Вы тут

На Каўказ на... самакаце


Студэнт трэцяга курса Інстытута журналістыкі БДУ Станіслаў ШЭВЕЛЬ гэтым летам выправіўся ў падарожжа на Каўказ. І што тут дзіўнага, спытаеце вы? А тое, што сродкам перасоўвання, акрамя звычайнага аўтастопа, 

для хлопца стаў... самакат. Пра свае прыгоды ў горным краі падарожнік расказаў карэспандэнту «Чырвонкі».

Жывеш у Беларусі — павінен яе ведаць

— Усё пачалося раптоўна: прыкладна год таму сядзелі ў кавярні з дзяўчынай, нам было сумна, неяк усё надакучыла. Мне падумалася, што, каб трохі развеяцца, трэба прыдумаць нешта новае. Вось я і прапанаваў ёй з'ездзіць у падарожжа па Беларусі, — тлумачыць суразмоўца сваю цікавасць да самастойных падарожжаў. — За апошнія грошы набыў неабходныя рэчы, і праз тыдзень мы выправіліся ў Нясвіж. Не магу сказаць, што першы досвед быў удалым, бо я рабіў усё сам, і не было каму даць мне параду. У сваіх першых паездках я начаваў у гасцініцах — атрымлівалася дорага і нецікава. Але нават першая няўдалая спроба не прымусіла мяне адмовіцца ад новых паездак. Я кіраваўся прынцыпам: жыву у Беларусі — павінен яе ведаць. Склаў сабе план падарожжаў — і пачалося...

12-13

— Ці шмат паездзіў па краіне?

— Так, нямала. У першую чаргу мяне цікавілі старажытныя касцёлы, цэрквы, замкі. Пачынаў з Міра, Нясвіжа, Любчы. Гэтыя паездкі цягнуліся 3-4 дні, галоўная складанасць была ў тым, што іх даводзілася сумяшчаць з вучобай. Быў вымушаны рацыяналізаваць падарожжы: за некалькі дзён я неўзабаве навучыўся наведваць па 10-12 гарадоў і мястэчак. Такім чынам аб'ездзіў увесь захад Беларусі, у прыватнасці, Гродзенскую вобласць.

— Якія месцы пакінулі самыя яркія ўражанні?

— Шчыра кажучы, амаль усе. Але асабліва мне запомніўся Жалудок — гэта вельмі рамантычнае мястэчка. Я раю ўсім хлопцам калі-небудзь наведаць яго разам з дзяўчынай. Яшчэ ўразіла вёска Залессе ў Смаргонскім раёне, там знаходзіцца сядзіба Агінскіх. Прыгажосць месца не перадаць словамі: парк, рака Вілія... Добра запомнілася вёска Шчорсы, у якой знаходзілася рэзідэнцыя магнатаў Храптовічаў. Увогуле, мне больш падабаюцца невялікія мястэчкі, у іх я адчуваю сябе больш утульна. Многае з таго, што вучыш у школе на ўроках гісторыі, рыхтуючыся да іспытаў і ЦТ, можна адчуць толькі ў такіх мясцінах.

— Але ўбачыць гэта можна і без падарожжаў аўтастопам...

— Мяне вабіць рамантыка такіх паездак. Калі не ведаеш, куды павернеш чарговы раз, дзе апынешся праз дзве гадзіны. Звычайнае падарожжа ў цягніку ці машыне не дае такіх эмоцый.

12-11

Паспеў толькі заплечнік сабраць

— Пасля паездак па Беларусі вырашыў паспрабаваць свае сілы ў падарожжах за мяжу, — працягвае аповед Станіслаў. — У ліпені заняўся выбарам краіны і планаваннем маршруту. Найлепшым варыянтам мне падалася Эстонія. Дзякуючы каўчсёрфінгу (спосаб, пры дапамозе якога падарожнікі шукаюць сабе месца для начлегу) знайшоў людзей, у якіх можна было спыніцца, сабраў рэчы і паехаў. Маршрут спецыяльна склаў так, каб паглядзець яшчэ і Літву з Латвіяй. Дарэчы, акрамя краін Балтыі, наведаў Фінляндыю, хоць гэта і не ўваходзіла ў першапачатковыя планы. Усё падарожжа абышлося мне ў 350 еўра, гэта даволі шмат па мерках аўтастопшчыкаў. Месцам наступнай паездкі выбраў Каўказ.

