Вы тут

Вяртаючы з небыцця


 Якія адкрыцці робяць даследчыкі беларускага іканапісу?

Сведкі гісторыі і мастацкае ўвасабленне веры — так можна сказаць пра абразы. Галіна ФЛІКОП, кандыдат мастацтвазнаўства, навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ўжо некалькі гадоў займаецца вывучэннем беларускага іканапісу. Маладая даследчыца расказала «Чырвонцы» пра невялікія адкрыцці, якія яна робіць падчас сваёй працы.

12-24

—Галіна, як вы прыйшлі ў навуку?

—Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «мастак народных рамёстваў». Як бачыце, базавая вышэйшая адукацыя ў мяне практычная. Падчас навучання зразумела, што мне цікава даследаваць мастацтва, таму вырашыла пасля ўніверсітэта паступаць у магістратуру. З першага разу гэтая задума не рэалізавалася, і я паехала па размеркаванні на Смаргоншчыну, у вёску Лылойцы, дзе адпрацавала два гады на пасадзе дырэктара Цэнтральнага дома культуры. Пасля паступіла ў магістратуру Нацыянальнай акадэміі навук на спецыяльнасць «мастацтвазнаўства», затым скончыла аспірантуру па гэтай жа спецыяльнасці і засталася працаваць у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.

—Цікава, чаму для даследаванняў вы выбралі менавіта сакральнае мастацтва?

—Людзі звычайна тлумачаць мой выбар маімі рэлігійнымі поглядамі. Насамрэч, усё інакш: я падзяляю паняцці «вера» і «іканапіс». Хоць адношу сябе да людзей веруючых, аднак яшчэ толькі прыходжу да разумення веры. Да вывучэння сакральнага жывапісу прыйшла, можна сказаць, выпадкова, хаця, на маю думку, усё ў жыцці невыпадкова. Ёсць цудоўны выраз, які трапна мяне характарызуе: «Мы любім тое, што мы ведаем». Дыплом пісала пра старажытныя гравюры і іх уплыў на іншыя віды мастацтва: вядома, што яны часта выкарыстоўваліся як узоры для абразоў. А ўжо ў магістратуры я вывучала менавіта ўзаемасувязь гравюр і абразоў. Вось і атрымалася, што, пачаўшы вывучаць беларускі іканапіс, я вельмі яго палюбіла і як від мастацтва, і як аб'ект даследавання.

— Наколькі мне вядома, для Беларусі характэрны народныя абразы, яны найбольш прыжыліся ў нас. Ці праўда гэта?

— І так, і не. Прынята лічыць, што беларускі іканапіс — народны, самадзейны. Аднак сказаць, што для нас характэрныя толькі такія творы — няправільна, былі і выкананыя на высокім майстэрскім узроўні, што вымагала ад іканапісца адпаведнай падрыхтоўкі. Безумоўна, сакральнае мастацтва Беларусі мае свае асаблівасці. Можна правесці эксперымент: пакладзіце перад неспецыялістам нашы і рускія абразы, і ён беспамылкова вызначыць, дзе якія. Беларускі іканапіс сапраўды арыентаваўся на народныя густы, пра што сведчаць мясцовыя тыпажы, каларыт. Ад рускага ён адрозніваецца наяўнасцю разьбяных фонаў. Але сказаць, што гэта канкрэтна беларуская рыса, нельга, бо такім чынам абразы аздабляліся і ва Украіне — але там ужо свае арнаменты і тыпажы.

12-25

— Што ўваходзіць у вашы абавязкі як даследчыка?

— Я праводжу атрыбуцыю (вызначэнне аўтарства, часу напісання мастацкага твора) асобных абразоў. Большасць з іх не падпісаны: невядомыя ні майстар-стваральнік, ні дата. Устанавіць іх вельмі складана. Мне пакуль што ніводнага аўтара беларускага абраза вызначыць не ўдалося. Аднак я змагла «звузіць» храналагічныя межы ў датаванні абразоў. Большасць твораў да цяперашняга часу датаваныя вельмі шырока: стагоддзем або паўстагоддзем. З дапамогай архіўных крыніц мне ўдалося недзе для паўсотні абразоў вызначыць іх перыяд напісання ў межах аднаго-двух дзесяцігоддзяў. Насамрэч атрыбуцыя аднаго помніка можна зацягнуцца на паўгода ці нават больш — як пашанцуе.

