Вы тут

Падмярзанне каранёў пладовых дрэў


Каляндарная зіма ўжо пераваліла за палову. Не паспеем азірнуцца — і вясна прыйдзе. А там і пачатак дачнага сезона. Многіх садаводаў ужо сёння цікавіць такое пытанне, як зімовыя пашкоджанні раслін.

Адным з такіх пашкоджанняў з’яўляецца падмярзанне каранёў пладовых дрэў, якое прыносіць нямала клопатаў аматарам саду. Здараецца гэта непрыемная з'ява ў халодныя марозныя зімы, калі адсутнічае снежнае покрыва або яго вышыня вельмі нязначная. Надземная частка дрэў больш падрыхтавана да маразоў, тады як падземная не мае належнай абароны ад нізкіх тэмператур.

Большасць яблыневых прышчэпаў пераносяць зніжэнне тэмпературы ў глебе толькі да –10 (–12) градусаў, сеянцы гатунку «кітайка» — да 16 градусаў марозу. А вось карані асобных відаў вішні валодаюць высокай марозаўстойлівасцю.

У дрэў з падмерзлай каранёвай сістэмай вясной можа назірацца распусканне пупышак і цвіценне ў звычайным рэжыме, але праз некаторы час, калі вычарпаецца запас пажыўных рэчываў, завязі і кветкі звычайна засыхаюць. Калі пашкоджанне каранёвай сістэмы нязначнае, то ў такіх дрэў назіраецца запаволенне росту, здрабненне лісця. Гэтыя з'явы могуць адбывацца на працягу некалькіх гадоў пасля ўсяго толькі аднаго падмярзання каранёў дрэва.

У першую чаргу ў дрэў падмярзаюць махрыстыя карані, бо марозаўстойлівасць тоўстых каранёў вышэйшая, чым у тонкіх. У шкілетных каранёў спачатку пашкодж-
ваецца драўніна, а ўжо потым — кара. Падмярзанне драўніны каранёў можа істотна і не адбіцца на развіцці і росце дрэва. Калі ж загіне кара на шкілетных каранях, то такое дрэва, часцей за ўсё, гіне. Гібель кары каранёў можна вызначыць, раскапаўшы шкілетны корань, на якім будзе відаць драўніна, якая адстае кавалкамі.

Мацней карані падмярзаюць на пясчаных і сухіх глебах, менш — на вільготных і гліністых.

Дрэвам з падмерзлай каранёвай сістэмай неабходны аднаўленчы перыяд, бо яны вельмі аслабленыя. Такія дрэвы ў большай ступені могуць пацярпець ад хвароб і шкоднікаў, таму ім неабходна забяспечыць добры дагляд. Трэба стварыць для каранёвай сістэмы правільны пажыўны і водна-паветраны рэжымы глебы, а менавіта рэгулярныя палівы і праполкі прыствольных кругоў. Для дрэў, якія перанеслі падмярзанне каранёў, вельмі важна ўнясенне угнаенняў вясной, асабліва азотных.

Пры слабым падмярзанні дрэвы вясной можна абрэзаць гэтак жа, як і здаровыя, і ў той жа час. Пры сярэднім падмярзанні дрэвы трэба абрэзаць толькі пасля ўступлення іх у перыяд вегетацыі, гэта значыць у маі. Пры моцнай ступені падмярзання каранёў абразанне дрэў трэба праводзіць толькі на наступны год.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.