Вы тут

У каго заўжды ўсе дома


Не мае паху, не выклікае алергіі… Мара, а не гадаванец

Калі вы жывяце ў гарадской кватэры і — што яшчэ горш — не ў сваёй (здымаеце ці туліцеся ў родзічаў), і пры гэтым маеце цёплыя пачуцці да жывёльнага свету, вы, напэўна, не раз пакутавалі праз немагчымасць завесці хоць якую жыўнасць.

Сабаку трэба выгульваць. Кошка — свавольніца. Хамячкі жывуць мала, а мышэй і пацукоў баіцца ваша цётка. Што ж, можна завесці чарапашку…

5-28

Або — смаўжа.

Па статыстыцы адной з самых буйных супольнасцяў смоўжагадоўцаў, у Беларусі трымаюць смаўжоў 214 чалавек, з іх 87 — у Мінску. Часцей за ўсё такім людзям задаюць пытанні кшталту: «Ён што, сапраўды табе падабаецца?», «Што ён есць?», «Дзе ён жыве?». Першае — справа сімпатый (іншыя жывуць і з менш прывабнымі істотамі — і нічога). Аднак, калі вы агораеце сваю прадузятасць, усе плюсы стануць відавочнымі: смоўж маўклівы, есць мала, з тэрарыума не збяжыць, пастаяннай увагі не патрабуе. Што хаваць — гэтая істота больш самадастатковая нават за кошак. Да таго ж, смаўжыная слізь (усё не так страшна, як гучыць) валодае амаладжальным эфектам, чым у Заходняй Еўропе даўно карыстаюцца: у салонах прыгажосці трымаюць з касметычнымі мэтамі асобны «смаўжыны штат».

Achatіna — род гіганцкіх смаўжоў родам з Афрыкі (на поўдзень ад Сахары), астравоў Сан-Тамэ, Прынсіпі і Мадагаскар. У Еўропу ахацін пачалі вывозіць з канца XVІІ стагоддзя. Іх вырошчвалі дзеля прыгажосці, на пацеху, у гастранамічных мэтах, а з нядаўняга часу, як мы ўжо казалі, і ў касметычных. Існуюць цэлыя фермы, дзе гадуюцца ахаціны на продаж.

Найбольш папулярныя ў Беларусі віды ахацін — фуліка і рэцікулята, але маюцца таксама імакуляты, альбапікты, глуцінозы, лімонныя ахаціны, штульманы і інш. Падзяляюць іх на віды паводле афарбоўкі і формы ракавіны, а таксама паводле афарбоўкі галавы і нагі смаўжа (нагой называецца ўсё тое, што не галава).

Унутраныя органы ахаціны — сэрца, страўнік, лёгкія і іншыя — абараняюцца ракавінай. Таму вельмі важна запомніць адно правіла: за ракавіну смаўжа не цягнуць! Іначай рызыкуеце справакаваць выпадзенне, а гэта надзвычай жудаснае відовішча: цела смаўжа выслізгвае з ракавіны, унутраныя органы аказваюцца звонку, і канец усяму гэтаму заўжды сумны (хоць пры вялікай удачы частковае выпадзенне яшчэ можна выправіць).

На кончыках рожак смаўжа знаходзяцца вочы, а ніжнія шчупальцы адказваюць за нюх, а дакладней — «хімічнае пачуццё»: так, ахаціна можа ўчуць ежу за 0,5 метра. Слых у ахаціны адсутнічае, так што вашы музычныя густы яна не асудзіць. «Яна» можна сказаць хіба што ўмоўна, бо ахаціна — гермафрадыт. Праз 1–2 тыдні пасля «вяселля» больш моцная асобіна адкладае яйкі, якіх можа быць да 400 штук. Але не ўсе віды ахацін могуць спарвацца і суіснаваць у адной прасторы, таму перад гэтай адказнай аперацыяй, што называецца, пракансультуйцеся ў спецыялістаў.

Ахаціна вядзе начны лад жыцця: вы кладзяцеся спаць, а яна выпраўляецца есці і поўзаць па сваім маленькім царстве. Яно, дарэчы, не павінна быць занадта малым. Розныя віды ахацін дасягаюць розных памераў (некаторыя — да 30 см), але ўсім ім патрэбная прастора — у сярэднім 15 літраў на асобіну. Тэрарыум можа быць шкляным ці пластыкавым. Пластыкавы, вядома, больш зручны: ён лёгкі, яго прасцей мыць, ён не паб'ецца пры неасцярожнасці. Але тут трэба быць пільным. Калі абіраеце пластыкавы кантэйнер (звычайна такія прадаюцца для адзення; купіць яго можна, напрыклад, у заакраме ці ў любым супермаркеце), не пасаромейцеся як след да яго прынюхацца. Ад пластыку не павінна тхнуць хіміяй. Смаўжы — надзвычай чуйныя да ўсялякай хіміі, і пара гадзін у такім смярдзючым кантэйнеры скончыцца для вашага маленькага сябра смерцю. Каб быць зусім спакойным, памыйце кантэйнер з гаспадарчым мылам, абліце кіпнем і пакіньце закрытым на дзве гадзіны. Калі праз гэты час хімічны пах не выявіцца, смаўжа можна смела засяляць, папярэдне яшчэ раз праветрыўшы кантэйнер.

