Вы тут

Хрысціць ці не хрысціць немаўлят?


Святлана СТАРАВОЙЦЕНКА, спецыяліст «Белдзяржстраха»:

— Мы з хрэсьбінамі не спяшаемся. Я ўпэўнена, што ў кожнага дзіцяці, хрышчонае яно ці не, ёсць свой анёл-ахоўнік. Сваю першую дачку я пахрысціла, калі ёй было тры гады. Для яе гэта была сапраўдная падзея: мы разам з ёю выбралі хросных бацькоў, рыхтавалі белую сукенку і хустачку. Потым малая яшчэ доўга прапаноўвала знаёмым паглядзець на яе крыжык... Сёння яна ўжо падлетак, добра разумее, што яна хрышчоная, наведвае храм і мае добрыя адносіны са сваёй хроснай мамай.

Нядаўна ў нашай сям'і адбылося папаўненне. І так атрымліваецца, што мы ізноў не спяшаемся з хрэсьбінамі. Яны абавязкова будуць, толькі ў свой час, калі для гэтага будзе спрыяльны настрой, абставіны і жаданне.

Павел СЯРДЗЮК, настаяцель прыхода храма Свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску:

— Каб вырашыць, хрысціць немаўля ці не, неабходна зразумець сэнс хрышчэння. Хрысціць немаўля патрэбна ў тым выпадку, калі яго бацькі хрысціяне. Гэта тыя людзі, якія сябе і сваё жыццё выбудоўваюць па хрысціянскіх запаведзях, стараюцца ўвасабляць у сваім жыцці Евангелле. Хрышчэнне — гэта не індывідуальная падзея чалавека, гэта нараджэнне чалавека для жыцця з Богам у хрысціянскай супольнасці. Праз хрышчэнне чалавек далучаецца да арганізма Царквы і людзей, якія маюць зносіны з Богам.

Але тая практыка і тое разуменне хрышчэння, якія пануюць ў нецаркоўнай сферы, прымушаюць, мякка кажучы, жахацца. Хрысцяць для таго, каб дзіця не хварэла, каб не сурочылі, для таго, каб была абарона... А механізмы гэтай абароны людзі сабе слаба ўяўляюць. Хрысцяць быццам бы па інерцыі. Сённяшняя сітуацыя ў нашых храмах паказвае, што калі мы возьмем кнігі рэгістрацыі хрышчэння і тых, хто наведвае і моліцца ў храме, то мы ўбачым дзіўны дысананс: праз таінства хрышчэння праходзіць значна больш людзей, чым гатовых жыць паводле хрысціянскіх запаведзяў.

Калі мы возьмем Святое Пісанне, то ўбачым, што прамых спасылак «за» ці «супраць» хрышчэння немаўлят няма. Але ёсць адзін вельмі важны момант, звязаны са Старым Запаветам. Прыналежнасць да Богам абранага народу ўсталёўвалася на восьмы дзень пасля нараджэння дзіцяці (у немаўлят мужчынскага полу абразалі крайнюю плоць — гэта быў такі знак на целе). Старазапаветнае абразанне — гэта правобраз Новазапаветнага хрышчэння, і таму праваслаўная хрысціянская традыцыя і заходняя, рымска-каталіцкая, традыцыя здзяйсняюць хрышчэнне немаўлят. Але яно можа быць і тым дарам, які будзе закапаны і не запатрабаваны чалавекам. І прыкладаў таму нямала.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.