Вы тут

«Оршафільм» прадстаўляе...


Пяцікласнік разам з бабуляй і дзядулем стварае сапраўдныя шэдэўры аматарскага кінематографа

Як даведаўся карэспандэнт «СГ», хлопчык ужо вопытны аўтар: фота і відэаздымкай захапляецца пяты год! Тое, што ўзровень твораў высокі, пацвярджаецца дыпломамі конкурсаў, у тым ліку і міжнародных. Сямейныя мультфільмы і дакументальныя фільмы, зробленыя ў Оршы, былі высока ацэнены прафесіяналамі на фестывалях кіно.

Мне ўдалося не толькі пабываць у гасцях у творчай сям'і, але і ўзяць удзел у здымках мультфільма і навукова-папулярнай кінастужкі.

Вучань 5‑га класа гімназіі №1 горада Оршы Мікіта Мядзведзеў — шчаслівы чалавек. У яго ёсць хобі, а яшчэ яму вельмі пашанцавала з бабуляй і дзядулем. У многіх сем'ях прадстаўнікі старэйшага пакалення, мякка кажучы, неахвотна бавяць час з унукамі і праўнукамі. Маўляў, нараджалі, цяпер самі і выхоўвайце, а, калі што, дапаможам… Эдуард і Таццяна Навагонскія ў гэтым пытанні, можна сказаць, узорныя: унук шмат часу праводзіць з імі.

Пазнаёміліся мы з імі ў Полацку, дзе праводзіўся першы фестываль-конкурс аматарскага кіно імя Юрыя Тарыча «Я здымаю кіно». Пяцікласнік Мікіта Мядзведзеў прадставіў на суд журы, сярод членаў якога былі і супрацоўнікі кінастудыі, мастацтвазнаўцы, свой мультфільм. Твор вельмі хвалілі, уручылі дыплом. Юны аўтар сказаў, што, вядома, без дапамогі бабулі і дзядулі не змог бы зрабіць добры мульцік: першая дапамагала агучваць, а дзядуля навучыў манціраваць стужку…

Я напрасіўся ў госці да гэтай творчай сям'і. Жывуць Навагонскія небагата, але ў іх дома вельмі ўтульна, з парога адчуваецца станоўчая энергетыка, якая ёсць у сем'ях, дзе пануюць узаемаразуменне і гармонія.

Рэжысёры і краязнаўцы

Таццяна выкладае ў каледжы тэхнічную дысцыпліну. Эдуард — пенсіянер, але чыста юрыдычна. Па адукацыі ён — інжынер, скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, працаваў на прадпрыемствах, у гарвыканкаме, займаўся грамадскай дзейнасцю. Да таго, як захапіўся кіно, актыўна фатаграфаваў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Мікіта і наш уласны карэспандэнт здымаюць мультфільм.

—Вырабам кінафільмаў пачаў займацца ў 1971 годзе, вытворчасцю відэафільмаў — у 1988‑м. У маім аўтарскім архіве больш за 300 фільмаў. Ёсць сайт fіlmorsha — там можна ўбачыць мае стужкі, а таксама работы ўнука, — расказвае Эдуард.

Яшчэ адно яго захапленне — краязнаўства: ён не проста здымае фільмы пра любімую Оршу, але і сам цікавіцца багатай гісторыяй горада, асабліва подзвігамі суайчыннікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Вось цікавыя мантажныя фотаздымкі: побач з фота Оршы, зробленым у гады акупацыі, — сучаснае фота тых жа вуліц, дамоў. Унук дапамагаў дзеду і ў гэтай рабоце.

Глядзім разам фільмы. У адным з іх Мікіта расказвае пра тое, як у сям'і любяць усе разам пячы торты, займацца будаўнічымі работамі на дачы, як мама Мікіты выдатна кухарыць і вучыць гэтаму сына, займаецца з ім спортам, дапамагае добра вучыцца…

—Я ўжо не толькі ведаю некаторыя інструменты, але і працую з адвёрткай, малатком, піламі па дрэве і метале, напільнікамі, надфілем і рашпілем. А з сякерай — толькі ў прысутнасці дарослых. Зрабіў для сябе лаўку і зброю з дрэва. Мне спадабалася будаваць веранду. А пачыналі мы з падмурка, затым былі мур з цэглы, дах і ўнутраная аздабленне… У час канікул акрамя працы і адпачынку ў Оршы, дзе ў нас невялікі драўляны дом, мы часта ездзім па ўсёй краіне, — расказвае школьнік.

Ён, можна канстатаваць, ведае ўжо пра родны горад не меней, чым старажылы. Калі патрэбны будзе экскурсавод, хлопчыка можна, не задумваючыся, папрасіць расказаць пра старажытны горад на Дняпры.

