Вы тут

Кампенсацыя па законе


Скрадзеныя з карткі кліентаў грошы павінен вяртаць банк. А выдача карт-чэкаў пры разліках «пластыкам» стане неабавязковай ужо сёння

Раней прынятае рашэнне Нацыянальнага банка аб рэкамендацыі банкам прытрымлівацца прынцыпу нулявой адказнасці трымальніка банкаўскай карткі цяпер трапляе ў разрад практычнага выканання. Гэты прынцып у класічным разуменні прадугледжвае, што ў выпадку крадзяжу сродкаў з карткі банк пакрывае кліенту суму выкрадзеных сродкаў.

5-59

Хутка гэта стане ўжо абавязкам крэдытна-фінансавых устаноў. Рэгулятар прыняў шэраг захадаў, накіраваных на павышэнне бяспекі безнаяўных разлікаў. Менавіта яны прапісаны ў пастанове Нацбанка, якая ўчора была апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент, у прыватнасці, паведамляе, што гэты прынцып у поўнай меры пачне працаваць праз паўгода. А вось да 5 жніўня ў банкаў ёсць час падрыхтавацца да новаўвядзення. Увогуле, каб прэтэндаваць на кампенсацыю сродкаў, пацярпелы кліент павінен сам паведаміць у банк аб незаконных аперацыях па яго рахунку і напісаць адпаведную заяву. Выканаць падобную аперацыю кліенту трэба на працягу месяца пасля таго, як будзе заўважана, што нехта іншы разлічваецца вашай картай або адбываецца несанкцыянаванае спісванне грошай з персанальнага рахунку.

Толькі пасля гэтага пры незаконным спісанні грошай з рахунку ашуканцамі банк будзе абавязаны вярнуць скрадзеную суму ўладальніку. Пастановай прапісана, што вяртанне сродкаў ажыццяўляецца на працягу 45 дзён па аперацыях унутры краіны і на працягу трох месяцаў — пры разліках за мяжой. Скрадзеныя сродкі банк можа і не кампенсаваць, але толькі ў двух выпадках: калі высветліцца, што кліент да гэтага асабіста парушыў правілы бяспекі пры разліках карткай, або калі ў банка будзе інфармацыя аб ашуканскіх дзеяннях самога ўладальніка «пластыку».

Прынятая пастанова дае больш свабоды фінансавым установам у гэтай сферы. Цяпер, калі ў банка ўзнікнуць падазрэнні ў несанкцыянаваным доступе трэціх асоб да рэквізітаў кліентаў, то карт-рахунак можа быць заблакіраваны без згоды трымальніка карткі. Аднак гэты пункт дазволена ўносіць у дагавор толькі са згоды кліента.

А вось «неадукаваным» кліентам плацежныя карткі цяпер увогуле не дадуць. Банкі будуць абавязаны папулярна растлумачыць кліентам меры бяспекі па безнаяўных разліках і ўсіх камісіях. Правесці падрабязны лікбез яны павінны яшчэ да заключэння дагавора або выдачы карткі.

Пастанова Нацбанка паведамляе аб тым, што «банкі абавязаны прапанаваць кліенту ў якасці спосабу атрымання інфармацыі аб руху грашовых сродкаў па рахунку кліента накіраванне SMS-паведамленняў на паказаны кліентам нумар тэлефона аператара мабільнай сувязі краіны». Адмова ад SMS-паведамленняў павінна пацвярджацца дакументальна. Гэтая норма ўступае ў сілу праз тры месяцы.

Існуе ў дакуменце і прыемная навіна для гандлёвых аб'ектаў. Ужо з 5 лютага выдача карт-чэкаў пры разліках карткамі стане неабавязковай. Цяпер квітанцыі аб правядзенні аперацый будуць выдавацца арганізацыямі гандлю і сэрвісу толькі па патрабаванні кліента.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.