Акрамя вызначэння даты стварэння, займаюся і вызначэннем іканаграфічнага зводу абразоў. Магчыма вы заўважалі, што вядомы ўсім абраз Божай Маці Адзігітрыі мае шмат варыянтаў, а ў мастацтвазнаўстве яны называюцца «зводамі». Каб вызначыць, які іканаграфічны звод прадстаўлены на абразе, трэба адшукаць яго першакрыніцу — выяву, з якой ён быў змаляваны. Звычайна гэта цудадзейны абраз, з якога рабіліся шматлікія «спісы» — аўтарскія варыяцыі. Раней людзі верылі, што і копія будзе валодаць цудадзейнай сілай іконы, з якой яна змалявана. Вось я і шукаю гэтыя першакрыніцы. Здавалася б, цудадзейны абраз павінен быць шырока вядомым, але вельмі часта гэта не так. Асабліва ў тых выпадках, калі культ святыні на сучасных беларускіх землях не распаўсюджаны і звестак пра яго амаль не засталося альбо абраз знаходзіцца ў іншай краіне.

— Акрамя ікон, вы яшчэ рэканструявалі інтэр'еры ўніяцкіх храмаў — як такое можна ажыццявіць?

— Справа ў тым, што я не рэканструявала іх у матэрыяле, а займалася навуковай рэканструкцыяй: гэта значыць, стварала літаратурнае апісанне. Ажыццявіць такое рэальна на падставе пратаколаў праверак храмаў ХVІІІ—пачатку ХІХ стагоддзяў, у якіх даецца вельмі падрабязная інфармацыя пра выгляд царкоўнага інтэр'ера. Спадзяюся, калі-небудзь маю працу можна будзе ўбачыць не толькі на словах, але і ў форме. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, што ў Строчыцах, знаходзіцца ўніяцкі храм з адноўленым інтэр'ерам. Супрацоўнікі музея шукалі дакументы з апісаннямі, дзякуючы чаму зрабілі рэканструкцыю. Спадзяюся, што і мая праца некалі стане запатрабаванай для аднаўлення ўнутранай прасторы якой-небудзь царквы. Мной ужо апрацаваны дакументы з апісаннямі прыблізна дзвюх тысяч уніяцкіх храмаў. Калі вярнуцца да праблемы ўвасаблення літаратурных звестак у форму, то я разважала пра тое, каб стварыць пэўныя схемы, якія паказвалі б інтэр'еры ўніяцкіх цэркваў ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. Цяпер я назапашваю матэрыял: працую над манаграфіяй, прысвечанай уніяцкім іканастасам і алтарам — асноўным сакральным аб'ектам храма.

— А што можна сказаць аб практычным выкарыстанні вашых напрацовак?

— Яны патрэбны ў музейнай справе. Атрыбуцыя ікон дае магчымасць экспанаваць прадметы, бо, па сутнасці, дата і аўтарства — асноўныя звесткі пра іх.

12-23

— Якія «разынкі» вы змаглі «адкапаць» падчас свайго даследавання?

