Вы тут

«Мінск» сугучнае з «мір»


11 лютага 2015 года. Беларусь. Мінск. І дата, і месца сталі ўжо часткай сусветнай найноўшай гісторыі. Яе асобным нават не радком — раздзелам.

Учора да нашай сталіцы была прыцягнута ўвага, без перабольшання, усяго свету. Упершыню з пачатку ўзброенага канфлікту ва Украіне за адным сталом перамоў сабраліся лідары еўрапейскіх краін, якія маюць і магчымасці, і паўнамоцтвы гэты канфлікт прыпыніць. Кіраўнікі Францыі, Германіі, Расіі і Украіны збіраліся ў падобным фармаце ў Нармандыі, але тады перамовы адбываліся на фоне мерапрыемстваў да 70-годдзя высадкі на французскім узбярэжжы саюзніцкіх войскаў. Цяпер жа мэта прыезду іх усіх у Мінск — паспрабаваць знайсці спосаб патушыць вогнішча, якое пачало разгарацца ў цэнтры кантынента, які ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў назад быў увесь ахоплены полымем самай жудаснай у гісторыі вайны.

12-42

І тое, што пляцоўкай для гэтых лёсавызначальных пры любым іх зыходзе перамоваў з'яўляецца беларуская сталіца, — зусім не выпадкова. Гэта стала магчымым у першую чаргу дзякуючы паслядоўнай палітыцы і вельмі выразна акрэсленай пазіцыі беларускай дзяржавы і яе лідара па ўкраінскім пытанні. З самага пачатку ўкраінскага крызісу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднойчы падкрэсліваў гатоўнасць зрабіць усё магчымае, каб спыніць узброены канфлікт у суседняй краіне. Пры гэтым беларускі лідар заўсёды сцвярджаў: мы не напрошваліся ў міратворцы і не робім на гэтым піяр. Проста бяда зусім побач. І людзі, што трапілі ў яе — не чужыя. Пакідаць іх у гэтай бядзе, спакойна чакаючы, што ж будзе далей, — гэта не пра беларусаў. Было і яшчэ адно вельмі важнае разуменне — наша краіна не бачыць іншага вырашэння канфлікту, чым шляхам перамоў. Мірны варыянт. Без альтэрнатывы. Права на гэту пазіцыю бясспрэчна замацаванае за намі ў свеце: 70 гадоў таму мы вельмі дорага за яго заплацілі.

Таму цалкам лагічна, што першыя крокі да мірнага вырашэння крытычнай сітуацыі ў паўднёва-ўсходняй частцы Украіны былі зробленыя менавіта ў Мінску: тут не раз праходзілі пасяджэнні кантактнай групы, прымаліся рашэнні аб спыненні агню. Словазлучэнне «мінскія дамоўленасці» стала сінонімам дамовы аб перамір'і. І калі гэтыя дамоўленасці былі парушаныя, калі канфліктуючыя бакі зайшлі ва ўзброены тупік ва ўпартым нежаданні адзін аднаго пачуць, зноў успомнілі пра Мінск. І цалкам лагічна, што пасля няпростых перамоў з Франсуа Аландам і Ангелай Меркель у Маскве (а дагэтуль лідары Францыі і Германіі сустракаліся з Пятром Парашэнкам у Кіеве) прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін звярнуўся да свайго беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дапамагчы правесці сустрэчу ў «нармандскім фармаце» ў Мінску. І пачуў абсалютна лагічны адказ: мы арганізуем усё, прыязджайце.

Учора, перад адлётам Уладзіміра Пуціна ў Мінск, кіраўнікі Беларусі і Расіі правялі тэлефонную размову. Яны абмеркавалі арганізацыйна-тэхнічныя пытанні падрыхтоўкі сустрэчы ў рамках «нармандскага фармату» і асноўныя моманты зместу дакумента, які меўся быць вынесены на разгляд лідараў дзяржаў-удзельніц сустрэчы. Але яе аптымістычным «эпіграфам» стала выказванне ўзаемнай зацікаўленасці ў найхутчэйшым спыненні ўзброенага процістаяння на ўсходзе Украіны. Гэтаксама як і словы Пятра Парашэнкі пра жаданне спыніць агонь і тое, што мінская сустрэча стане самай важнай у яго прэзідэнцкай кар'еры...

