Вы тут

Пачуйце стук з неба...


Мы ўсе на працягу жыцця сутыкаемся з цяжкасцямі. Вучымся іх пераадольваць ці прымаць. Змагаемся ці апускаем рукі. Пакутуем ці шукаем карысць. Дабрачынная дзейнасць «Клуба 5000» навучыла мяне таму, што ў жыцці нічога не здараецца проста так. Клуб навучыў замест адчайнага «за што?» задаваць пытанне «для чаго?».

Без имени-10

Пяць гадоў таму мяне збіла машына. Гэта была цяжкая аварыя — некалькі аперацый, доўгае лячэнне, марудны шлях рэабілітацыі. Але сёння я гляджу на тую падзею як на самую шчаслівую ў сваім жыцці. Менавіта тады, лежачы ў бальніцы, не здольная паварушыцца, я звярнула ўвагу на хлопца, які даўно спрабаваў гэту ўвагу заваяваць. Толькі дзякуючы аварыі я ацаніла яго клопат, разгледзела патэнцыял і закахалася.

Страшнае здарэнне падарыла мне мужа. А разам з ім ланцужком прыйшлі і новая работа, і актыўная дзейнасць, і стварэнне самога «Клуба 5000». Нічога гэтага не было б, калі б не ДТЗ. Што ні здараецца — усё да лепшага.

…Мая знаёмая кахала хлопца. А ён выбраў іншую. Столькі пакутаў было, столькі слёз выплакана, яна нават да самагубства дайшла. Уратавалі. Дзяўчына хадзіла ценем гадамі. Пасля знайшла сваё шчасце, акрыяла, расквітнела. А той, першы яе кавалер, адчуў у сабе нетрадыцыйную арыентацыю. Пакінуў сям'ю з дзецьмі, пайшоў да мужчыны. «Уратаваў мяне Гасподзь, — кажа знаёмая. — Уратаваў ад большага гора. Тады я з цяжкасцю перажыла здраду, а цяпер бы не здолела». Калі мы думаем, што здарылася самае страшнае, трэба проста прыгадаць: магло быць яшчэ горш.

…Алена нечакана трапіла ў бальніцу — імгненна на аперацыйны стол. У маладой жанчыны адкрыўся ўнутраны крывацёк. Заўсёды актыўная, пазітыўная, яна, збялелая, ляжала на шпітальным ложку і… усё адно ўсміхалася.

Аперацыя прайшла ўдала. А падчас яе ўрачы заўважылі і выправілі невялікую прыродную анамалію, праз якую ў Алены магло ніколі не быць дзяцей. Цяпер яны з мужам рыхтуюцца да папаўнення ў сям'і.

…Адзінокая саракагадовая Валянціна, якая так шмат цягне на сваіх плячах, раптоўна захварэла. Дыягназ сур'ёзны. Я думаю, чым суцешыць яе, як дапамагчы і абудзіць веру. І за што ёй такое пакаранне? Добрая, спагадлівая, цярплівая і бяскрыўдная. За што? І тут жа перафармулёўваю: для чаго? Адказ прыходзіць імгненна. Каб пабыць слабай. Каб зняць з сябе адказнасць, адчуць клопат, стаць маленькай і безабароннай. Яна так стамілася несці ўсё на сваіх плячах, што яе істота просіць міласці: дайце перадыхнуць, дайце пабыць жанчынай. І пакуль істота прасіла, Валянціна не слухала яе, не чула з прычыны тых жа штодзённых клопатаў: здабыць, пракарміцца, адрамантаваць, «каня на скаку спыніць»… У істоты не засталося выбару. Каб яе пачулі, яна здалася і ўпала беспрытомнай.

Тое самае з дзіцячай анкалогіяй. Я перакананая, што праз найцяжэйшае выпрабаванне — хваробу дзіцяці — Гасподзь спрабуе дастукацца да бацькоў, сваякоў ці саміх хворых. Напэўна, Ён і раней стукаў. Але Яго не чулі. І стук становіцца грамчэйшым, страшнейшым, пераходзіць у звон і гучыць прыгаворам. Дык вось, калі пытацца ў Бога «за што?» замест «для чаго?» — значыць, так і заставацца глухім да Яго.

…У Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі перадаём падарунак для Васі. Хлопчык у коме. Сустракаемся з матуляй.

«Гэта машынка жоўтая, — заўважае Васева маці. — Ён не хоча жоўтую машынку. У вас ёсць такая ж, толькі зялёная?»

