Вы тут

Пра што марыць Трактарагорад?


У Мінску разгортваецца кампанія па захаванні ўнікальнай забудовы

Сапраўдны гігант, цэлы «горад у горадзе», увасобленая мара савецкіх архітэктараў аб ідэальным паселішчы. Пасёлак Мінскага трактарнага завода падыходзіць да свайго 70-гадовага юбілею, і вось няўдача: замест святкаванняў яго чакае знос. Пакуль — частковы: як паведаміў кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна Дзяніс Аўсянікаў, плануецца зруйнаваць 10 адселеных двухпавярховікаў, а на іх месцы паставіць сяміпавярховыя дамы. Многія мясцовыя жыхары і інтэлігенцыя ў роспачы: са шматпавярховай забудовай гэтыя адметныя сталічныя кварталы страцяць сваю атмасферу, прападзе дух эпохі, які ўсё яшчэ захоўваецца тут, а горад страціць адну са сваіх непаўторных і, безумоўна, каштоўных іскрынак.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Элітны пасёлак для стаханаўцаў

Яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай, у сталінскую эпоху глабальных здзяйсненняў, на месцы сучаснага Мінскага трактарнага завода вырашылі пабудаваць завод цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў. Пасля вайны была ідэя аднавіць будаўніцтва авіязавода, але нечакана ўвосень 1944 года пры асабістай размове Сталіна і Панамарэнкі ў Мінску прымаецца рашэнне пра грамадзянскае будаўніцтва. Такім чынам нарадзіўся праект Мінскага трактарнага завода ўсесаюзнага значэння. МТЗ мусіў даць штуршок развіццю ўсяго Мінска: фактычна, ён разглядаўся як горадаўтваральны аб'ект.

Паралельна з заводам узводзіцца і жылы пасёлак для трактарабудаўнікоў. Падпісаў праект забудовы пасёлка Зіновій Разэнфельд — той самы славуты аўтар Кутузаўскага праспекта ў Маскве.

«Рассунуўшы сосны плячамі, што волат, пад Мінскам уздымаецца Трактарагорад...» — гэтыя радкі пасёлку прысвяціў Пятрусь Броўка. Ужо з аднаго гэтага факта можна ўявіць, наколькі маштабным быў гэты праект. Паводле задумы архітэктараў, адкрываецца пасёлак бульварам, які носіць, пагадзіцеся, гучную назву — бульвар Трактарабудаўнікоў. Можна ўявіць, які душэўны ўздым адчувалі рабочыя завода, ідучы па вуліцы, названай у іх гонар. Увесь трактарны раёнчык працінае прамая, як сумленне савецкага рабочага, цэнтральная вось, што пачынаецца ад прахадной завода і ідзе праз бульвар і вуліцу Алега Кашавога. Бульвар (і не толькі ён) з часам страціў многія архітэктурныя элементы. Так, на яго пачатку стаяла скульптура футбалістаў, а ў канцы — дзяўчат, якія гуляюць у мяч. Такая фізкультурная тэматыка мела свой сэнс: уздоўж бульвара цягнулася цэлая паласа спартыўных пляцовак. Яшчэ і цяпер тут засталася сапраўдная рэдкасць — пляцоўка для гульні ў гарадкі, а таксама стадыён. І хто паспрачаецца, што тагачасная архітэктура была комплекснай і кожны яе элемент дасканала прадумваўся?

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Адна з адметных рыс трактарнага пасёлка — асіметрыя, якая, аднак, не толькі не пазбаўляе раён гарманічнасці, а наадварот, ажыўляе яго, не дапускаючы манатоннасці. Шматлікія эркеры-вежачкі па баках будынкаў, упрыгожаныя шпілямі; калоны, ляпніна, разнастайнасць так званых архітэктурных серый, чаргаванне павярховасці — у галаве не ўкладваецца, што гэта і была тыпавая забудова, прымененая ўпершыню ў сталіцы менавіта тут.

Збочваем на другую цэнтральную вось Трактарагорада — вуліцу Стаханаўскую — і ныраем у адзін з двароў. Калісьці ў яго цэнтры быў фантан. Цяпер ад яго засталася толькі скульптура — два медзведзяняці вось ужо паўстагоддзя дзеляць паміж сабой бочачку з мёдам. Яшчэ ў адным двары побач таксама захавалася скульптура той эпохі: хлопчык на самакаце. І хоць цяпер, пафарбаваны супрацоўнікамі ЖЭСа, ён выглядае даволі экзатычна, тым не менш выклікае замілаванне і адчуванне, нібы ты знаходзішся ў двары са старога добрага кіно. Увогуле двары пасёлка трактарнага завода надзвычай утульныя і вельмі прасторныя. Тут (яшчэ адна рэдкасць для сучаснасці) няма праблем з паркоўкай аўтамабіляў і дзіцячымі пляцоўкамі. Шырокія (нефункцыянальныя, сказалі б мы цяпер) прагулачныя зоны паміж дамамі. Замкнутыя двары (каб усярэдзіну не пранікаў вонкавы гарадскі шум). Раён быў распланаваны такім чынам, каб яго жыхарам было сапраўды камфортна. Сёння мы назвалі б гэта элітным жыллём для рабочых МТЗ.

