Вы тут

Рыцар, віскі і rock'n'roll


...Што ж гэта за цудоўны інструмент такі — гітара? Далібог, д'яблава задума. Спецыяльна рагаты падараваў яе людзям, каб струнамі, быццам сеткай, лавіць душы людскія. Больш за тое, яшчэ і адмысловую музыку пад гэтую справу арганізаваў — рок-н-рол называецца. Трасіся і круціся. Музыка моцных, музыка рамантычных; музыка абурэння, жалю і свабоды; музыка сексу і музыка цноты. Колькі розных пачуццяў можа перадаць яна — то змрочная, быццам багна, то празрыстая, як веснавы ручай! А гітарнае сола пасярод песні? Ці не замірала вашае сэрца, калі, імкнучыся прадказаць наступную ноту ў бясконцым гукавым струмені, вы несліся кудысьці ўгору?...

12-27

Маркотны блюз Мадзі Уотэрса, які толькі што на ўсю трохпакаёўку апавядаў пра цяжкія гадзіны рабскай працы на паўднёваамерыканскіх плантацыях, змяніўся густым, як англійскі туман у восеньскую ноч, гітарным рыфам ад Тоні Аёмі, а ў таго ўжо быў гатовы перахапіць эстафету Джэймс Хэтфілд, гук гітары якога нагадваў рык бензапілы. Але чалавек, што стаяў каля акна, не звяртаў увагі на музыку.

«Так, Андрэй, — звярнуўся ён сам да сябе. — Гэта, здаецца, тваё найгоршае лета. Пяць гадоў жыцця ў Мінску, пяць гадоў вучобы — і вось ты зноў там, адкуль пачаў, у сваім горадзе. Аднак цяпер тут ні сяброў, якія разбегліся ў пошуках лепшай долі, ні юнацтва, а толькі размеркаванне і дні, што цягнуцца, як тыя пяцікурснікі на першую пару ў панядзелак. Становішча — дрэнь. Каб яго пранцы з'елі». Прамовіўшы апошнюю фразу ўголас, хлопец адышоў ад акна і агледзеў пакой.

Сёння быў суботні вечар. Новай кампаніі Андрэй яшчэ не знайшоў, а са старой на выхадныя ніхто не прыехаў, таму заставалася ісці ў адзіны на ўвесь горад рок-бар «Іron man» у самоце, як пілігрым, што кіруецца ў Святую зямлю.

Андрэй быў настаўнікам англійскай мовы. Гожы высокі бландзін з доўгімі кучаравымі валасамі, сабранымі ў хвост, з шырокімі плячыма (давялося займацца боксам у юнацтве), ён нагадваў калі не маладога камандзіра варажскай дружыны, то сярэднявечнага рыцара з рамантычных гравюр. А блакітныя вочы з дзёрзкай ільдзінкай, што рабіла позірк жорсткім і нават здзеклівым, нейкім цудам спалучаліся з лагоднай усмешкай. Не адзін жаночы бастыён быў заваяваны гэтым ваяром.

Больш за месяц прайшло ад тае пары, як Андрэй пераехаў назад да бацькоў. Ён з дзяцінства хацеў вывучыць англійскую мову, але настаўнікам стаў выпадкова — на перакладчыка не хапіла балаў. Менавіта таму Андрэй лічыў два гады адпрацоўкі ў школе марнаваннем часу. Пасля ўсё роўна прыйдзецца мяняць работу. Толькі каму ты будзеш патрэбны з педагагічным вопытам?

Пакуль хлопец знаходзіўся тут, ён заўважыў цікавую рэч: вярнуцца са сталіцы ў мясціны свайго юнацтва — гэта не толькі пераадолець прастору, але яшчэ і час.

За вокнамі цягніка мільгаюць дрэвы, якія быццам бы адлічваюць гадзіны ў адваротным кірунку, і вось ты ўжо сыходзіш на платформу і трапляеш у абдымкі роднага горада, а за спінай застаюцца дзве сотні кіламетраў і гадоў сем уласнага жыцця.