Няма. Давайце тады выберам іншы падарунак.

Салдацік? Не, ён не гуляе ў салдацікаў. Дайце нам планшэт. Я дакладна ведаю, што Васю парадуе планшэт. Яму цяпер так патрэбны станоўчыя эмоцыі, ну дайце нам планшэт.

І крыўдна за Васю, і сорамна за яго маму. І шкада, што яна не чуе, як Бог б'е ў званы, насылаючы пакуты на яе сына.

…У Соні пухліна галаўнога мозгу. Яе тата п'е, як і большасць мужчын у іх вёсцы. На маці — гаспадарка, дом, дзеці. У Соні ёсць яшчэ старэйшы брацік і сястрычка. Калі тата напіваецца, то выганяе іх разам з маці на вуліцу. У мароз, ноччу. Без адзення. Яны церпяць, а назаўтра, калі бацька ачуняе, робяць выгляд, што нічога не здарылася. Калі Соня была маленькай, ён біў яе галавой аб сценку. А цяпер у Соні пухліна. І ўрачы сказалі, што нічога больш зрабіць не могуць. Матуля і гэта даравала бацьку, не пачуўшы стук з неба.

…Лейкоз забраў сына ў адной сям'і. Не дапамаглі і сабраныя на лячэнне грошы. Суму ў некалькі тысяч еўра яны вырашылі патраціць на… помнік. Валанцёры «Клуба 5000» падказалі іншы варыянт — пералічыць грошы таму, чыё жыццё яшчэ можна ўратаваць. Але сваякі непахісныя: сродкі сабралі для нашага хлопчыка, на яго і будуць патрачаныя. «Так прынята — ставіць шыкоўныя помнікі маладым. Нас не зразумеюць, калі не паставім». Яны застаюцца глухімі да слоў валанцёраў пра тое, што хлопцу цяпер не патрэбны манумент, а патрэбны іх добрыя справы. Глухія да таго, што могуць выратаваць тут жыццё, а сыну там гэта залічыцца. Глухія да гучнага стуку з неба.

…Мама Наташы працуе ў лабараторыі пры раённай паліклініцы. Ёй не падабаецца браць аналізы. Яе ванітуе ад паху, што суткамі стаіць у лабараторыі. Яна не выносіць сваю начальніцу і калег. І яна (гэта паміж намі) часам піша вынікі «з галавы» ці на «вока», не праводзячы аналіз.

Аднойчы Наташына мама проста не пайшла на работу. А начальніцы схлусіла, што дачка захварэла. «Пракаціла». І яна перыядычна карысталася такім метадам, а пасля насіла хабар педыятру, каб той выпісваў бальнічны ліст на дачку. А потым ёй спатрэбіўся сапраўдны бальнічны. У гэтай жа лабараторыі выявілі, што ў Наташы рак.

Можа, даўно варта было змяніць працу ці нават пераехаць у іншы горад? Можа, і Наташу чакаў бы іншы лёс? Стук з неба становіцца грамчэйшым, калі яго не чуюць.

…Пеця доўга і цяжка лячыўся ад анкалогіі. Разам з фізічнай хваробай перанёс і псіхічны зрыў. Але ён выстаяў. Хлопец у стойкай рэмісіі. Цяпер ён дапамагае людзям, на долю якіх выпадаюць цяжкія выпрабаванні, накіроўвае іх думкі і настрой, аказвае маральную падтрымку.

Саша таксама прайшоў праз агонь, ваду і медныя трубы: была і хіміятэрапія, і прамянёвае лячэнне, і гармонатэрапія, і перасадка касцявога мозгу, і ўсе неспрыяльныя наступствы гэтага. Ён здолеў выжыць. Цяпер Саша жыве з каханай жонкай ва ўласнай кватэры, пабудаванай у крэдыт. Калекцыянуе прадметы даўніны — хоча захаваць гісторыю свайго краю. Збірае ваенныя экспанаты і ладзіць грамадскія выставы, ушаноўваючы подзвіг малых і вялікіх, вядомых і безыменных герояў Вялікай Айчыннай вайны. Саша малюе родную прыроду, стварае макеты мясцовых цэркваў і касцёлаў. Праз свае захапленні атрымаў пасаду супрацоўніка музея. Ён любіць свой край і прывівае любоў да вёскі моладзі.

Саша шчаслівы. Як і Пеця. Таму што некалі хлопцы прыслухаліся і пачулі стук з неба.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА,

заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.