Вы тут

Дэпутат павінен стаць памочнікам кіраўніку прадпрыемства


Старшыня Савета Рэспублікі сустрэўся з дэпутатамі мясцовых Саветаў Гомельшчыны

Дэпутаты Калінкавіцкага, Лоеўскага, Кастрычніцкага і Рэчыцкага раённых Саветаў дэпутатаў учора наведалі Савет Рэспублікі. Перад прадстаўнікамі мясцовай заканадаўчай улады выступіў Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня верхняй палаты парламента, з дакладам, прысвечаным ролі народных выбраннікаў у рэалізацыі даручэнняў Прэзідэнта краіны, дадзеных на сёмай пазачарговай сесіі Савета Рэспублікі. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў: дэпутат — гэта сувязное звяно паміж уладай і людзьмі, і важна, каб гэтае звяно было трывалым.

Міхаіл Мясніковіч імкнуўся правесці мерапрыемства ў дастаткова вольным рэжыме, каб усе яго ўдзельнікі маглі падзяліцца сваімі назіраннямі, поглядамі. Па яго словах, шчыры абмен думкамі спрыяе таму, каб патэнцыял дэпутацкага корпусу выкарыстоўваўся на поўную моц. Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што 19 тысяч абраных па ўсёй краіне дэпутатаў — гэта значная сіла і лепшыя людзі краіны.

— Хацелася б, каб мы задаліся пытаннем: наколькі эфектыўная наша з вамі праца, наколькі яна апраўдвае спадзяванні нашых выбаршчыкаў, насельніцтва, — разважаў старшыня верхняй палаты, заўважыўшы, што часам даводзіцца чуць: маўляў, пра выбаршчыка ўспамінаюць напярэдадні выбараў.

— Гэта няпраўда, — абверг такое меркаванне ён. — У краіне створана сістэма работы з насельніцтвам, яна дзейнічае дастаткова эфектыўна. Але жыццё вельмі разнастайнае і запатрабаванні людзей увесь час мяняюцца. Таму ўлада павінна пастаянна ўдасканальваць сваю працу з людзьмі — для таго, каб ведаць пра ўсе існуючыя праблемы ў штодзённым жыцці, на прадпрыемствах і, безумоўна, для таго, каб прымаць адпаведныя кіраўнічыя рашэнні.

Міхаіл Мясніковіч упэўнены, што мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны працаваць у цесным кантакце з выканкамамі.

— Калі не будзе неабходнага ўзроўню працы, узаемапаразумення паміж райвыканкамам і раённым Саветам, то могуць узнікнуць непатрэбныя страты. Тут не павінна быць нейкага «водападзелу», патрэбна зладжаная праца, заснаваная на даверы.

Кіраўнік Савета Рэспублікі звярнуў увагу на тое, што, на жаль, сёння ў дэпутацкай дзейнасці ўпушчана сумесная работа з кіраўнікамі прадпрыемстваў.

— Прыходзіцца са шкадаваннем канстатаваць, што гэтая сувязь у нас развіта ў меншай ступені. І дэпутат больш зарыентаваны на тое, каб быў парадак у яго населеным пункце, каб там вырашаліся пытанні па добраўпарадкаванні, па камунальнай гаспадарцы. Гэта, безумоўна, важна і гэтым неабходна займацца, але дэпутат працуе на канкрэтным прадпрыемстве: у сельскагаспадарчым кааператыве, акцыянерным таварыстве, на заводзе. Дэпутат павінен стаць добрым памочнікам кіраўніку прадпрыемства: павінна быць пэўная ўзаемадапаўняльнасць.

Гаворачы пра людзей працаздольнага ўзросту, якія афіцыйна на працу не ўладкаваны, і, адпаведна, не плацяць падаткаў, Міхаіл Мясніковіч заклікаў дэпутатаў заняць у гэтай праблеме актыўную грамадзянскую пазіцыю. Чаму іншыя павінны плаціць падаткі, каб неплацельшчыкі мелі магчымасць бясплатна карыстацца, напрыклад, паслугамі ўрачоў?

Закранаючы тэму будаўніцтва жылля, сенатар пагадзіўся: большасць людзей, асабліва маладыя сем'і, не маюць неабходных грошай, каб самастойна пабудаваць сабе дом або кватэру.

— Таму ў гэтым плане дзяржава абавязана падставіць плячо — у першую чаргу, за кошт ільготнага крэдыту. Ёсць адпаведны ўказ Прэзідэнта, які дазваляе вырашаць гэтыя пытанні. Але сёння выдача льготных крэдытаў абмежавана з-за магчымасцяў банкаў, дзяржаўнага бюджэту.

Міхаіл Мясніковіч таксама заўважыў, што нашмат танней будаўніцтва індывідуальнага жылля абыдзецца ў сельскай мясцовасці. Гэта ўдыхне жыццё ў невялікія вёскі.

Падчас сустрэчы дэпутаты дзяліліся думкамі пра адказнасць за дармаедства, пра тое, як зрабіць больш прэстыжнай сярэднюю спецыяльную адукацыю, выказвалі свае прапановы па тым, як зрабіць прыбытковымі для дзяржаўнай эканомікі рэгіёны, дзе няма буйных прадпрыемстваў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.