Вы тут

Толькі людзей не пакрыўдзіце


1,8 млн квадратных метраў жылля ў эксперыментальным комплексе «Мінск-Мір» пабудуюць за 5 гадоў

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец даручыў паскорыць рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу на тэрыторыі аэрапорта «Мінск-1». Заказчыкі і інвестары далі згоду.

5-63

15 гадоў — гэта занадта

На нядаўняй сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі закраналася пытанне развіцця сталіцы. Кіраўнік дзяржавы тады даручыў Аляксандру Косінцу разгледзіць ход выканання інвестпраекта «Мінск-Мір», які раней называўся «Мінск-Сіці». Нагадаем, што ў свой час быў прыняты ўказ Прэзідэнта, згодна з якім да 2020 года трэба было пабудаваць гэты жыллёва-дзелавы комплекс. Але былі ўзведзены толькі тры жылыя дамы. У верасні 2014 года быў прыняты новы Указ № 456, згодна з якім будаўніцтва будзе ісці да 2027-га. Інвестыцыйны дагавор заключаны толькі ў снежні мінулага года.

На рабочай нарадзе кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта закрануў асноўныя праблемныя кропкі ў гэтай сітуацыі. У вялізны комплекс, плошчай 350 га, практычна горад-спадарожнік, дзе запланавана пражыванне каля 70 тысяч чалавек, будзе ўкладзена каля 3,5 млрд долараў інвестыцый. Чакаецца ўзвядзенне 1,8 млн квадратных метраў жылля, стварэнне адпаведнай сацыяльнай інфраструктуры, а таксама міжнароднага фінансавага цэнтра. Таму дзяржава занепакоілася тым, што справа дагэтуль фактычна не распачата.

«Перш за ўсё, мы сёння намецілі самымі хуткімі тэмпамі ажыццявіць прадстаўленне архітэктурнага праекта, — падводзіць вынікі пасля нарады Аляксандр Косінец. — Яго дагэтуль няма. Работы ідуць вельмі марудна. Вызначаны і пастаўлены задачы заказчыкам — замежным кампаніям «Дана Астра» і «Трайворст Лімітэд», а таксама Мінгарвыканкаму ў частцы зносу і вынясення аб'ектаў жылля, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў для таго, каб вызваліць месца для выканання заказчыкам будаўніцтва новага жылля. Мінгарвыканкам таксама тут будзе ажыццяўляць будаўніцтва — паліклінік, гандлёвых аб'ектаў, інжынерных сетак і гэтак далей». На думку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, 15 гадоў на рэалізацыю праекта — гэта занадта: ні нармальнага прыбытку не атрымаеш, ні людзям нічога не зробіш карыснага. «Фактычна можна цягам пяці гадоў выканаць значную долю работ. Пабудаваць жыллё. За два гады можна завяршыць будаўніцтва авіярамонтнага завода, каб ён перасяліўся ў Нацыянальны аэрапорт. А таксама цалкам стварыць інжынерную інфраструктуру. Выканаць многія работы па будаўніцтве сацыяльных аб'ектаў. Гэта зробіць выкананне праекта больш эфектыўным», — лічыць Аляксандр Косінец.

А ці атрымаецца так хутка?

«Для таго каб ажыццявіць карэкціроўку, я задаў прамое пытанне, перш за ўсё інвестару: «У вас грошы ёсць?» Адказалі, што ёсць. У іх просьба толькі да нас — вызваліць хутчэй пляцоўку. Таму сутнасць у нашай паваротлівасці — як хутка і эфектыўна мы будзем працаваць. Калі мы будзем месяцамі разглядаць інвестыцыйныя праекты, гадамі — архітэктурныя, будзем зацягваць пераносы (закрываем аэрапорт 1 студзеня 2016 года, а інфраструктуру выносім толькі 1 студзеня
2019-га — дзе логіка?), поспеху не будзе. Тым больш інвестар прапануе, каб былі дольшчыкі, каб людзі будавалі там сабе жыллё», — патлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Пры гэтым самае складанае ў праекце — міжнародны фінансавы цэнтр. А будаўніцтва жылля, сацыяльнай інфраструктуры — калі ласка, выбірайце лепшае, што ёсць. Указ Прэзідэнта дае прэферэнцыі і дазваляе паўторна выкарыстоўваць сусветныя праекты. «Галоўнае, каб яно ўпісвалася ў наш ландшафт». У любым выпадку гатовы праект будзе выносіцца на грамадскае абмеркаванне, і людзі змогуць уносіць прапановы. «А іх, — лічыць Аляксандр Косінец, — будзе шмат. З вялікай доляй верагоднасці Царква і Касцёл будуць прапаноўваць будаўніцтва храмаў, бо насельніцтва шмат. Пакуль гэта не прадугледжана. А трэба гэта мець на ўвазе. Трэба, каб комплекс не быў іншародным целам у нашай сталіцы».

Засталося ўсяго 11 месяцаў да адчужэння аэравакзала. Але гэта гісторыка-культурны помнік, і ён павінен быць захаваны ў першапачатковым выглядзе. Пра гэта таксама нагадаў кіраўнік Адміністрацыі. Дарэчы, самы апошні тэрмін вызвалення пляцоўкі аэрадрома — 2018 год. Таму знос жылля і выдача новых кватэр пачнецца ў найбліжэйшы час. «Самае галоўнае — не пакрыўдзіце людзей, якія тут жывуць, уласнікаў», — падкрэсліў Аляксандр Косінец.

***

Кіраўнік Адміністрацыі закрануў і некаторыя іншыя пытанні, якія былі агучаны на прэс-канферэнцыі Прэзідэнта:

— Паднімалася пытанне аб затрыманні некалькіх нашых грамадзян каля Пасольства Францыі ў Мінску. Я даў даручэнні Міністэрству ўнутраных спраў, а таксама Галоўнаму ўпраўленню ўнутраных спраў Мінгарвыканкама высветліць, а ці было гэтае затрыманне? Яго не было. Ва ўсім разабраліся, і ніякіх судовых іскаў няма.

— Праверана і сітуацыя з затрыманнем групы людзей каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Мінску. Калі былі лозунгі адносна Украіны, супрацоўнікі міліцыі спакойна рэагавалі, але калі сталі заклікаць ісці «на плошчу», арганізаваць беларускі майдан — гэта зусім іншая справа. Пра які майдан можа ісці размова? Сёння ва ўсім свеце гэта ўспрымаецца як заклік да ўзброеных дзеянняў, сутыкненняў. У нас ніякіх майданаў не будзе. Мы зробім усё, каб быў мір і парадак. І звяртаюся да бацькоў моладзі: у нас ёсць усе ўмовы для таго, каб займацца ў спартыўных залах, дамах культуры, навучальных установах. Не трэба збіваць моладзь з правільнага шляху. Звярніце ўвагу на выступленне Іосіфа Сярэдзіча — ён заклікаў усіх без выключэння да міру.

— І яшчэ раз патлумачу пытанне Сяргея Сацука аб карупцыі. Гэты малады чалавек імкнецца дапамагчы праваахоўным органам, але ніякіх фактаў ён не прадаставіў. Яго цікавіць зусім іншае. Галоўны рэдактар «Ежедневника» хоча, каб следчыя паказвалі ход крымінальнай справы. Але гэта недапушчальна. Ёсць таямніца следства. А вось кантакт журналіста з прэс-службамі, следчымі і адвакатамі ніхто не забараняў.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.