Вы тут

«Інстытут» бацькоўскай любові


Сваю малодшую — Кацярыну — Вікторыя Новікава называе «пацерачкай». Тая сядзіць на руках і вялізнымі вачыма азірае навакольных. Дзяўчынцы ўжо два з паловай гады. Калі праз некалькі месяцаў пасля нараджэння ёй быў пастаўлены страшны дыягназ, урачы нават адмаўляліся прагнозы рабіць. Вікторыі, якая ўзяла дзіця пад сваё крыло да таго, як даведалася пра цяжкае захворванне, медыкі прадказвалі, што дзяўчынка ніколі не будзе хадзіць, гаварыць і нармальна развівацца. Але прыёмную маці, у якой свая дачка ледзь старэйшая за Кацю, гэта не збянтэжыла. Яна пайшла вучыцца на медыцынскія курсы па доглядзе хворых, якія паспяхова скончыла. І сённяшнія дасягненні маленькай Каці здзіўляюць нават спецыялістаў:

5-29

—Мы змаглі пазбегнуць цяжкай аперацыі, якую прагназавалі, — гаворыць Вікторыя. — Да годзіка не вылазілі з бальніц. Цяпер перыядычна на ўколах, каб падтрымліваць дзіця. У 10 месяцаў Каця змагла сесці, у 1,5 года пайшла. Вядома, прагрэс вельмі павольны, але ён ёсць. Ёсць станоўчы эфект ад лячэння. І хоць урачы казалі, што дзяўчынка будзе толькі ляжаць, мы рабілі спецыяльную гімнастыку для развіцця дробнай маторыкі, масажы розныя, якія яна вельмі любіць. Каця стала больш актыўнай, стала нарэшце запамінаць паслядоўнасць дзеянняў.

Мы — гэта не толькі маці з бацькам, але і бабуля, якая Кацю не спускае з рук, і яшчэ сем братоў і сясцёр: Саша, Віця, Ніка, Света, Ваня, Антон, Паліна. Чужому не адразу зразумела, хто тут родны па крыві, а хто — прыёмны. Любові бацькоў відавочна на ўсіх хапае. Між іншым, прыёмнымі бацькамі Вікторыя і Аляксей Новікавы сталі таксама не ўчора. Яшчэ ў 2007 годзе ў бальніцы, дзе Віка ляжала з родным сынам, яны пазнаёміліся з 12‑гадовай дзяўчынкай Ірай, якую вырашана было ўзяць у сям'ю.

Спецыялісты-педагогі, што курыруюць Новікавых, заўважылі, што дзецям, якія трапляюць на выхаванне менавіта да гэтых прыёмных бацькоў, заўсёды шанцуе — яны або вяртаюцца ў біялагічную сям'ю ці да сваякоў, або ідуць на ўсынаўленне.

—Праз сям'ю Новікавых прайшло восем дзяцей, якія ўрэшце знаходзілі сваіх блізкіх, — расказвае метадыст сектара аховы правоў дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Буда-Кашалёўскага райвыканкама Святлана Савіцкая. — Калі вырашалі, якая з прыёмных сем'яў нашага раёна будзе жыць у новым доме, правялі кастынг. Выбралі самых дастойных, хто добра ведае, як з дзецьмі ладзіць. На рашэнне паўплывала і тое, як Вікторыя змагаецца за жыццё хворага дзіцяці. Гэта ўвогуле можна назваць подзвігам. Калі б дзяўчынка засталася ў доме дзіцяці, такога выніку ў лячэнні не было б. Усе бачаць, як многа прыёмныя бацькі займаюцца з гэтым дзіцем, і нават урачы называюць цудам сённяшні стан дзяўчынкі.

Між тым, пераможцы раённага конкурсу за права жыць у новым, нядаўна пабудаваным доме сямейнага тыпу — не педагогі па адукацыі і вышэйшых навучальных устаноў не заканчвалі. Вікторыя калісьці вывучылася на швачку-вязальшчыцу ў гомельскім прафтэхвучылішчы бытавога абслугоўвання. Аляксей працуе слесарам-рамонтнікам на адным з прадпрыемстваў Гомеля. Яны не лічаць, што заняліся занадта цяжкай справай — выхаваннем сваіх траіх і пяцярых прыёмных дзяцей:

—Я сам са шматдзетнай сям'і, — заўважае Аляксей. — Прывык, што нас павінна быць многа. І мне падабаецца, калі дзяцей шмат. Да нас заўсёды і пляменнікі прыязджаюць, і суседскія дзеці прыходзяць. Сумна, калі іх менш становіцца, нават калі нехта ў санаторый ад'язджае.