Апроч іншага, вуліца Стаханаўская адметная тым, што на ёй знаходзяцца ўсе неабходныя ўстановы — міліцыя, лазня (цяпер — фізкультурна-аздараўленчы цэнтр), паліклініка, школа (цяпер там дом-інтэрнат), дзіцячы садок, крамы, сталовыя. Усё гэта завяршае задумку пасёлка як ідэальнага, «сонечнага» горада, дзе ўсё ёсць і які можа існаваць сам па сабе.

На гэтай жа вуліцы заўважаем вельмі адметны прыгожы дом з чарговым эркерам, на фасадзе якога стаіць дата яго будаўніцтва — 1948 год. Калісьці кватэры ў гэтым доме давалі толькі перадавікам вытворчасці — «стаханаўцам». Цяпер жа на першым паверсе тут размясцілася крама, надпіс на дзвярах якой па злой іроніі лёсу апавяшчае, што тут прадаюць... біятуалеты.

А іншы «стаханаўскі» дом, наадварот, выклікае павагу да яго сучасных гаспадароў. На першым паверсе гэтага будынка калісьці была крама, дзе прадавалі садавіну і гародніну. У 1990-я гады тут зрабілі краму па продажы водных фільтраў. І ўладальнікі вырашылі адпаведна аформіць уваход: па баках яго на сцяне з'явіліся барэльефныя выявы русалак. Людзі гэты дом так і завуць — дом з русалкамі.

А ўзамен — музей эпохі

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Тым часам выходзім да пляцоўкі, дзе пакуль яшчэ стаіць надзвычай маляўнічы, але даўно закінуты дзіцячы садок з рэшткамі аўтэнтычнай агароджы, а таксама адселеныя двухпавярховікі. Многія з тутэйшых дамоў адрамантаваныя, да некаторых рукі камунальнікаў яшчэ не дайшлі — ды і навошта, калі яны пойдуць пад знос. Праз тое, што значная частка мясцовага жылфонду знаходзіцца сапраўды ў дрэнным стане, многія жыхары рады пераезду ў новае жыллё. Аднак не ўсе. Іх апаненты пытаюцца ў суседзяў, ці хацелі б яны пераязджаць, калі б іх дамы адрамантавалі?.. І не заўсёды атрымліваюць станоўчы адказ.

Пасёлак стаў улюбёным месцам і для экскурсаводаў: унікальная забудова і атмасфера раёна падштурхнулі гісторыкаў да ідэі стварыць тут музей эпохі пад адкрытым небам. На іх думку, гэта была б сапраўдная «фішка» для прыцягнення сюды турыстаў. З гэтай нагоды разгарнулася цэлая кампанія па захаванні пасёлка МТЗ.

— Наша ініцыятыва ў тым, каб сабраць подпісы вядомых асоб і спецыялістаў пад зваротам у Мінгарвыканкам з просьбай захаваць пасёлак, — распавядае арганізатар кампаніі экскурсавод Раман АБРАМЧУК. — Прыемна, што нас падтрымліваюць шмат вядомых дзеячаў архітэктуры, мастацтва, турызму. Апроч таго, актыўнасць праяўляюць многія жыхары пасёлка, якія цэняць цішыню і ўтульнасць гэтых вулачак і двароў, а таксама — памяць, якой тут літаральна прасякнута паветра.

Раман Абрамчук перакананы: пасёлак Трактарнага завода — гісторыка-культурная каштоўнасць, хоць пакуль афіцыйна не мае такога статусу. Аднак заяўка для яго надання ўжо рыхтуецца. Бо адметнасць гэтага месца ў тым, што ў Мінску гэта, бадай, самы яркі прыклад сацгарадка — пасёлка для рабочых гіганцкага прадпрыемства, традыцыя будаўніцтва якога бярэ пачатак у Заходняй Еўропе ХVІІІ стагоддзя. Гэта цэльны ансамбль, вельмі якасна і канцэптуальна прадуманы, прыгожы, арыентаваны на чалавека. І ён такім вось цэльным, з непаўторнай атмасферай, дайшоў да нас як сведка савецкай эпохі.

Спецыялісты ўжо распрацоўваюць канцэпцыю і ствараюць планы па адраджэнні пасёлка. У іх уваходзяць якасны рамонт дамоў, стварэнне музея і выставачных павільёнаў у некалькіх ужо адселеных дамах, прыцягненне сюды інвестараў для арганізацыі гісторыка-культурнага запаведніка савецкай эпохі з тэматычнымі выставамі, адпаведнымі па стылі кавярнямі, крамамі і іншымі аб'ектамі туріндустрыі, паступовая планавая рэстаўрацыя пасёлка, фасадаў дамоў і двароў, вяртанне ім выгляду канца 1940—1950-х гадоў.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.