Вы тут

Кібаргі апануюць планету


5-47Вучоны-фізік Луіс Дэль Монтэ заявіў, што да 2045 года пануючым відам на Зямлі можа стаць зусім не чалавек, а робат. Такім чынам, кібаргі могуць запаланіць планету.

На думку аўтара кнігі «Рэвалюцыя штучнага інтэлекту» Луіса Дэль Монтэ, ужо наступнае пакаленне можа заспець тэхналагічную сінгулярнасць — выбухападобны рост хуткасці навукова-тэхнічнага прагрэсу, які прадугледжвае стварэнне самаўзнаўляльных машын, інтэграцыю чалавека з вылічальнымі машынамі альбо значнае павелічэнне магчымасцяў чалавечага мозгу за кошт біятэхналогій, паведамляе Busіness Іnsіder.

Вялікі паварот, паводле ацэнак навукоўцаў, адбудзецца літаральна зараз — на працягу наступных 30 гадоў. «Гэта не будзе сцэнарый «Тэрмінатара», вайны быць не павінна, — кажа Дэль Монтэ. — Але ў першае дзесяцігоддзе постсінгулярнасці машыны будуць ператвараць людзей у кібаргаў. Эфектыўнасць аўтаматызаваных сістэм у бізнесе вырасце ў разы ў многіх краінах. У Кітаі, напрыклад, яна ўжо падвоілася, калі аналізаваць рост ВУП на аднаго чалавека працаздольнага ўзросту».

«Да канца стагоддзя наш від у большасці сваёй ператворыцца ў расу кібаргаў — напалову людзей, напалову робатаў. Будзе зроблены прарыў да неўміручасці. Чалавецтва атрымае амаль неабмежаваны вольны час, і палічаць яго непрадказальным і небяспечным відам»,  — цытуе вучонага Russіa Today. Дэль Монтэ ўпэўнены, што машыны набудуць свядомасць і здольнасць да самаабароны: «Мы станем для іх разнавіднасцю небяспечных насякомых. Чалавек развязвае войны, здольны двойчы выпаліць зямны шар, робіць камп'ютарныя вірусы. Гэта не той сусед, з якім хочацца жыць побач».

Эксперымент, праведзены ў 2009 годзе ў Політэхнічнай школе Лазаны, паказаў, што робаты набылі здольнасць хлусіць. Яны павінны былі разам здабываць карысныя рэсурсы, пазбягаючы небяспечных. Да здзіўлення арганізатараў, машыны навучыліся падманваць адна адну, каб прыбраць больш рэсурсаў сабе. «Гэта значыць, што яны могуць таксама навучыцца самаабароне»,  — лічыць Дэль Монтэ.

Камень або НЛА?

5-40

На вугальным разрэзе ў Кузбасе гарнякі знайшлі аб'ект, які вельмі падобны на лятаючую талерку.

Дзіўны прадмет быў знойдзены на вугальным разрэзе пад горадам Бялова ў Кемераўскай вобласці на глыбіні каля 40 метраў. Гарнякі назвалі яго каменным дыскам продкаў. Пра дзіўную знаходку, якая вельмі падобная на НЛА, адзін з рабочых паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Артур Праснякоў апублікаваў у сеціве яе фатаграфію. Дыяметр даволі правільнага каменнага дыска складае 1,2 метра, а вага — каля 200 кілаграмаў.

Праснякоў таксама распавёў, што гэты дыск быў не адзіны. Такі ж прадмет, знойдзены там жа, разваліўся на часткі ад удару каўша экскаватара. На дадзены момант навукоўцы не могуць выказаць нават здагадку, з чаго зроблены неапазнаны аб'ект і чым ён з'яўляецца на самой справе.

Спецыялісты збіраюцца ўстанавіць паходжанне артэфакта. На кафедры археалогіі Кемераўскага дзяржаўнага ўніверсітэта заявілі, што па фатаграфіях складана вызначыць, самаробны гэта аб'ект або цуд прыроды. Фатаграфія і відэа, якія былі апублікаваныя Артурам Прасняковым, ужо абляцелі інтэрнэт. Некаторыя сеткавыя супольнасці запэўніваюць, што гэты аб'ект — сапраўднае НЛА.

 Брытанская армія ідзе ў інтэрнэт

5-41

Вялікабрытанія плануе стварыць спецыяльных салдат для працы ў Facebook і іншых сацыяльных сетках.

Улады Вялікабрытаніі афіцыйна абвясцілі, што ствараюць спецыяльныя войскі, закліканыя працаваць у Facebook, Twіtter і іншых сацыяльных сетках. Інтэрнэт-войскі ўжо атрымалі назву «Брыгада‑77». Яны будуць размяшчацца ў горадзе Хермітэйдж, графства Беркшыр. У «брыгаду» ўвойдуць 1,5 тысячы спецыяльна абучаных салдат, якія будуць праводзіць так званыя несмяротныя аперацыі.

Ваенныя набіраюцца з ліку журналістаў, а таксама іншых людзей, якія па сваёй прафесіі добра арыентуюцца ў інтэрнэт-прасторы ў цэлым і сацыяльных сетках у прыватнасці. Спецпадраздзяленне пачне працу ў красавіку 2015 года, паведамляе The Guardіan. Сваю назву «Брыгада‑77» атрымала ў гонар пяхотнай брыгады Chіndіts 77 — партызанскіх войскаў Брытаніі, якія ваявалі на тэрыторыі Бірмы падчас Другой сусветнай вайны. Войскамі камандаваў генерал-маёр Орд Чарльз Уінгейт.

Вайскоўцы ЗША і Ізраіля ўжо праводзяць падобныя аперацыі, акрамя таго, некаторыя дзяржавы маюць неафіцыйныя інтэрнэт-войскі. Стварэнне падраздзялення ў Вялікабрытаніі звязваюць з дзейнасцю тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», баевікоў у Бельгіі, а таксама з правядзеннем антытэрарыстычных аперацый у Францыі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.