Вы тут

Гігіена па-савецку: шампунь «Яечны», лазневы дзень і зубны парашок


«Надо, надо умываться по утрам и вечерам», — класічныя радкі з «Мыйдадзіра» Карнея Чукоўскага і сёння бацькі чытаюць дзецям, прывучаючы да акуратнасці. Малыя з задавальненнем дэкламуюць вершы пра начальніка ўмывальнікаў і вяхотак камандзіра. І мала хто з нас прыгадвае, выбіраючы на паліцах гаспадарчых крам шампуні «без слёз» і бальзамы (безумоўна, з маслам жажаба), што ўсё гэта гігіенічна-касметычнае багацце стала агульнадаступным усяго пару дзесяцігоддзяў таму. Сёння мы зазіраем у каморы памяці, каб прыгадаць, як даглядалі сябе ў Савецкім Саюзе.

Што такое лазневы дзень?

5-11

«Яны ў кватэры жывуць, у іх і ванна ёсць», — з пэўнай зайздрасцю гаварылі старыя, назіраючы за тым, як навасёлы заязджаюць у «хрушчоўкі», дзе — о цуд! — сапраўды былі індывідуальныя ванны. Але звычка «намывацца» і купацца ў іх гадзінамі да савецкага чалавека прыйшла далёка не адразу: значна большай папулярнасцю карысталася традыцыя хадзіць у лазню. Рабілі гэта звычайна раз на тыдзень, па суботах ці нядзелях. «Мяне заўжды брала ў «жаночы дзень» з сабой бабуля, — узгадвае 45-гадовая цырульніца Ірына Пякарская. — У памяць урэзаліся жалезныя шайкі, растрапаныя вяхоткі невядома з чаго, самавар у калідоры перад лазняй і гаспадарчае мыла амаль ва ўсіх — каб і самому памыцца, і бялізну памыць. Але для мяне заўжды бралі «добрае мыла» — «Клубнічнае» або «Дзіцячае», якім мылі і галаву, і цела».

«Я ў савецкія лазні не хадзіў, бо ў нас дома быў тытан, які мы з братам і бацькам тапілі дровамі, пакуль не прагрэецца да самага верху. Гарачай вады хапала, каб усёй сям'і памыцца і яшчэ бялізну замачыць, — расказвае былы настаўнік фізкультуры Аляксандр Зыль. — А яшчэ, памятаю, чамусьці было прынята мыцца па частках: раніцай мама правярала, ці памылі мы шыю і вушы (чысціню шыі і рук яшчэ і дзяжурныя ў школе кантралявалі!), перад сном нас ганялі мыць ногі».

5-14

З мыла, узгадваюць суразмоўцы, самым дэмакратычным і распаўсюджаным было гаспадарчае, а таксама «Хвойнае», «Лазневае», «Сунічнае»...

Густыя, шаўкавістыя... галоўнае — чыстыя!

А вось наконт шампуняў успаміны тых, у каго хоць бы палова жыцця прыпала на час існавання СССР, разыходзяцца. Адны сцвярджаюць, што «Яечны» шампунь у бляшаным цюбіку быў у свабодным продажы паўсюдна і заўжды; іншыя ўдакладняюць, што «паўсюдна» адносілася толькі да вялікіх гарадоў, дзе ў 60-я і пазней можна было «нарвацца» і на рэдкія шампуні вытворчасці Югаславіі ці ГДР — іх, калі ўдавалася набыць, доўга захоўвалі і дарылі жанчынам на вялікія святы. Зрэшты, яшчэ і ў 90-я замежны шампунь, а тым больш бальзам для валасоў, лічыўся выдатным падарункам на дзень нараджэння.

«У канцы 70-х былі шампуні ў шкляных бутэльках — вельмі вадкія, яны практычна не пеніліся, хіба што пахлі. Здаецца, іх выпускалася цэлая серыя: «Крапіва», «Рамонак» і ці то «Ружа», ці то «Бэз», — узгадвае цяперашняя пенсіянерка Сафія Калеснік. — У нас дома даўжэй за ўсё захоўвалася «Крапіва», якой чамусьці ніхто не хацеў мыцца».

«Я ў дзяцінстве на гэтыя рэчы неяк не звяртала ўвагі: што дадуць бацькі, тым і мыешся, — прызнаецца банкаўскі супрацоўнік Кацярына Вараб'ёва. — Але што адбілася, мабыць, на падкорцы — гэта дзіўны водар балгарскага шампуню «Кря-кря». А якія мяккія пасля былі валасы! І пры гэтым абыходзілася рэальна без слёз!»

«Толькі гультай не пахне ніяк»

5-12

Дэзадарантаў як класа да канца 80-х гадоў многія выхадцы з Саюза не памятаюць наогул.