— Як праходзіла падрыхтоўка да вандроўкі?

— Так атрымалася, што ўсё рабіў у спешцы. Фактычна я паспеў толькі сабраць заплечнік. Дарэчы, збор рэчаў — гэта своеасаблівае мастацтва. Трэба ўзяць як мага больш карыснага і пры гэтым не перагрузіць спіну, бо падарожжа можа пераўтварыцца ў выпрабаванне. Звычайна я бяру з сабой па мінімуме адзення (бялізна, некалькі футболак, вадалазка, байка, джынсы, шорты, кашуля, шкарпэткі, абутак), газавую гарэлку, палатку, турыстычны дыванок, ліхтарык, кубак, лыжку, нож. Не забываюся пра свечку і пустую бляшанку з-пад кансерваў, якімі я карыстаюся як абагравальнікам. У мяне ёсць і так званы «чорны пакет»: там ляжаць мыла, зубная шчотка, паста і гель для душа, які звычайна выступае яшчэ ў ролі шампуню. Ну і камера — свае падарожжы я здымаю і выкладваю фота і відэа на старонцы ў адной з сацыяльных сетак.

З'язджаючы з Эльбруса...

— Ідэя ўзяць з сабой самакат прыйшла сама па сабе, — адказвае на маё пытанне Стас. — Падчас вялікіх падарожжаў шмат даводзіцца хадзіць пешшу. Каб пазбегнуць гэтага, зручна карыстацца нейкім сродкам перасоўвання. Некаторыя падарожнічаюць з веласіпедам, але мне гэты від транспарту здаецца грувасткім і цяжкім, яго не панясеш на сабе. А мой самакат важыць усяго два з паловай кілаграмы. У свой час катаўся на ім, рабіў трукі, вось і набыў сабе «экстрэмальны» самакат з авіяцыйнага алюмінію. Вырашыў узяць яго з сабой для спускаў на гарыстай мясцовасці і паездак па гарадах. Напачатку падарожжа сапраўды шмат карыстаўся самакатам, гэта было неверагодна зручна і зберагло мне нямала сіл. Але ўсё скончылася, калі я адхіліўся ад маршруту і вырашыў падняцца на Эльбрус... Пасля пад'ёму, фатаграфавання і шыкоўных эмоцый вырашыў не марнаваць час і з'ехаць з найвышэйшай гары ў Еўропе на самакаце. Але не падумаў, што прыйдзецца шмат тармазіць, і ў выніку «спаліў» колы. Таму ў другой палове падарожжа гэтыя два з паловай кілаграмы былі «мёртвым грузам». Але ўвогуле я лічу вопыт пазітыўным. Акрамя таго, не чуў, каб нехта падарожнічаў пры дапамозе самаката.

— Раскажы пра само падарожжа. Якія ўражанні засталіся ад краін Каўказа?

— Акрамя самаката, я карыстаўся і «старым добрым» аўтастопам. Даволі хутка дабраўся да Растова, вось там і пачаліся сапраўдныя прыгоды. На Каўказ мяне вёз дальнабойшчык, кабардзінец па нацыянальнасці. Ад яго я даведаўся пра гістарычныя спрэчкі паміж народамі, што жывуць на поўначы Каўказа: самімі кабардзінцамі, балкарцамі, асецінамі, чачэнцамі. Там шматвекавыя канфлікты, у якіх, як мне здаецца, ужо не засталося ні правых, ні вінаватых. Але, напэўна, галоўная рыса гэтых народаў — гасціннасць. Яна сапраўды ўзведзеная ў культ, госця там ніколі не пакрыўдзяць.