Мінск, старажытны горад, які адрадзіўся з попелу пасля апошняй (дай Бог, каб яна на гэтай зямлі была апошняй ва ўсёй далейшай гісторыі) вайны, бадай, найлепшае месца, каб зрабіць упэўнены крок назад ад крывавай бездані, на мяжы якой апынулася не толькі суседняя братняя краіна, але і ўвесь кантынент, і ўвесь свет. Дый назва нашай сталіцы вельмі сугучная з нашым агульнаславянскім — «МІР».

З тым, што Мінск — найлепшая пляцоўка для перамоў, згодныя айчынныя і замежныя эксперты.

Мікалай ІВАНЧАНКА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы:

— Самы галоўны фактар — гэта тое, што Беларусь займае ўласную пазіцыю ў дачыненні да гэтага канфлікту. Усім вядома, што наша краіна падтрымлівае вельмі блізкія адносіны з Расійскай Федэрацыяй — разам мы будуем Саюзную дзяржаву, удзельнічаем у Еўразійскім саюзе. У той жа час Беларусь прыкладае значныя намаганні для таго, каб не толькі захаваць добрасуседскія стасункі з Украінай, але і паспрыяць як мага больш хуткаму вырашэнню канфлікту там. Натуральна, сваю ролю адыграла і месцазнаходжанне нашай краіны паміж Еўрапейскім саюзам, Расіяй і Украінай. Такім чынам, усе гэтыя фактары паўплывалі на тое, што сустрэча кіраўнікоў нармандскай чацвёркі адбылася менавіта ў Мінску. Гэта абсалютна лагічны крок, улічваючы, што ў Мінску ўжо праходзілі перамовы па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Сустрэча ў беларускай сталіцы — гэта працяг раней распачатага дыялогу.

Станіслаў КНЯЗЕЎ, доктар юрыдычных навук, прафесар, рэктар Міжнароднага інстытута «МІТСО»:

— За апошнія гады Беларусь стала вядомай у свеце дзякуючы намаганням нашых палітыкаў, спартсменаў... Болей за тое, наша краіна заўсёды прытрымлівалася мірнай палітыкі суіснавання дзяржаў — пра гэта не раз казаў беларускі Прэзідэнт, у тым ліку з трыбуны Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Натуральна, гэтыя факты паўплывалі на тое, што сусветныя лідары выбралі Мінск для правядзення перамоў па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне.

Аляксандр ПУГАЧОЎ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Мінская перамоўная пляцоўка стала сімвалам надзеі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу — і сёння да яе прыцягнута ўвага ўсёй міжнароднай супольнасці. Захад і Усход давяраюць мінскаму фармату сустрэч — гэта ўжо бясспрэчны факт. Цяпер Беларусь стала цэнтрам палітычных намаганняў па пошуку рашэнняў урэгулявання, значных для Украіны, Расіі, Еўропы і ўсяго свету. Мабыць, ні на адну з папярэдніх сустрэч па гэтай тэматыцы не ўскладалася столькі спадзяванняў, як на сённяшнія мінскія перамовы.

Валянцін МІЛАШЭЎСКІ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы:

— У нас ужо арганізоўваліся падобныя сустрэчы з удзелам кіраўнікоў дзяржаў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Да таго ж, беларускі Прэзідэнт заўсёды казаў пра тое, што наша краіна гатова прадаставіць пляцоўку для перамоў — для гэтага ёсць неабходныя ўмовы. Усе зацікаўленыя ў вырашэнні канфлікту бакі маюць магчымасць сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі і абмеркаваць шляхі выхаду з той няпростай сітуацыі, якая склалася сёння.

Брус Бакнэл, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі:

— Беларусь з'яўляецца найлепшым месцам для правядзення перамоў па ўкраінскай тэматыцы, у тым ліку ў «нармандскім фармаце». У многіх беларусаў і расіян сваякі жывуць ва Украіне, і зразумела, што ўсе з вялікай заклапочанасцю сочаць за развіццём падзей у гэтай краіне. Вельмі важна, што перамовы лідараў Францыі, Германіі, Расіі і Украіны былі арганізаваны менавіта ў Мінску.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.