—Новы дом вялікі і прыгожы, што вельмі прыемна, — адзначае Вікторыя. — Усё, што неабходна для жыцця і творчасці, тут ёсць. Тым больш, нам дапамагаюць усе: вось, глядзіце, мэбля ў гасцёўні — падарунак ад губернатара Гомельшчыны Уладзіміра Дворніка. Мы тут пачалі прастору асвойваць. Дзяўчынкі мне на кухні дапамагаюць. Безумоўна, у кожнага дзіцяці свае здольнасці, і мы будзем іх развіваць. Святлана на скрыпцы іграе, Віця і Ваня — на баяне. Практычна ўсе малююць.

—Разам малюем з дзецьмі, — удакладняе Аляксей, які захаваў цікавасць да творчасці, нягледзячы на «прыземленую» спецыяльнасць слесара-рамонтніка. — Разам гуляем у футбол, у даміно і многія іншыя гульні. Калі жаданне будзе, хлопчыкаў навучу ўсяму таму, што сам умею рабіць і што павінен умець кожны мужчына. Я, напрыклад, магу выконваць слясарныя, такарныя, зварачныя, дрэваапрацоўчыя работы. Машыну заўсёды рамантую сам. Хобі ў мяне — зварачныя работы. На ўчастку вакол дома хачу зрабіць падстаўкі для кветак. Тут вельмі шмат месца, ёсць дзе фантазіі разгарнуцца, каб зрабіць цікавы ландшафтны дызайн. Пасадзім газоны, дрэвы па перыметры — прыгожа будзе. Дзеці нам будуць дапамагаць у гэтай справе. Думаем, будзе цікава ўсім тут жыць.

—У мяне бацька рана памёр, і я ведаю, што такое расці без яго, — успамінае Вікторыя. — Упэўнена, што дзецям патрэбна поўная сям'я. Усе праблемы з дзіцем вырашаюцца, калі падыход да яго знайсці. Проста трэба дасканала ўсё высветліць, а потым займацца.

—Ніякага асаблівага сакрэту выхавання няма, — падхоплівае Аляксей. — Трэба быць не толькі бацькам, а сябрам дзіцяці. Калі дзіця некалькі разоў адпіхнуць ад сябе, адмовіцца ад размовы з ім, яно замкнецца. Калі з імі гуляеш разам, размаўляеш, яны раскрываюцца, не будуць падманваць. Калі нешта дрэннае зробяць, прыйдуць, папросяць прабачэння.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Дом у Буда-Кашалёве, у які пераехала сям'я Вікторыі і Аляксея Новікавых, стаў 35‑м дзіцячым домам сямейнага тыпу ў Гомельскай вобласці і першым у гэтым раёне. На яго будаўніцтва было выдаткавана каля 3,5 мільярда рублёў. Між тым, у раёне сёння больш за 200 дзяцей выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем'ях. Ва ўсёй Гомельшчыне налічваецца 4 тысячы 550 дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў. Абсалютная большасць з іх выхоўваецца менавіта ў сем'ях (прыёмных, апякунскіх, дзіцячых дамах сямейнага тыпу).

Цяпер апошнія ёсць ва ўсіх раёнах вобласці, за выключэннем Лельчыцкага, дзе аб'ект ужо рыхтуецца да адкрыцця. На гэты год запланавана будаўніцтва яшчэ двух — у Нараўлянскім і Цэнтральным раёне Гомеля. Гомельшчына наогул сёння лідзіруе па будаўніцтве і адкрыцці дамоў сямейнага тыпу. Такім чынам, як адзначае начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын, сёлета ў вобласці будзе ліквідавана апошняя школа-інтэрнат агульнага тыпу:

—Палітыка дзяржавы накіравана на тое, каб дзеці выхоўваліся ў сем'ях. Тым самым органы мясцовай улады выконваюць даручэнне кіраўніка дзяржавы, якое тычыцца ліквідацыі дамоў-інтэрнатаў у рэспубліцы. Дзеці з Рэчыцкага дома-інтэрната будуць перададзены ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Мы надаем вялікую ўвагу развіццю менавіта асобасных якасцяў кожнага дзіцяці і гэтаму спрыяе выхаванне яго ў сям'і. Вядома, складана прагназаваць, колькі дзяцей могуць застацца ў будучыні без бацькоўскай апекі, але мы ўсё зробім, каб знайсці ім сем'і.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.