А тут усё, як тады, калі ты апошні раз танцаваў на школьнай дыскатэцы альбо піў сваю першую пляшку піва каля гаражоў. Кожныя выхадныя мясцовыя вуліцы, як і раней, боўтаюцца ў алкагольна-шансонным расоле, што тыя агуркі ў слоіку. Гопнікі шукаюць прыгод і вяселля, невялікія купкі «элітарнай», як яна думае, моладзі спяшаюцца ва ўтульныя месцы, каб «патусавацца» без старонніх вачэй; панкі п'юць усё, што не атрута, на прыступках гандлёвага цэнтра і потым ванітуюць сабе пад ногі; скінхэды шукаюць замежных студэнтаў, а тыя сядзяць у інтэрнатах і забаўляюцца з дзяўчатамі. І ўвесь гэты навакольны свет абавязкова збярэцца ўвечары каля дыскатэк, начных клубаў і шапікаў з півам, дзе нехта будзе гарланіць песні ў караоке.

Між тым недзе за даляглядам узнікалі субкультуры, нараджаліся і паміралі музычныя і грамадскія плыні, праходзілі мітынгі, віравалі войны і палалі рэвалюцыі. Але ўсё гэтае не магло разварушыць звычайную хаду тутэйшага жыцця, як не можа мураш зрушыць вялікі валун, што ляжыць на ўскрайку лесу. Хаця, шчыра кажучы, знешне горад стаў іншым, больш утульным. Ужо не стаялі на вуліцах старыя «Ікарусы», якія ўзімку здаваліся невялікімі філіямі ледзянога пекла, а летам — мабільнымі лазнямі. Былі адрамантаваны і пафарбаваны фасады будынкаў, перакладзена брукаванка, усталяваныя новыя ліхтары. На жаль, не з'явілася толькі пешаходнай вуліцы. Аднак хто ведае, што будзе яшчэ праз пару гадоў?

Горад змяніў свой твар, але ягоная душа змяняцца не хацела.

— Трэба збірацца. Чаго тут сядзець? Можа, хоць па вуліцах пахаджу, сустрэну каго, — сказаў сам сабе Андрэй і дадаў: — Та-а-ак, пачнеш тут, быццам шызафрэнік, сам з сабой размаўляць. А ці так гэта дрэнна? Чалавек сам сабе — добры суразмоўца. І ўвогуле, сёння пагутарыць з разумным — вялікае шчасце.

Сабраўся хутка: лета, адзення няшмат. Кабейнаўская кашуля з доўгімі рукавамі, каб увечары камарэча не зжэрла, джынсы і кеды — вось і ўся экіпіроўка.

У апошнія гады вопратцы пачалі надаваць шмат увагі ў клубах ці барах. Кеды пад татальнай забаронай паўсюль, акрамя «Жалезнага чалавека». Адна справа, калі прыхільнік песень пра турму, адпрацаваўшы на заводзе ці ў аўтапарку, ідзе адпачыць у лакіраваных, з выцягнутымі дзюбамі, дыхтоўных туфлях, а потым імі дае п'янага выспятка такому ж франту, не выходзячы з кавярні, і зусім іншая — калі туды прыходзіць настаўнік у кедах. Гэты вахлак адным сваім выглядам зняважыць пачуццё прыгожага ў шаноўных гасцей высакароднай карчмы.

А ў «Жалезным» па вопратцы не сустракалі. Туды ніколі не сунуліся тыя, хто, як той казаў, быў не ў тэме. Нават панкі, найбліжэйшыя сябры рокераў, прыходзілі туды рэдка. Свабоду панка сціскалі такія дэмакратычныя сцены, якія, у дадатак, не звярталі ўвагі на правакацыі. Вядома ж, панк не можа без правакацый: разважныя месцічы ад аднаго яго выгляду не спяць паўночы. А яшчэ панк бывае філосафам. Андрэй аднойчы хацеў дапамагчы такому, які не мог п'яным падняцца з лужыны, а ў адказ пачуў толькі патрабаванне адысці, не засланяць святло месяца. Чым не мясцовы Дыяген?

Атрымалася так, што раней за знешнім выглядам пільна сачылі толькі кампаніі гопнікаў, якія вырашалі, што значыць выглядаць «па-пацанску», а сёння гэта адсочваецца на амаль афіцыйным узроўні. Тады было цікавей: некалькі дэталяў гардэроба хапала, каб, як тут кажуць, выхапіць у лыч. А якія былі цудоўныя дармавыя дваровыя цырульні! Доўгавалосы рокер мог прыгламурыць прычоску паголенай паласой пасярод галавы ад ілба да патыліцы толькі за «дзякуй».

