Вы тут

Павел КЛЫШЭЎСКІ: «Нам кайфу ад сцэны яшчэ хапае!»


«Тяни-Толкай» з ліку тых беларускіх калектываў, якія, хочацца верыць, не выклікаюць у аўдыторыі пытання: «А хто гэтыя людзі?» Бо шчырыя і простыя песні ў выкананні «чатырох мушкецёраў», як часам называюць удзельнікаў гурта, гучаць ужо шмат гадоў. Як адзначае саліст групы Павел Клышэўскі, галоўны сакрэт іх сумеснага існавання ў тым, што яны перш за ўсё сапраўдныя сябры, а потым ужо калегі. Зусім хутка на сцэне Палаца Рэспублікі ўдзельнікі «Тяни-Толкай» падзеляцца гісторыяй свайго ўзыходжання на эстраду ў юбілейным канцэрце. А напярэдадні мы распыталі ў Паўла пра адносіны ў музычным асяродку, настальгію па мінулым і ўменне цаніць самае дарагое ў жыцці.

12-8

—25 лютага ў вас выніковы канцэрт, прымеркаваны да 15‑годдзя «Тяни-Толкай»…

—«Выніковы» — гучыць неяк сумна. Насамрэч юбілей мы адзначылі 2 кастрычніка, бо менавіта ў гэты дзень адбылося наша першае выступленне пад цяперашняй назвай. Мы і раней выходзілі на сцэну, але пад іншымі «імёнамі», таму наогул нам больш за пятнаццаць гадоў. А пачыналася ўсё, калі тры хлопцы з аднаго двара (Павел Клышэўскі, Андрэй Заяц і Павел Тараймовіч. — Аўт.) захапіліся ігрой на гітары. У Андрэя дома спрабавалі рабіць першыя запісы…

—Як жа хлопцам-самавучкам удаецца столькі гадоў заставацца адным з самых папулярных калектываў?

—Заставацца на сцэне столькі гадоў нам удаецца таму, што мы сябры. Мы верылі ў сваю задуму нават тады, калі ў нас не верылі іншыя. Былі ў нашым акружэнні людзі, якія толькі смяяліся, маўляў, не дабіцца нічога без грошай і сувязяў у гэтай сферы, яшчэ і без музычнай адукацыі. А мы не здаваліся, спрабавалі прабіваць сабе дарогу. Потым Кірыл (Клішэвіч. — Аўт.) да нас прыйшоў. Працавалі на голым энтузіязме. Напачатку ўсё, што ўдавалася зарабіць, укладалі ў творчасць. Многа каманд тады пачыналі з намі і некаторыя з іх здаліся, зламаліся і адступіліся, вырашыўшы, што галоднае існаванне не для іх. З часам, дзякаваць Богу, на нашым шляху з'яўляліся добрыя людзі, якія падтрымлівалі. Яны сталі нашымі сябрамі, камандай.

Да таго, як мы атрымалі сваю першую значную ўзнагароду «Тэлепартацыя» (прэмія Першага музычнага канала, які вызначаў самы раціруемы кліп у эфіры), спадзявання на поспех не было. Сярод канкурэнтаў былі Анжаліка Агурбаш, Сярога і многія іншыя, але перамагла наша група. Тады нават мой бацька, які да гэтага пастаянна казаў: «Кідай дурное і ідзі на завод працаваць», — змяніў свае погляды на маё захапленне музыкай… У тым узросце і не балела нічога, а зараз ужо пачынаюцца таблеткі, балячкі. Аднак у любым узросце і часе ёсць сваё шчасце. Так, цяпер мяне робіць шчаслівым сям'я, сын, якому хутка ўжо пяць гадоў споўніцца. Чым старэйшым становішся, тым больш усведамляеш, што самае дарагое ў жыцці — гэта твае родныя і блізкія людзі. Мы з хлопцамі ў адным двары раслі, потым раз'ехаліся, а не так даўно зноў засяліліся ў адзін дом. Ходзім адзін да аднаго ў госці…

12-7

—А змяніліся неяк адносіны з тымі калектывамі, артыстамі, з кім у свой час пачыналі разам шлях на эстраду?

