Вы тут

Зімовы веласіпед — гэта рэальна!


Катацца без праблем можна ў любое надвор'е

Здавалася б, зіма, гурбы снегу, галалёд — ледзь на нагах трымаешся… Што тут думаць пра любімы велік, які стаіць на балконе, чакаючы надыходу вясны? Насамрэч, няма нічога немагчымага. І ўсё часцей на вуліцах горада сустракаюцца людзі на роварах — і на выгляд, неблага сябе пачуваюць. А што перашкаджае вам зрабіць тое самае? Пра ўласны вопыт распавяла актывістка беларускага грамадскага аб'яднання «Пазітыўны рух» Таццяна ЖАРНАСЕК. Дзяўчына актыўна катаецца на ровары зімой і можа даць некалькі карысных парадаў для пачаткоўцаў.

Уся справа ў шынах

5-27

Напэўна, пачаць аповед варта з самага істотнага — колаў. Узімку звычайныя шыны лепей замяніць на зімовыя. Адрозненне ў тым, што на зімовых шынах ёсць спецыяльныя жалезныя шыпы, якія забяспечваюць лепшае счапленне са слізкай дарогай. Па кошце гэта выйдзе прыкладна ў паўтара мільёна беларускіх рублёў за пару.

—Я ведаю аматараў, якія робяць зімовыя покрыўкі самі, — распавядае Таццяна. — У звычайную покрыўку яны ўстанаўліваюць шрубы. На мой погляд, гэта крайні варыянт. Калі ездзіце многа, то ўсё ж лепш мець зімовыя шыны з шыпамі. Якім бы ты ні быў тэхнічным гоншчыкам, усё роўна ўзімку слізка, і таму невядома, чым можа адгукнуцца любое падзенне. Ведаю, што многія не мяняюць шыны, хаця гэта даволі рызыкоўна.

Круці педалі!

Тэхніка язды залежыць ад надвор'я. Нават узімку асфальт бывае чыстым, і тады ніякай цяжкасці для перасоўвання на ровары няма. За адным «але»: зімовыя покрыўкі больш цяжкія і ад гэтага будзе цяжэй выкручваць педалі. Ад слізкага асфальту ратуюць зімовыя шыпы.

—Што датычыцца лясных і вясковых сцежак, то тут усё залежыць ад таго, як утаптаны снег, — тлумачыць дзяўчына. — Калі ён цвёрды і замерзлы — тады ехаць лёгка. А патрапіўшы на рыхлы снег, давядзецца папацець. Раю рабіць наступным чынам: увесь час круціць педалі, не спыняючыся. Перадачкі лепш ставіць больш цяжкія (меншую зорачку на заднім пераключэнні і большую на пярэднім, але з разлікам, каб гэтую перадачку магчыма было выкруціць).

Магчыма катацца таксама і па лёдзе — часам атрымліваецца нават лепей, чым перасоўвацца па замерзлым асфальце. Аднак ведайце меру: на каткі лепш не лезці, бо покрыўкі пашкодзяць лёд. Што тады застанецца аматарам іншых відаў актыўнага адпачынку?

Зручна і модна:як апрануцца?

Звычайна заўзятыя велааматары набываюць сабе камплект тэрмабялізны. Праўда, па падліках, нават простая экіпіроўка з кальсонаў і майкі каштуе прыкладна, як пара зімовых шын. Таццяна ж адзначае: калі няма велаформы і якаснай тэрмабялізны — не перажывайце, выйсце ёсць і ў такіх сітуацыях. Выбіраючы вопратку для катання на ровары, сачыце, каб было цёпла ў ногі, вушы, шыю, спіну і пальцы. Сыходзячы з гэтага, прыкідваем гардэроб: доўгую майку можна заправіць у штаны (вы ж не здагадаецеся ездзіць у спадніцы?). Ёсць камбінезон — выдатна! Таксама варыянт — світар з высокім горлам, калі няма менавіта з «горлам», проста наматайце на шыю шалік. Абавязкова трымайце ў цяпле рукі: без пальчатак ці рукавіц доўга не пратрымаецеся. Калі на вуліцы вельмі холадна, можна апрануць і дзве пары. І не забудзьцеся пра шапку!

—Я аддаю перавагу большай колькасці цёплых кофт, а зверху апранаю вятроўку, — дзеліцца вопытам Таццяна. — У даўгім паліто альбо шырокай куртцы не надта зручна ездзіць. Улічвайце такі момант: вы будзеце ўвесь час рухацца, а ў цёплым пухавіку можна моцна ўспацець, што таксама не надта прыемна.

Ці патрэбны веласіпедысту шлем?

—Па горадзе я езджу без шлема, — выдае сакрэт веласіпедыстка. — Апранаю яго толькі ў тых выпадках, калі выязджаю на складаныя лясныя трасы альбо на спаборніцтвы. Не здымаю зімой і спецыяльныя роварныя туфлі, якія выглядаюць як звычайныя красоўкі, але затое прышпільваюцца да педаляў. Каб не макрэлі ногі, апранаю дзве пары шкарпэтак, а паміж імі яшчэ поліэтыленавыя пакецікі.

На ровар трэба ўстанавіць ліхтарык: усё ж узімку цямнее рана. Прычапіць яго можна як спераду, на мацаванні руля, так і ззаду, на раму. Ёсць і спецыяльныя насадкі на ніпелі, якія свецяцца, калі кола круціцца. А некаторыя аматары чапляюць «святло» сабе на лоб.

Нічога звышасаблівага ў доглядзе ровара зімой няма. Зразумела, пасля кожнай пакатушкі трэба чысціць ланцуг і добра змазваць яго, а пры неабходнасці можна змазаць і вілку. Цалкам разбіраць і змазваць ровар лепей пасля зімы.

Ну што, паехалі?

Кацярына РАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».