—Мы з дзядулем наведалі ўсе музеі ў Оршы, у тым ліку і музей лакаматыўнага дэпо і пошукавага клуба «Русічы», сустракаліся з краязнаўцам Аляксандрам Шынкевічам. Стараемся не прапускаць і важныя падзеі нашага горада. Сумесна з дзядулем здымаем іх, а потым размяшчаем на сайце, дзе ёсць і мая старонка. Адно з такіх мерапрыемстваў — святкаванне 940‑й гадавіны Оршы, — працягвае гімназіст.

Цікава, што ў скарбонцы перамог Мікіта мае і дыплом лаўрэата міжнароднага конкурсу відэафільмаў, прысвечанага мінулай Алімпіядзе ў Сочы. Конкурс арганізаваў віртуальны філіял знакамітага на ўвесь свет Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу.

—Па тэматыцы Мікіта падабраў некалькі карцін рускіх і савецкіх мастакоў аб спорце з калекцыі Рускага музея, плюс у мяне ёсць адпаведныя значкі. Вось і «разбавілі» наш фільм рознымі відэасюжэтамі пра спорт. У выніку ўнук заняў 1‑е месца ў сваёй узроставай групе! Ездзілі ў Санкт-Пецярбург на цырымонію ўзнагароджання ўчатырох: акрамя мяне і Мікіты, з намі ездзіла мая жонка Таццяна, кіраўнік працы, і яе навучэнка, якая таксама атрымала дыплом… Вядома, прыемна было браць удзел у такой прэстыжнай творчай «алімпіядзе», — распавядае Эдуард.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Мікіта Мядзведзеў, Таццяна і Эдуард Навагонскія падчас працы.

Як мы здымалі кіно

Мікіта можа гадзінамі расказваць пра свае захапленні. Паглядзелі разам яго мультфільмы і навукова-папулярныя. Хлопчык так хутка адкрывае спецыяльныя праграмы на камп'ютары, што я часам губляўся. Аказалася, што да ўсяго іншага хлопец яшчэ і праграміст!

— Мая малодшая дачка, яго цёця, якая жыве ў Мінску, перыядычна да нас прыязджае ў госці. Яна і навучыла трохі разбірацца ў праграміраванні і натхніла Мікіту самому распрацоўваць праграмы, пакуль нескладаныя, — расказала Таццяна.

Потым мне паказалі мікраскоп, пры дапамозе якога Мікіта здымае фільмы. Даверылі нават зрабіць некалькі кадраў, а потым вырашылі сумесна зняць фільм пра ваду. Пад мікраскопам глядзім на кроплі вады: водаправоднай, гатаванай, пакупной… Што магу сказаць: піце, людзі, пакупную! Бо нават у кроплі гатаванай пад мікраскопам такіх «цыклопаў» мы з Мікітам убачылі, што жахнуліся ад таго, што многія яе лічаць чыстай.

Учатырох паздымалі і мультфільм. Робіцца гэта, дарэчы, не вельмі складана: лічбавы фотаапарат на штатыве, «герой» — цацачны аўтамабіль, напрыклад. Націснуў на кнопку, трохі адсунуў машынку, зноў сфатаграфаваў… Наколькі я зразумеў, самае складанае — мантаж кадраў пры дапамозе спецыяльных праграм. «Уладальнікі» ж сямейнай кінастудыі гавораць, што манціраваць фільмы вельмі проста.

Хто падтрымае таленты?

Мікітаў дзядуля шчыра лічыць, што трэба аднавіць савецкую «школу» аматарскага фота і кіно.

—Магчыма, варта знайсці формы працы з юнымі талентамі, якія захапляюцца відэаздымкай і падаюць надзеі. Напрыклад, у БДУ на базе лагера «Брыганціна» ажыццяўляюць па ўсёй рэспубліцы конкурсны адбор сярод дзяцей, што захапляюцца матэматыкай, інфарматыкай, фізікай і гэтак далей. І падчас знаходжання ў гэтым лагеры выкладчыкі БДУ з дзецьмі праводзяць заняткі, ужываючы розныя формы навучання. Чаму б у той жа «Брыганціне» са школьнікамі не праводзіць заняткі па нюансах здымкі, рэжысуры, аператарскага майстэрства і мантажу?

У моладзі цяпер ёсць мабільныя тэлефоны і лічбавыя фотаапараты, на якія можна здымаць і відэа. Можа, сярод гэтай катэгорыі варта ў рэспубліцы аб'явіць конкурс фільмаў? У Расіі падобныя конкурсы праходзяць. Упэўнены, сярод канкурсантаў можна будзе знайсці перспектыўных дзяцей, з якімі варта працаваць і далей…

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Орша — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».