У Магілёве выбралі самага дысцыплінаванага плацельшчыка
Алена Бальшакова: «Мы ўдзячны добрасумленным плацельшчыкам».
Можна лічыць, што дзякуючы магілёўскім камунальнікам у гараджан з'явілася яшчэ адно свята. Па традыцыі яно адзначаецца напрыканцы студзеня. А сёлетні тыраж «камунальнай» латарэі наогул быў юбілейны — гульня «Самы дысцыплінаваны плацельшчык за жыллёва-камунальныя паслугі» праводзілася ў горадзе 10-ы раз!
Ужо з раніцы ў Магілёўскім гарадскім цэнтры інфармацыйных сістэм (далей — ЦГІС), было людна. Шчыры прыём, гарбата, розныя прысмакі...
Алена Адамацкая здавалася крыху разгубленай ад прыемных падзей. На мінулым тыдні яна, як і шэраг іншых добрасумленных плацельшчыкаў, нечакана для сябе атрымала запрашэнне на мерапрыемства. «Я звычайная пенсіянерка, — сціпла расказала яна пра сябе. — Муж — інвалід 2 групы. За кватэру плачу наперад: вось зараз прыйдзе квітанцыя за студзень, а ў мяне ўжо на асабістым рахунку ёсць грошы. Не люблю быць у даўжніках. І нават не ведала, што за гэта можна атрымаць нейкія там падарункі».
«І як толькі не сорамна тым людзям, якія карыстаюцца камунальнымі паслугамі і не плацяць за іх?» — здзіўляецца Марыя Мацеўшава. Сама яна разлічваецца адразу, як толькі атрымлівае пенсію. Ведае, што без гэтага ў кватэры не будзе цёпла і ўтульна.
— На жаль, спажыўцоў, якія не разумеюць гэтага, усё яшчэ хапае, — адзначае дырэктар магілёўскага прадпрыемства ЦГІС Алена Бальшакова. — Тым не менш мы праводзім працу не толькі са злоснымі неплацельшчыкамі, але і арганізоўваем святы для добрасумленных. Гэтая гульня наогул для Беларусі ўнікальная, такога больш нідзе не праводзіцца. Яе правілы зацвярджае Міністэрства гандлю, а прызавы фонд фарміруецца за кошт сродкаў прадпрыемстваў, якія аказваюць камунальныя і іншыя паслугі. Сёлета ён склаў 19,5 мільёна рублёў. Сёння ў Магілёве каля 11 тысяч дысцыплінаваных плацельшчыкаў; прыемна, што з кожным годам іх колькасць павялічваецца.
Удзел у гульні бяруць усе, хто на працягу года аплачваў паслугі яшчэ да заканчэння бягучага месяца або да 15-га чысла наступнага. Яны атрымліваюць магчымасць папоўніць свой асабісты рахунак на 150 тысяч рублёў.
Перад тым, як пачаць розыгрыш, Алена Бальшакова дзякуе ўсім прысутным за добрасумленнасць і разуменне. Лепшай плацельшчыцы, якой па выніках мінулага года выбрана Алена Адамацкая, уручаюцца падарункі ад камунальнікаў. Яшчэ адзін — за грамадзянскую пазіцыю — ёй перадае прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Белая Русь».
Для Алены Адамацкай гульня стала прыемным сюрпрызам.
Самая хвалюючая частка свята — розыгрыш прэміяльных сум. Дзясяткі вачэй з надзеяй сочаць за празрыстым барабанам, які круціць работнік арганізацыі. Магчымасць дастаць адтуль кавалачак паперкі з адрасам чарговага шчасліўчыка даецца ахвотнікам з залы. Гэта робіцца дзеля таго, каб ніхто не западозрыў, што мерапрыемства робіцца «для паказухі», а прызы паміж сабой дзеляць самі ж камунальнікі. Відаць, як людзі хвалююцца і спадзяюцца, што з вялікай колькасці паперак рука выхапіць менавіта тую, дзе пазначаны іх адрас. Але, улічваючы, што ў барабане звыш 10 тысяч паперак, шанц не вельмі вялікі. «Вой, гэта ж мая вуліца», — жанчына не можа ўтаіць расчаравання, што выпаў не яе нумар дома і кватэры.
Калі ўсе 130 прызавых сум размеркаваны, ініцыятыву ў свае рукі бярэ яшчэ адзін удзельнік свята. Добрую справу падхапіла фірма «Белкамгарант», якая 4 гады займаецца ў Магілёве ўсталяваннем дамафонаў і іх абслугоўваннем. Яе дырэктар Дзмітрый Казакоў паведаміў, што па выніках працы за мінулы год лепшым стаў другі пад'езд дома па вуліцы Куцепава, 46. Яго жыхары лепш за іншых захоўвалі дамафоннае абсталяванне і сярод іх быў разыграны каштоўны прыз — пыласос.
Пачастункі для добрасумленных.
— Такія мерапрыемствы выхоўваюць у жыхароў жаданне захоўваць чысціню ў пад'ездзе, плаціць за паслугі своечасова, стымулююць і дысцыплінуюць спажыўцоў, — упэўнены Дзмітрый Казакоў.
Наогул усе, хто прыйшоў на мерапрыемства, атрымалі салодкія падарункі ад спонсараў — цукеркі, пячэнне, вафлі. А за некалькі гадзін да пачатку розыгрышу супрацоўнікі ЦГІС разам з інспектарамі ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама заахвоцілі і некалькіх аўтааматараў. Калі кіроўца прыпыненага імі аўтамабіля аказваўся ўзорным удзельнікам руху і не меў запазычанасцяў па камуналцы (гэта за лічаныя хвіліны правяралася па электроннай базе), ён атрымліваў адначасова некалькі прызоў — ад камунальнікаў, ДАІ і спонсараў. Прыемна, што ўсе 5 кіроўцаў, якія міжволі далучыліся да гульні, аказаліся ўзорнымі ва ўсіх адносінах. І шчаслівая ўсмешка, якая паступова змяняла на іх тварах разгубленасць і непаразуменне, выкліканыя нечаканасцю падзеі, красамоўна сведчыла: свят шмат не бывае.
Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара.
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.