедыя» выратоўвае вучняў. А памылкі сустракаюцца, на жаль, і ў падручніках. Таму я лічу, што трэба не забараняць рэсурс, а выпраўляць памылкі. Паколькі я сама «родам з Савецкага Саюза», то ў мяне захавалася звычка ў складаных сітуацыях карыстацца слоўнікамі. За апошні час з'явілася вялікая колькасць новых слоў, значэнне якіх я не заўсёды ведаю. А з даведачна-інфармацыйных рэсурсаў па рускай мове аддаю перавагу парталу gramоta.ru, якому я давяраю.
Трэба сказаць, што з самага свайго заснавання ў студзені 2001 года «Вікіпедыя» ператварылася ў прадмет крытыкі і нападак. Настаўнікі і выкладчыкі забаранялі навучэнцам і студэнтам спасылацца ў сваіх работах на артыкулы са свабоднай энцыклапедыі. Прычына ў тым, што практычна кожны можа ўносіць сваю лепту ў энцыклапедычныя артыкулы, існуюць тысячы старонак, напоўненых недакладнай інфармацыяй, паклёпамі і проста смешнымі малюнкамі. Тым не менш мільёны людзей усё роўна чэрпаюць факты і лічбы з гэтага рэсурсу, пачынаючы з інфармацыі для школьных хатніх заданняў і заканчваючы карпаратыўнымі прэзентацыямі.
За 14 гадоў свайго існавання праект Джымі Уэйлса моцна разросся. «Вікіпедыя» ствараецца добраахвотнікамі з усяго свету на 277 сусветных мовах. Усяго ў энцыклапедыі прадстаўлена ўжо больш як 35 мільёнаў артыкулаў, у тым ліку больш як 1 мільён 184 тысячы артыкулаў на рускай мове. «Вікіпедыя» стала адным з самых папулярных вэб-сайтаў у свеце. І ўсё ж выкарыстоўваць «Вікіпедыю» ў якасці адзінай крыніцы інфармацыі небяспечна. Нават стваральнікі праекта папярэджваюць, што «Вікіпедыя не гарантуе праўдзівасці». Таму, як той казаў, «давярай, але правярай».
Надзея НІКАЛАЕВА
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.