Вы тут

«Нумар люкс» і дом з мезанінам


«Нумар люкс» з высокай «столлю» неба Гомельшчыны выходзіў акурат на бераг рэчкі. Рэчка тая хоць і называлася Бярэзінай, але воды яе ўжо праз сотню метраў мянялі прапіску — уліваліся ў Днепр.

Мы занялі гэты «нумар», загнаўшы свой шэранькі «шатл» у «гараж» пад дзічкай, ледзь толькі пыл ад колаў папярэдніх турыстаў паспеў улегчыся на дарозе.

Відаць, «нумар» карыстаўся папулярнасцю. Дзіва што! Агледзеўшыся, зразумелі ўраз, што адхапілі: віхлясты бераг — двухузроўневы катэдж! Да вады вялі пяшчаныя «прыступкі» — яны спускаліся акурат ад мурожнай «падлогі» прасторнага «хола», у які, у сваю чаргу, выходзілі ўтульныя «пакоі».

5-3

— Кухня будзе тут, — зазначыў згаладалы кіроўца «шатла», кідаючы на зямлю «метку» — старэнькую палатку, якой у гэтым адпачынку адводзілася стратэгічная роля — захоўваць пад сваім здольным адбіваць сонца дахам скрыню з крупамі, куфэрак з талеркамі, сумку-халадзільнік, а ў начныя гадзіны яшчэ і газавую плітку. Зборны стол, складное рыбацкае крэсла і складны ж табурэцік размясціліся ў «холе», у самым цэнтры якога месціўся збудаваны і ўдасканалены шматлікімі папярэднікамі «ачаг». Яшчэ адно крэсла было бонусным — утвораным наўпрост з пня. «Спальняй» стала новая палатка. Паўпразрыстым сваім акенцам яна пазірала на ўзыход сонца, а левы яе бок межаваў з дрэвам-рукамыйнікам (даволі пекным прыстасаваннем, дасціпна зладжаным папярэднікамі з прысадзістай вярбы і двухлітровай бутэлькі з-пад мінералкі). Акрамя грушы-дзічкі ў распаражэнні пастаяльцаў (гэта значыць нашым) аказаліся даволі прыстойныя прыбярэжныя яблыні. Іншымі словамі, хоць нас і аддзяляла ад найбліжэйшай вёскі больш як пяць кіламетраў, садавінай можна было карыстацца не выходзячы з «нумара».

Паслядоўнікам

Карміць вавёрак у сядзібным парку — справа хоць і няўдзячная, але цікавая. Няўдзячная, бо арэх ваш гомельская гарэза, не паспеўшы атрымаць, адразу ж згубіць, скінуўшы пад шаты дрэва. І не факт, што выпадкова, хутчэй — наўмысна, каб расцягнуць фотасесію. На здымку — вавёрка з трэцяга дрэва злева ад уваходнай алеі.

5-8

Той адпачынак забыць немагчыма — такім слаўным ён атрымаўся. Нашымі суседзямі аказаліся такія самыя аматары падарожжа і адпачынку пад блакітнай столлю. «Нумар» злева па цячэнні ракі заняла пара расіян з беларускім унукам. «Нумар» справа — гомельскія бабулі з адной на дваіх унучкай, для якіх гэты адпачынак быў хоць і непрацяглым, але даволі змястоўным: яны апантана лавілі стракозаў і па-майстэрску збіралі гербарый. А мы частавалі іх ракамі, на якіх адкрылі паляванне ў другі ж дзень, калі наравістая рыба не хацела кляваць нягледзячы нават на тое, якая смачная каша з гароху і пшонкі была зварана для яе ў нашым паходным кацялку. Лепш бы, далібог, мы яе самі елі, чым кідаць у ваду без аніякай гарантыі.

Аўтамабіль суседзяў-расіян ад'ехаў ад берага, развітальна сігналячы, адным ужо даволі познім вечарам, літаральна за ноч да нашага ад'езду. Некалькі гадзін да гэтага мы правялі ў асабліва душэўных размовах і — нарэшце! — з духмянай наварыстай юшкай.

5-5

Спадзяюся, чытач цяпер зразумее, чаму аднолькава сумна было і з'язджаць адтуль, і заставацца там...

Але нас як сапраўдных падарожнікаў ужо чакалі новыя эмоцыі! Нас вабіла асфальтавая стужка, якая, не перапыняючыся, вяла «да Гомля».



У доме з мезанінам на Пушкіна, 32, недалёка ад гомельскай жамчужыны — палаца Румянцавых і Паскевічаў — ціха і абсалютна бязлюдна. Звычайны стан маленькага культурнага аб'екта, якому воляй першага гаспадара выпаў лёс трымацца ў блізкім цені «вялікага брата». Між тым, дамок гэты, пабудаваны ў 1820-м як частка палацава-сядзібнага ансамбля, бясспрэчна, дасць фору самому палацу.