—Размовы пра зайздрасць і зазнайства — меркаванне тых, хто назірае за эстрадай збоку. Бывае, тэлефануе чалавек, з якім некалі былі знаёмыя, і кажа: «Слухай, а давайце вы пад балконам у маёй дзяўчыны гадзінку паспяваеце! Будзе клёва, і яна парадуецца». Я ў сваю чаргу не лічу такую сітуацыю правільнай, але нікому не патлумачыш сваёй пазіцыі. І тады пачынаюцца выказванні: «Вось вы зазналіся…» Пасля такіх выпадаў ужо становішся менш адкрытым да незнаёмых людзей, таму што часам стасункі з імі становяцца непрыемнымі і недарэчнымі ў той ці іншай сітуацыі. А на ўзаемаадносінах паміж самімі артыстамі час і поспех ніяк не адбіваюцца. З тым жа Віталікам Артыстам (салістам гурта «Без білета») і Валодзем Пугачам (лідарам J: Морс) у нас цудоўныя адносіны, і пры сустрэчы нам заўсёды ёсць што ўспомніць!

…З гуртом «Без білета» першае выступленне ў нас было адно на дваіх. Пашка ехаў аднекуль на аўтобусе і ўбачыў хлопца з барабанамі. Гэта быў Віталь Артыст. У іх завязалася размова. Дамовіліся разам выступіць. Прызнацца, вельмі страшна было на тым першым канцэрце… Сцэнічнае хваляванне, яно правільнае, але як толькі ты робіш крок на сцэну, то адразу супакойваешся і ідзеш працаваць. Атрымліваеш задавальненне. А калі такога кшталту хваляванне праходзіць, то, мабыць, пара пакідаць сцэну. Нам кайфу яшчэ хапае!

—Вось ужо тры сезоны вы з'яўляецеся педагогам на тэлешоу «Акадэмія талентаў». На вашу думку, ці не ствараюць падобныя праекты ўяўлення пра імгненны поспех?

—На праект прыходзяць розныя хлопцы і дзяўчаты. Крыўдна, калі яны ідуць да нас, не адчуваючы часу, патрабаванняў рэчаіснасці. Ім здаецца, быццам злавіў удачу за хвост і ўсё так і будзе. Але за прыгожым жыццём артыста хаваецца вялікая праца яго самога і каманды, якая побач з ім… Важна апынуцца ў патрэбным месцы ў спрыяльны час. Глядзіце, «Бітлз» сталі папулярнымі, калі з'явілася тэлебачанне. З прыходам інтэрнэту магчымасць паказаць сваю творчасць з'явілася ў тых, каму адмаўлялі ў ратацыі на радыё. З пачаткам «Фабрыкі зорак» на расійскім тэлебачанні пачалася эра такога кшталту тэлешоу. Уся краіна глядзіць на ўдзельнікаў, перажывае, шоу скончылася — і ты ўжо «зорка», якая дае канцэрты. Ад гэтага нікуды не падзецца, на жаль ці на шчасце. Зразумела, калі разбірацца, то не заўсёды гэта справядліва ў адносінах да тых, хто не мае магчымасці трапіць на экран, а гадамі не вылазіць са студыі…

—Стварэнне прадзюсарскага цэнтра Паўла Клышэўскага — для вас рост ці спроба сябе ў новым амплуа?

—Вядома, лягчэй быць проста артыстам, і калі б я ведаў, колькі нерваў забірае прадзюсарская праца, то ні за што не зрабіў бы такі крок. Але цікава сумяшчаць усё, хаця і не лёгка. Для мяне прадзюсарства — гэта рост. Паколькі ў асноўным я пішу песні для нашай групы, а яна мае пэўную канцэпцыю, то пры з'яўленні музычнага матэрыялу, які нам не падыходзіць, хочацца яго рэалізаваць. Таму падумаў і вырашыў зрабіць дзявочае трыа — так утварылася група «Cherry Lady». Потым на «Акадэміі талентаў» стаў працаваць з Лерай Зверавай. А не так даўно пачалі супрацоўнічаць яшчэ і з Анастасіяй Малашкевіч. Акрамя гэтага, у сацыяльных сетках нам пішуць артысты-пачаткоўцы, дасылаюць мне свае дэмкі…

—Ваш сын Максім праяўляе інтарэс да музыкі?

—Яшчэ як! Дома пастаянна на гітары і на піяніна рвецца іграць. Любіць слухаць музыку і глядзець у інтэрнэце розныя выступленні. А на пытанне, кім хоча стаць, адказвае адназначна: «Буду спяваць, як тата!» Як бы ні склалася яго жыццё, я заўсёды падтрымаю. Сам вось вучыўся на інжынера-металурга, а стаў музыкантам.

—Як музыка змяніла ваша жыццё?

—Ведаеце, у нас ёсць тост: «Давайце вып'ем за музыку, якая нам жыццё паламала!» Я не ведаю, з чым можна параўноўваць нашу сітуацыю, але мы шчаслівыя людзі, бо для нас праца і любімае захапленне — гэта адно і тое ж!

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.