Андрэй ішоў па цэнтральнай вуліцы і з асалодай дыхаў летнім паветрам. Дзень таму ў парку скасілі траву, і таму горад пах вёскай. Не так, як гэта разумее сноб-гараджанін, а так, як насамрэч пахне вёска: скошанай на раніцу травой, сырадоем і сухімі яблыкамі-ягадамі з печы. Усё тут было цёпла і неяк па-свойску міла. Ад такой хатняй утульнасці Андрэй адвык у Мінску. Тут кожны калі і не ведаў кожнага, то мог лёгка знайсці агульных таварышаў. Хлопец ужо некалькі разоў паціснуў руку знаёмым, усміхнуўся прыяцелькам. У нейкім сэнсе горад, быццам вясковы надворак, быў працягам жытла гараджан, іх зонай камфорту. Даволі цікавая з'ява, улічваючы, што горад немалы па мерках краіны.

З такімі думкамі Андрэй адчыніў дзверы бара. Той сустрэў, як заўсёды, пахамі віскі, гарэлкі і піва, якія змяшаліся з клубамі цыгарэтнага дыму. Так яшчэ сустракае сябар, на вечарыну да якога спазняешся. Усміхаецца, ляпае па тваім плячы і прапануе келіх. Прывітаннем Андрэю былі словы «Yes, І'm back Yes, І'm back іn black», якія гучна вішчаў у мікрафон недзе там, у Брытаніі, Браян Джонсан.

Дзверы ў бар — як дзверы ў Сусвет. Кожны дзень тут можна было далучыцца да вандроўкі: насіцца з горада ў горад, з краіны ў краіну, з канцэрта на канцэрт, з часу ў час. Губныя гармонікі Чыкага, падпольныя канцэрты піцерскага рок-клуба, стадыёны Англіі і фэсты кантынентальнай Еўропы месціліся пад адным дахам у беларускім горадзе.

Т

ут жыла маладосць. І не было ніякай розніцы між тымі, хто танчыў пад Элвіса ў шасцідзясятыя, трос хаерам пад Оззі ў сямідзясятыя ці паказваў «казу» ўжо ў наш час. Бацькі і дзеці былі на адной назе — музыка аб'ядноўвала ўсіх. У такія месцы заходзілі душы мёртвых музыкаў, каб выпіць нябачны келіх са сваімі жывымі фанатамі.

А знешне — рок-бар як рок-бар: старыя постары на сценах, гітары, кружэлкі. Сталы, што нагадвалі барабаны, музычны аўтамат у куце, асвятленне, стылізаванае пад сцэнічнае, і, вядома ж, сцэна для жывых выступленняў — вось такі аскетычны інтэр'ер сустракаў наведвальніка.

Андрэй падышоў да бармена, які, як і належыць бармену ў вольны час, праціраў келіхі сурвэткай.

— О, каго я бачу! Здароў, Андрэй, — бармен паціснуў яму руку. — Як справы, змагаешся патроху?

— Здароў, Дзіма. Ды ну яго! Усё будзе так, як і павінна быць, як ты ні змагайся.

— Ага, бачу, сёння да нас зайшоў настаўнік-фаталіст, — Дзіма ўсміхнуўся. — Ну, і што будзе піць фаталіст? Што там у цябе пад такі абыякавы настрой?

— Давай віскі. Гэта ў мяне пад будзь-які настрой.

— Чысты?

— Не, давай з лёдам. Спёка ўвесь дзень, куды тут яшчэ і чысты? Ну а як вашы справы, ёсць кліенты?

— Сам разумееш, у нашым горадзе прыхільнік такога месца — на вагу золата.Таму бачыш, як мы ўсім дагадзіць стараемся.

— Дзякуй, — Андрэй усміхнуўся. — Ну, а новыя людзі заходзяць, ці ўсё старая кампанія?

— Бываюць і новыя. Вунь, глядзі, дзяўчо сядзіць у куце каля аўтамата. Вось яна — новая. Другі дзень запар прыходзіць, і ўсё адна.

Андрэй утаропіўся ў кут і ўбачыў яе. Дзяўчына сядзела, адкінуўшыся на спінку крэсла, і задумліва глядзела перад сабой. У яе чорных, колеру грэцкіх маслін, прамых валасах, вузкіх плячах, пульхных вуснах і крыху кірпатым носіку таілася простая і адначасова высакародная прывабнасць...

Вадзім Крук

Вадзім Крук нарадзіўся ў 1987 годзе ў горадзе Кохтла-Ярве ў Эстоніі. Па адукацыі інжынер, працуе ў банку. Любіць вандроўкі, гісторыю і рок-музыку. Цікавіцца традыцыйнай беларускай кухняй. Лічыць, што і ў штодзённай руціне тоіцца шмат захапляльнага, калі толькі да яе ўважліва прыгледзецца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.