5-2

Спачатку, як толькі збудаваўся па загадзе Мікалая Румянцава ў стылі пазнейшага, высокага класіцызму, дамок гэты, празваны «ампір», выконваў ролю летняй рэзідэнцыі. Граф нават разбіў побач з ім фруктовы сад, якім, праўда, не асабліва карыстаўся, бо неўзабаве ў 1826-м памёр. У 1834 годзе гомельскі палац графа купіў князь Паскевіч — не той, што быў мужам княгіні Ірыны, а яшчэ бацька яго, Іван Фёдаравіч. Малодшы Паскевіч, Фёдар Іванавіч, па смерці бацькі ў 1856-м завалодаў палацам, але дом з мезанінам яму не дастаўся: яшчэ, здаецца, у 1830 годзе яго купіў заможны гамяльчанін Вінцэнт Крушэўскі. З падачы апошняга дом «ампір» перайменавалі ў «паляўнічы». Назва і дасюль актуальная, нават нягледзячы на тое, што пасля рэвалюцыі тут размяшчаліся і радыёстанцыя, і надзвычайная камісія, і некалькі варыяцый музея. Спрабавала ўціснуцца ў гісторыю яшчэ адна назва — «асабняк Крушэўскіх-Лісоўскіх». Гэта пасля таго, як у 1914-м Антаніна Крушэўская пабралася шлюбам з Аляксандрам Лісоўскім, яшчэ адным заможным гамяльчанінам. Але гэта ўсё справы мінулыя. Сёння паляўнічы дамок, утульны і зграбны будынак з мезанінам, малой гасцінай, сталовай, кабінетам, спальняй (усяго сем экспазіцыйных памяшканняў) дэманструе інтэр'еры свайго найранейшага часу. І я вам хачу сказаць, што не ў кожным доме-музеі (і нават музеі-палацы) сустрэнуцца такія цікавыя рэчы, якія можна бачыць там. Асабліва раю затрымацца ў спальні, каб звярнуць увагу на шафу справа і аптэчку злева, а таксама ў сталовай, каб захапіцца хараством сервіроўкі і ўзорамі посуду і адначасова паспрабаваць адказаць на пытанні экскурсавода кшталту: «Як вы думаеце, для чаго гэта прызначалася?» Правільныя адказы вельмі ўражваюць!

Стандартная камплектацыя

Аўтар знакамітага «Алхіміка», даючы парады падарожнікам, не раіць засяроджваць асаблівую ўвагу на музеях. Калі вы ўжо знайшлі сябе ў чужым горадзе, дык ці не цікавей вам будзе рушыць зараз жа на пошук нечага новага, а не старога. Такая яго філасофія. Вы лічыце, што абавязаны наведаць кожны музей, што трапіцца вам на шляху? Калі хочаце падарыць сваім дзецям уражанне, што ўсе музеі аднолькавыя, тады, калі ласка, наведвайце. Бо амаль усе яны сапраўды аднолькавыя. «Бярэсце» вашы дзеткі не адрозняць ад «Старажытнага Турава», музей прыроды Бярэзінскага запаведніка зблытаюць з музеем прыроды Белавежскай пушчы, краязнаўчы лагойскі падасца ім ледзь не дакладнай копіяй краязнаўчага слонімскага — і даволі хутка яны падумаюць, што не засталося ў свеце нічога такога, што магло б іх здзівіць. А тым часам існуюць сутарэнні глыбоцкай царквы, у якія можна спусціцца з запаленымі свечкамі, «мінус другі» узровень Сапегаўскага палаца ў Ружанах, самы стары ў Еўропе гадзіннік, да якога вядуць дзве сотні прыступак гарадзенскай цэглы, а ў брэсцкіх катакомбах засядаюць кажаны. Складаючы план падарожжа, шукайце эксклюзіўнае.



Будзеце спыняцца ў месцы, дзе Бярэзіна ўпадае ў Днепр, паназірайце за тым, якія свавольніцы тамтэйшыя бяззубкі, як любяць прыкідвацца вужакамі прыбітыя да берага галінкі і якімі пераборлівымі могуць быць пабірушкі-буслы. А як будзеце ў паляўнічым дамку ў Гомелі аглядаць вітрыну з парцалянавымі забаўкамі, то перадайце прывітанне пеўнічку, што ўпрыгожвае донца пашотніцы з літаральна карункавымі, хоць і парцалянавымі, сценкамі. Я, прынамсі, нідзе больш такой не бачыла.

Падарожнічала
Святлана Дзянісава.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».