Подсцілкай для ахаціны можа быць сфагнум або какосавы субстрат (прадаюцца ў крамах кветак і насення). На пілавінні смаўжа трымаць нельга. Сфагнум трэба апрацаваць кіпнем і прасушыць, субстрат — размачыць у гарачай вадзе і адціскаць да той пары, пакуль вада, якая сцякае, не страціць рудаватае адценне. Слой подсцілкі мусіць быць дастаткова тоўсты, каб смоўж мог закапацца ў яго (так ахаціна днюе). Можна пакласці ў тэрарыум сук, але абкораны і тэрмічна апрацаваны (іначай могуць завесціся паразіты, а смоўж, як вы зразумелі, вельмі далікатная істота). Шкляныя і керамічныя ўпрыгажэнні забароненыя — смоўж можа пашкодзіць ракавіну. Таксама трэба быць асцярожным са штучнымі раслінамі — мы помнім, ніякай хіміі. Мой Цэзар (Achatіna retіculata) жыве ў пластыкавым кантэйнеры на 18 літраў, на какосавым грунце з купкай моху ў куце.

Яшчэ адна заўвага: тэрарыум мусіць мець вентыляцыю (дастаткова некалькіх адтулін у крышцы, напрыклад). Таксама ў доме смаўжа мусіць падтрымлівацца вільготнасць (вялікая, але каб грунт не «пацёк») і тэмпература — не менш як 25 °C. З нашымі зімамі і ацяпленнем ёсць тры выйсці: ставіць тэрарыум каля батарэі (што не вельмі карысна, бо грунт перасыхае), падкладаць звычайную грэлку, купіць тэрмадыванок.

Калі казаць пра харчаванне, тут ёсць адно вялікае, непарушнае і страшнае правіла: ніякай солі. Соль — смерць. Нельга даваць марынаваную гародніну, пасоленыя кашы. Нічога смажанага. Асноўны рацыён ахаціны — свежая гародніна (гуркі, памідоры, кабачкі, капуста, морква, бурак, гарбуз і інш.), садавіна (бананы, яблык, груша, сліва, кавун, дыня і інш.), самая разнастайная зеляніна, крупы (звараныя без солі альбо перамеленыя ў муку грэчка, аўсянка, рыс, пярлоўка і інш.). Падрабязны спіс знайсці вельмі лёгка. Існуюць яшчэ і падкормкі, без якіх ваш смоўж будзе расці цяжка і доўга. Для ракавіны яму патрэбна шмат кальцыю, які знаходзіцца ў сепіі (панцыр каракаціцы), ракушачніку, шалупінні яек (перамалоць на муку). Неабходны бялок смоўж атрымае з дафніі (корм для рыб) і гамаруса (высушаныя рачкі), але іх трэба даваць памалу. Усё гэта лёгка знайсці ў заакрамах, і каштуе яно танна.

Ежу смаўжу нельга класці проста на грунт: можна выкарыстаць ліст салаты альбо паставіць невысокую талерачку (некерамічную). Можна паставіць паілку, але неглыбокую — калі смоўж яшчэ малы, ён можа і ўтапіцца. Далікатны момант: смоўж пакідае арганічныя адходы, якія трэба рэгулярна прыбіраць.

Для таго, каб ракавіна смаўжа не слаілася, лепш расла і ўвогуле выглядала прыгожа, раз на тыдзень яе трэба змазваць спецыяльным маслам (прадаецца ў ветаптэках і заакрамах).

Ахаціна вельмі любіць водныя працэдуры. Але нельга садзіць яе ў ванну — там могуць застацца нябачныя воку рэшткі шампуні і іншых хімічных сродкаў. Трымайце смаўжа ў руцэ альбо пасадзіце на адмысловую паверхню і паднясіце да сярэдняй моцы струменя пакаёвай тэмпературы. Вельмі пацешна назіраць за тым, як смоўж выцягваецца і лашчыцца пад вадою. Але ў хларыраванай вадзе такі від купання забаронены. У такім разе альбо купайце смаўжа ў загадзя адстоенай вадзе, альбо «астуджайце» яго пульверызатарам.

У навуковай літаратуры пішуць, што смоўж не пазнае гаспадара, але ў гэта цяжка паверыць, калі бачыш, як прыветна цягнецца да цябе яго смешная мордачка. Жывуць смаўжы, дарэчы, да 10 гадоў.

Адам БЕЛЬЧЫК

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.