— Матэрыялу для гучнай сенсацыі яшчэ няма, аднак асобныя цікавінкі ўсё ж знайшла. Аказваецца, у XVІІІ стагоддзі на Беларусі былі абразы на шкле. Да нашага часу яны не захаваліся, таму і пра такую мастацкую з'яву ўвогуле невядома. Іконы на шкле адметныя тым, што былі храмавымі, а не хатнімі. Дагэтуль невядома, прывозілі гэтыя абразкі ці іх стваралі ў нас. У хатнім ужытку такі тып быў распаўсюджаны ў канцы ХІХ ст. у Заходняй Украіне: я бачыла іх у музеях у Івана-Франкоўску і Каламыі. У нас таксама захавалася некалькі хатніх абразкоў, напісаных на шкле ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Адзін, напрыклад, бытаваў на Гродзеншчыне і цяпер захоўваецца ў фондах Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Аднак архіўныя звесткі гавораць пра тое, што яшчэ ў ХVІІІ ст. у беларускіх храмах знаходзіліся такія творы. Гэта абсалютна новы матэрыял, і сёння я займаюся яго даследаваннем.

— А ці можаце вылучыць беларускага Андрэя Рублёва?

— У нас не так і шмат вядомых майстроў-іканапісцаў. Адзін з іх — Тамаш Міхальскі, які працаваў на Палессі. Калі Андрэя Рублёва ведаюць усе, то Тамаша Міхальскага — мала хто. Таму вылучыць беларускую фігуру, роўнавялікую расійскаму майстру, не змагу.

Самі пішаце карціны?

— Раз на год разам з сябрамі па ўніверсітэце збіраемся на пленэр, пішам эцюды. Каб займацца жывапісам прафесійна, трэба аддаваць гэтаму ўвесь час. Тое ж можна сказаць і пра навуку — працую без выхадных. Мне падабаюцца абодва заняткі, але не бачу магчымасці спалучаць іх.

— Часта выязджаеце ў экспедыцыі ці ў асноўным працуеце ў архівах?

— Даводзіцца шмат сядзець у архівах. Але ў экспедыцыі таксама езджу рэгулярна. Дзе б я ні была, паўсюль найперш іду глядзець абразы. Напрыклад, калі была ў Пскове, у мясцовым музеі адразу ж пайшла да такой экспазіцыі, а на іншыя залы проста не хапіла часу. І так адбываецца паўсюль.

— Магчыма, у вас ёсць і іншыя захапленні?

— Так, гэта вандроўкі. Яшчэ ў студэнцтве мы з сябрамі шмат падарожнічалі аўтастопам. Нас цікавіла культура Беларусі, і мы складалі адмысловы маршрут па цікавых мясцінах, бралі заплечнікі, намёты — і адпраўляліся ў дарогу. Пачыналі з Беларусі, а аб'ехалі Украіну, Польшчу, Літву, Латвію, Чэхію, Славенію, Аўстрыю.

— Ці сочыце вы за тым, як развіваецца беларускі іканапіс сёння?

— Шчыра кажучы, асабліва гэтай тэмай не займалася. І зараз патлумачу, чаму. Аднойчы я была ў іканапіснай майстэрні, якая знаходзіцца пры Свята-Елісавецінскім манастыры, аднак гэта не беларуская, а сучасная традыцыя іканапісу, арыентаваная на візантыйскія першаўзоры. Да нашай яна ніякага дачынення не мае. Беларуская традыцыя іканапісу перарвалася яшчэ ў XІX стагоддзі, калі нашы землі ўжо ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Пачаліся змены, абразы сталі моцна «выпраўляцца» ў адпаведнасці з патрабаваннямі Рускай праваслаўнай царквы. Напрыклад, у архіве я знаходзіла звесткі пра тое, што пяць абразоў з Полацка накіравалі ў Санкт-Пецярбургскую акадэмію мастацтваў — майстры перапісвалі усё, што лічылі некананічным. З таго часу, дарэчы, стала нашмат больш прывазных абразоў. Сёння ёсць беларускія мастакі, якія прадстаўляюць сваё творчае бачанне біблейскіх сюжэтаў. Аднак пра адраджэнне нашай самабытнай традыцыі пакуль нельга казаць.

— На вашу думку, якое стаўленне ў беларусаў да абразоў цяпер?

— Збольшага пазітыўнае. Пасля распаду Саюза людзі вярнуліся ў царкву, ставяцца да веры сапраўды як да чагосьці сакральнага. Цяпер абразы ў пашане.

Кацярына РАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.