Вы тут

Справа не ў часе


«Ён не тое што не папрасіў прабачэння, а нават і не падумаў — яшчэ мне ў адказ хаміць пачаў! Ну і моладзь цяпер пайшла!» — пачуўшы канец гэтай эмацыйнай жаночай гаворкі ў раённай паліклініцы, я нават не адразу зразумела, што ў ёй так шкрабанула. А потым раптам дайшло: я крыху ведаю прамоўцу, якая скардзілася на «сучасную моладзь»… і з'яўляецца амаль што маёй аднагодкай. Зрабілася чамусьці прыкра і няёмка — і за яе, і за сябе, як быццам нас усіх, каму за 30, адным махам запісалі ў шарэнгі старых.

5-33

У студэнцкія гады з падачы сяброўкі я захапілася валанцёрскім рухам — а канкрэтна археалагічнымі раскопкамі. Бязвыплатна і па добрай волі, аўтастопам, электрычкамі, веласіпедамі… Штогод на месца іх правядзення пад Полацкам збіраліся самыя розныя людзі — студэнты і школьнікі, гараджане і вяскоўцы, фізікі і лірыкі, беларусы і замежнікі, каго вабілі гісторыя роднай зямлі і дух прыгод. Менавіта там, у археалагічным летніку, мы пазнаёміліся з Жэняй. Яна працавала, здаецца, у выдавецтве, мела ўжо дваіх даволі дарослых дзяцей і па мерках 18–20‑гадовых юнакоў і дзяўчат магла б здавацца «старой». Але не ўспрымалася так, хоць трэсні. Лёгкая на пад'ём, абаяльная, усмешлівая, Жэня ніколі не ціснула на нас «дарослым» аўтарытэтам і не парывалася вучыць з вышыні жыццёвага вопыту. Можа, таму яна стала абсалютна «сваёй» у гэтай разнашэрснай маладзёжнай кампаніі, а мы ніводнага разу не парываліся зваць яе імем па бацьку і, здаецца, так і не даведаліся, колькі ж ёй насамрэч гадоў.

Мабыць, менавіта пасля гэтага знаёмства я канчаткова ўсвядоміла, што і сталасць, і старасць, і нуднае маралізатарства не залежаць ад пашпартнага ўзросту — яны жывуць у кожнага ўнутры, ці то ў галаве, ці то ў сэрцы. Даводзілася бачыць зусім яшчэ маладых людзей, якія разважалі і паводзілі сябе, як старыя, і жвавых пенсіянераў, хто мог даць фору ўнукам у арганізацыі турыстычных вылазак ці кухонных пасядзелак пад гітару, і ўсё гэта — без аніякага налёту ненатуральнасці, штучнага панібрацтва, змучанага памкнення «маладзіцца»… Доўга спрабавала здагадацца, што іх няўлоўна аб'ядноўвае. І, здаецца, вывела пэўную формулу. Маладыя або тыя, хто адчувае душэўную маладосць, нягледзячы на ўзрост, хочуць разбурыць стэрэатыпы, раскачаць, перакуліць з ног на галаву, перарабіць да лепшага ўвесь свет; старыя ж імкнуцца так ці інакш наставіць на правільны шлях, падагнаць пад правілы і нормы, перарабіць іншых людзей. У першых часам атрымліваецца, у другіх — атрымліваецца, як правіла, не дасягнуць чаканага выніку, але справакаваць канфлікт з тымі, хто «перарабляцца» не жадае.

Дасюль, калі хто са знаёмых катэгорыі «30+», няхай сабе і з вялікім «хвастом», раптам заводзіць пласцінку «вось у наш час…» і іншыя сентэнцыі пра макрэйшую ў мінулым ваду і зелянейшую траву, я ледзь стрымліваю нервовыя смяшынкі. Прызнайцеся шчыра, хіба час быў хоць калісьці цалкам бестурботны да невыноснай лёгкасці быцця? Або гэта ўсё ж уласцівасць маладосці — верыць у сябе, бачыць мэту, не заўважаць перашкоды і запамінаць пераважна добрае? А потым спіраль робіць чарговы віток, і вось ужо мы, як калісьці нашы бацькі, бабулі, прадзядулі, заўважаем хібы новага падрастаючага пакалення. І можна паспрабаваць змяніць іх — сваіх дзяцей і ўнукаў, але, магчыма, варта найперш успомніць сябе маладога і разам з імі змяніць да лепшага свет? Або паказаць прыклад — і пачаць з сябе. Што, як заўжды, аказваецца самым цяжкім.

А вы як думаеце, ці справа ў часе?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.