Вы тут

Усім выйсці з сеціва!


У сучасных дзяцей, здаецца, не засталося часу на жывыя стасункі. Яны гадзінамі сядзяць за маніторамі і нават не рэагуюць на нейкія знешнія раздражняльнікі. Узнікае пытанне: а дзецям патрэбны камп'ютар? Давайце азірнемся навокал: камп'ютарызаванае ў нашым свеце ўжо ўсё, што можна. Значыць, дзіця адназначна павінна разбірацца ў гэтым. Іншая справа, чаму прысвячаецца час за камп'ютарам і колькі гэта доўжыцца.

—Простыя гульні, створаныя для адпачынку, адначасова могуць і развіваць — маторыку, увагу, хуткасць рэакцыі і г. д., — кажа ўрач ультрагукавой дыягностыкі 3‑й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Вераніка ПРАЛЕСКА. — Інтэлектуальныя «лабірынты» і іншыя гульні станоўча ўплываюць на аналітычнае мысленне і здольнасць да планавання. Карысныя навыкі і ўменні дапамагаюць развіць самыя розныя віртуальныя праграмы, энцыклапедыі і г. д. Аднак у захапленні ўсім гэтым ёсць і адмоўны бок — кампенсаторна-замяшчальныя паводзіны.

5-20

Гэта азначае, што на ўзроўні падсвядомасці гульнявая рэальнасць становіцца для дзіцяці рэальнасцю жыцця. Дарэчы, падобным чынам фарміруецца і залежнасць ад тэлебачання: дзіцяці больш падабаецца перажываць цікавае жыццё мультыплікацыйных і тэлевізійных герояў, чым сваё ўласнае, не такое багатае на весялосць, прыгоды, дасягненні, перамогі.

Асабліва небяспечнымі з'яўляюцца ролевыя камп'ютарныя гульні, калі гулец бярэ на сябе ролю камп'ютарнага персанажа. Віртуальная рэальнасць фарміруе нерэальны свет з эфектам прысутнасці. Такія гульні парушаюць псіхічны стан, мяняюць уяўленне чалавека пра сябе і наваколле, спрыяюць трывозе і дысгармоніі.

У гульні ёсць яшчэ адна асаблівасць: штораз пасля вынішчэння персанаж ажывае, ён бессмяротны. Гэты факт абавязкова адбіваецца на ўспрыманні каштоўнасці жыцця, сцірае мяжу паміж жыццём і смерцю, а значыць, развівае схільнасць да рызыкоўных паводзінаў.

Адкуль бярэцца празмернае захапленне камп'ютарнымі гульнямі?

1. У першую чаргу яно ўзнікае з прычыны недахопу нейкіх сур'ёзных рэчаў у рэальным жыцці. І размова не пра матэрыяльнае, вядома. Дзеці не адчуваюць сябе паспяховымі, яны не могуць перажыць адчуванні радасці, звязаныя са сваімі поспехамі. Міфічны свет забяспечвае ім сурагатную ўтульнасць.

2. Пагружэнне ў віртуальнае нярэдка звязана з канфліктам пакаленняў, дрэннымі стасункамі паміж самымі блізкімі — татам і мамай, братамі/сёстрамі. У сям'і гэтыя праблемы ніхто не абмяркоўвае, не вырашае, а дзіцяці складана гэта перажываць, і яно шукае суцішэння за маніторам.

Рэгламентаваць «стасункі» з камп'ютарам гэтак жа бессэнсоўна, як і забараняць. Гэта прыводзіць толькі да таго, што дзеці імкнуцца падманваць: гуляюць, калі бацькі не бачаць, кажуць, што час яшчэ не выйшаў… Бацькі павінны шукаць у жыцці і інтарэсах дзіцяці тое, што змагло б стаць альтэрнатывай камп'ютарнай гульні. Ёю могуць стаць хатнія гульні, нейкія сямейныя акцыі, святкаванні важных падзей, вядзенне сямейнага альбома, даследаванне генеалагічных каранёў і інш.

Праблема камп'ютарнай залежнасці і негатыўнага ўплыву камп'ютарных гульняў стала актуальнай амаль для кожнай сям'і. Таму заўсёды спрабуйце зразумець сутнасць выбранай дзіцем гульні. Лепей скіроўваць іх на будаўніча-эканамічныя стратэгіі, у бок футбольных менеджараў і некаторых відаў квестаў (з прыгодамі, галаваломкамі), для дашкольнікаў падыдуць вучэбна-гульнявыя праграмы, якія дапамагаюць засвоіць замежныя мовы, матэматыку, гісторыю і г. д.

 Няспынная праца на камп'ютары для вучняў сярэдніх класаў — не больш за 2 гадзіны, для малодшых дзяцей — 15 хвілін.

 Сядзець за дысплеем трэба так, каб цэнтр экрана знаходзіўся на лініі позірку.

 Экран павінен знаходзіцца на адлегласці 60–70 см ад вачэй.

 Калі афтальмолаг прапісаў дзіцяці акуляры, абавязкова трэба карыстацца імі падчас заняткаў на камп'ютары.

 Прывучайце дзіця праз 15–20 хвілін рабіць перапынкі, міні-зарадку і зарадку для вачэй.

 Замест звычайных крэслаў лепей паставіць спецыяльныя, зручныя, падабраныя па росце. Спіна і ступні атрымаюць апору, а мышцы спіны і перадплечча менш напружваюцца.

 Навучыце дзіця па завяршэнні працы на камп'ютары мыць твар халаднаватай вадой.

 Выбірайце карысныя заняткі — карыстанне тэкставымі рэдактарамі, маляванне, складанне графікаў.

Заўсёды пазбягайце крайнасцяў. Празмернае захапленне камп'ютарам зніжае рухальную актыўнасць, надзвычай неабходную дзецям для нармальнага фізічнага развіцця. Так што запісвайце дзяцей у спартыўныя секцыі, басейн. Сачыце, каб рухавыя гульні на свежым паветры былі ў вашага дзіцяці штодня.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.