«Здаецца, супраць поту карысталіся талькам, адэкалонам, крэмам з дабаўленнем ментолу. Калі мы прыязджалі з мамай да сваякоў у Маскву, памятаю, яна набыла ў краме цэлы пачак спецыяльных падкладак у падпахі — яны прышываліся проста да адзення і мяняліся прыкладна раз на тыдзень, як школьныя манжэты, — падзялілася ўспамінамі бібліятэкарка Святлана Міхалёнак. — І толькі ўжо, здаецца, у 90-я гады да нас хлынула цэлае мора замежных дэзадарантаў, я нават збірала пэўны час балончыкі «Fa» на любы колер і пах».

А вось пенсіянерка Інэса Пятроўна, якая ў канцы 70-х гадоў была студэнткай і вучылася ў Маскве, узгадала пра дэзадаранты вытворчасці ГДР пад немудрагелістай назвай «DEO» ў яркіх, вясёлай афарбоўкі балончыках. «Але паколькі добрыя дэзадаранты і тым больш духі былі дэфіцытам, некаторыя мае сакурснікі ішлі на хітрасць. Тады, падаўшы заяву ў ЗАГС, можна было атрымаць талоны ў прадуктовую краму і вясельны салон і «атаварыцца» як неблагім прадуктовым наборам, так і касметыкай і парфумай — дык нашы студэнты з зайздроснай рэгулярнасцю ездзілі падаваць заявы».

Наогул, сцвярджаюць многія, ці не самым дзейсным сродкам гігіены былі не парфумерна-касметычныя набыткі, а душ пасля працы. Дый «працоўны» пах, як у маршакоўскім перакладзе знакамітага верша Джані Радары «Чым пахнуць рамёствы?», лічыўся цалкам натуральным. «Свежасці» ж целу можна было надаць з дапамогай разнастайных адэкалонаў. «Гваздзікай» у нас пахла на ўвесь двор, — смяецца прараб Сяргей Кірычэнка, — бо гэты адэкалон не толькі асвяжаў, але і быў найпершым сродкам супраць камароў. У бацькі, якому пастаянна прывозілі прэзенты калегі з Прыбалтыкі, былі заўжды вельмі добрыя адэкалоны і крэмы для галення, а сусед карыстаўся самым простым «Трайным». А потым іх з'явілася столькі, усе не прыгадаеш! Нават жарт хадзіў, «кожнаму мужчыну — па іменнаму адэкалону».

Парашочкам на ўсе 32

5-13

Цюбікі для ўпакоўкі зубной пасты ў СССР пачалі выкарыстоўваць толькі ў 50-х гадах мінулага стагоддзя, хоць сама яна была вынайдзена яшчэ ў 1892 годзе дантыстам Вашынгтанам Шэфілдам. Безумоўным лідарам лічыўся «Памарын» балгарскай вытворчасці (адзін з першых узораў быў з мінеральнымі солямі і пакідаў вельмі дзіўны прысмак у роце), таксама выпускаліся «Жэмчуг», «Хвойная», «Лясная», «Мятная», «Дзіцячая», а яшчэ для дзяцей выпускаліся «Ягадка» і «Чабурашка» і г.д. У 1980-х з'явілася ў продажы югаслаўская паста «Colgate», за якой літаральна ганяліся. Многім маім аднагодкам металічныя цюбікі падабаліся нават не з-за пасты, а самі па сабе — умельцы разразалі цюбік, раўнялі бляшаную паверхню і выціскалі з адваротнага боку звычайнымі стрыжнямі для ручкі своеасаблівыя карціны, якія мы называлі «гравюрамі» (асабліва прыгожыя ўзоры нават устаўлялі ў рамкі і дарылі сябрам).

Але звыклыя сёння цюбікі з пастай усё ж не карысталіся такой папулярнасцю, як самы звычайны і даступны для кожнага зубны парашок. Прычым прыстаўка «зубны» ніколькі не засмучала хатніх гаспадынь — савецкія людзі мылі з яго дапамогай вокны, чысцілі парусінавы абутак, паліравалі самавары, раменныя бляхі і металічны посуд... Карацей, парашок «Жэмчуг» ці «Новы» апраўдвалі свае назвы на ўсе 100 працэнтаў — пасля іх прымянення зіхацелі чысцінёй не толькі зубы.

«...Проста мы былі маладыя і не лічылі адсутнасць дэзадарантаў ды шампуняў першаснай праблемай у жыцці, — уздыхае адна з цяперашніх пенсіянерак. — Хоць за прыход на постсавецкую прастору цывілізаваных сродкаў жаночай гігіены, дзіцячых падгузнікаў і шмат чаго яшчэ, што палягчае жыццё сучаснай моладзі, «буржуям» шчыры дзякуй! А з іншага боку, хто ведае, ці не ад гэтай разнастайнасці ў нас цяпер столькі алергічных праяў?».

Вядома, з пазіцыі прагрэсу да былога звароту няма, і наўрад ці сёння нават самы ўпарты рэтраград пойдзе мыць валасы гаспадарчым або дзягцярным мылам. Але, перабіраючы дзясяткі прыгожых пластыкавых бутэлек для розных тыпаў валасоў, не-не ды і ўздыхнём з настальгіяй па тым «Яечным» у цюбіку...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».