...Адзін з самых яскравых успамінаў першых дзён — начлег непадалёк ад ракі Баксан. Не перадаць словамі, як гэта прыемна — засынаць, калі горная рэчка нешта шэпча табе на вуха... Пасля быў якраз мой паварот на Эльбрус, пра які я ўжо распавядаў. Пабачыў снегавыя шапкі.

«Братам будзеш, так?!.»

12-12

— Далей быў прыезд ва Уладзікаўказ і, напэўна, адзіны негатыўны выпадак за ўсё падарожжа. На запраўцы да мяне падышлі мясцовыя нападпітку, папрасілі пяцьсот рублёў. Грошай у мяне не было, але яны заўважылі нож, які ляжаў у кішэні. Адзін з хлапцоў выхапіў яго, і мне ўпершыню стала вельмі страшна...

Але крыўда хутка змянілася радасцю. На вуліцах Уладзікаўказа пазнаёміўся з іншымі хлопцамі, расказаў ім пра гэты выпадак. Яны доўга прасілі прабачэння за суайчыннікаў і запрасілі мяне... на вяселле.

— І ты пабываў на сапраўдным асяцінскім вяселлі?

— Так, менавіта тут і прыйшлася да месца кашуля, якую я ўзяў з Мінска. Туфлі мне далі тыя самыя хлопцы. Ведаеце, каўказскае вяселле — гэта нешта непаўторнае. Святкаванне адбывалася ў кавярні, запрошана было 350 чалавек. Хоць мясцовыя кажуць, што багатым лічыцца вяселле з тысячай гасцей! Вядома, ніякай размовы пра «ўсе адно аднаго ведаюць» не ідзе. Трапляюць туды і зусім новыя людзі, як я. Падарункаў амаль ніхто з сабой не бярэ, лічыцца, што твой прыход на вяселле — ужо падарунак. Пакаштаваў тамтэйшыя стравы і напоі (ніколі не забуду смак пірага з мясам!), раззнаёміўся з усімі, у тым ліку з жаніхом. Зразумела, пачалося: «Ты адкуль?», «Куды едзеш?» і гэтак далей. Раказаў пра Беларусь, пра тое, што падарожнічаю. Адразу стаў для ўсіх сябрам і «братам». Было весела. Дагэтуль падтрымліваю сувязь з тымі хлопцамі, яны цікавяцца маімі справамі.

— Далей па маршруце былі Грузія і Арменія...

— Да Грузіі я даехаў з караванам дальнабойшчыкаў-армян. Так я апынуўся ў Тбілісі. Стары горад — гэта шыкоўна! Да некаторых будынкаў дакранешся — глядзі, каб цагліна не адвалілася. З іншых цікавых мясцін у Грузіі, што я наведаў, — музей Сталіна ў Горы. Пасля начаваў у Кутаісі на даху дома, заехаў у Батумі, дзе мяне «накрыла» залевай. І накіраваўся ў Арменію.

Па дарозе спыніўся ў ауле, упершыню ў жыцці пачуў, як спявае мула. Калі нарэшце трапіў у Арменію, трохі здзівіўся. Людзі тут больш закрытыя, не братаюцца з першым сустрэчным так хутка. Але мне гэта нават спадабалася. Да таго часу я ўжо стаміўся ад новых людзей і хацеў трохі адпачыць, хадзіў па горадзе ў навушніках. Найлепшыя ўражанні засталіся ад Арарата: з'ездзіў да падножжа вулкана, сфатаграфаваўся. Далей з цяжкасцямі дабраўся да Азербайджана і трохі змарыўся. Ужо хацелася дадому, адпачыць. Вяртаўся тым жа шляхам, якім ехаў і на Каўказ. Агулам падарожжа заняло ў мяне месяц — увесь верасень.

— Куды плануеш адправіцца цяпер?

— Галоўная задума — падарожжа ў Нідэрланды. Але трэба дачакацца канікул.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.