Вы тут

Юрый ПАЛЯКОЎ: «Літаратура — сацыяльны сейсмограф»


 

Удзельнікам XXІІ Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу па традыцыі стала Расійская Федэрацыя. Пісьменнікі, кнігавыдаўцы з Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых рэгіёнаў суседняй краіны ладзілі прэзентацыі сваіх выданняў, арганізоўвалі творчыя сустрэчы. Надзвычай цікава і актуальна ў Год літаратуры, аб'яўлены сёлета ў Расіі, было пагутарыць з пісьменнікам, галоўным рэдактарам «Литературной газеты» Юрыем ПАЛЯКОВЫМ, які таксама прыехаў у Мінск.

12-40

— Юрый Міхайлавіч, ці знаходзіцца ў «Литературной газете» месца культурнаму жыццю Беларусі?

— Пэўны час мы стваралі праект, прысвечаны ў першую чаргу сучаснай беларускай літаратуры і культуры. І мабыць, былі адной з нямногіх культуралагічных пляцовак, на якой гэтая тэма развівалася і з якой расійскі чытач мог даведацца аб тым, што сёння пішуць беларускія пісьменнікі, што ідзе ў вашых тэатрах. На жаль, гэты праект пасля сотага выпуску не па нашай віне закрыўся. Аднак яго патрэбна ўзнаўляць, бо яго аднаўленне, зрошчванне ў агульным эстэтычным полі не паспявае за зрошчваннем нашай эканамічнай і палітычнай прасторы. А павінна быць наадварот: звычайна спачатку культура намацвае агульныя пункты дотыку. І гэта наводзіць на думку, што творчай інтэлігенцыі Расіі і Беларусі патрэбна напружыцца, каб гэтую мастацкую канвергенцыю ўзмацніць.

— Якія тэмы хвалююць сучасных пісьменнікаў?

— Цяпер пісьменнікаў хвалюе гісторыя, мемуарная літаратура вельмі запатрабаваная. Мы сочым у газеце за кнігамі, якія карыстаюцца літаратурным поспехам, і заўважаем, што вельмі добра разыходзіцца палітычная публіцыстыка. Засумавалі па добрым рэалістычным рамане. З пачаткам, сярэдзінай, з фіналам, каб памятаць галоўнага героя. Сучаснае пакаленне пісьменнікаў пачало шукаць новыя формы, не авалодаўшы традыцыйнымі. Гэта заўсёды дрэнна заканчваецца. Таму ўсё паступова вяртаецца. У Расіі, напрыклад, дастаткова ўплывовы кірунак новага рэалізму, які нічога новага не адкрывае, а проста імкнецца вярнуцца на эстэтычны і вярбальны ўзровень савецкай літаратуры. Дарэчы, гэтая праблема стаіць і перад літаратурай, і перад кінематографам, і перад тэатрам. Бо, як заўважыў класік, пасля рэвалюцыі заўсёды настае варварызацыя. Гэта значыць, зніжэнне прафесіянальнага ўзроўню. Не важна дзе: ва ўрадзе, у міліцыі ці ў літаратуры. Цяпер мы імкнёмся вярнуцца на той узровень прафесіяналізму і дыялогу з чытачом, які быў у савецкай літаратуры. Натуральна, у яе найлепшых узорах.

— Наколькі сучасны пісьменнік можа ўплываць на фарміраванне палітычнай свядомасці чытача, яго адносінаў да таго, што адбываецца навокал?

— Трэба сказаць, што літаратура традыцыйна палітызаваная. Асабліва гэта тычыцца нашага славянскага свету. І пісьменнік заўсёды быў удзельнікам палітычнага працэсу. Калі літаратар кажа, што ён апалітычны, — гэта таксама форма палітычнай дзейнасці. У Расіі ёсць некалькі пісьменнікаў, якія вельмі сур'ёзна ўплываюць на палітычную свядомасць. Напрыклад, тыя ж Аляксандр Праханаў, Эдуард Лімонаў, з маладога пакалення Сяргей Шаргуноў. Гэтыя людзі сёння вельмі актыўныя: яны палітычныя гульцы, як гэта модна казаць.

— Пісьменнікі ўмеюць яшчэ і прадбачыць тое, што адбудзецца праз некаторы час...

— Пісьменнікі заўсёды нешта прадбачаць. Літаратура — сацыяльны сейсмограф, які прадказвае многія працэсы наперад. Прычым намнога раней, чым палітолагі. Калі б яны ўважліва чыталі познюю савецкую літаратуру, то не давялі б да жаху савецкай перабудовы.

— Літаральна па суседстве з выставай праходзіць сустрэча кантактнай групы па Украіне. На ваш погляд, наколькі важна тое, што гэта падзея адбываецца ў Беларусі?

— Магчыма, гэта толькі супадзенне. Аднак, як паказвае вопыт, у гісторыі ўсе супадзенні невыпадковыя. Па маім глыбокім перакананні, Беларусь якраз найбольш разумна з усіх былых рэспублік СССР выйшла з той сітуацыі краху і распаду. Найбольш аптымальным чынам. Дарэчы, гэта наступствы таго абсалютна неправавога і, я сказаў бы, злачыннага развалу Савецкага Саюза, вынікам якога з'яўляюцца адкладзеныя на 20 з лішнім гадоў падзеі ва Украіне. І тое, што гэта абмяркоўваецца менавіта ў Беларусі, у якой найбольш пазітыўны вопыт, я лічу, глыбока сімвалічна. Упэўнены, што і палітычная мудрасць Прэзідэнта Беларусі, і гістарычная неабходнасць прымусяць знайсці выйсце з братазабойчага крывавага тупіка.

— Наколькі гэты дыялог можа быць прадуктыўным на ўзроўні інтэлігенцыі розных краін?

— Раскол пачаўся менавіта з канфлікту інтэлігенцыі. Я вельмі добра памятаю апошнія з'езды Саюза пісьменнікаў, калі якраз на невярбальным узроўні пачаліся пэўныя разборкі кшталту «хто ты такі», «што нам рабіць разам», «паасобку будзем жыць лепш, чым у Швейцарыі», «наша літаратура найлепшая». Усё пачалося з пісьменнікаў. Яны і павінны дапамагчы ўладзе знайсці выйсце. Дарэчы, улада зноў пачала чытаць кнігі.

— Якой будзе кніга будучыні? Поўнасцю электронная ці ўсё ж такі застанецца папяровы варыянт?

— Ды якая розніца! Хоць на камяні высякай, на папірусе драпай! Галоўнае, каб гэта было пра нас, добрай мовай, з запамінальнымі мастацкімі вобразамі і без постмадэрнісцкіх заклікаў забыць пра ўсё. Літаратура павінна вучыць жыць, выжываць і любіць жыццё. Інакш навошта мы прыходзім у гэты свет? Навошта такая літаратура, якая вучыць смерці і нелюбові?

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.