Вы тут

Экалогія «Крок за крокам»


Нядаўна экалагічныя арганізацыі Беларусі прэзентавалі тэставую версію інтэрактыўнага трэнажора для педагогаў, бацькоў і іх дзяцей. Мультымедыйны камплект «Крок за крокам» складаецца з дыска і інфармацыйнай брашуры і, па сутнасці, нагадвае камп'ютарную праграму.

Каардынатар адукацыйных праектаў Цэнтра экалагічных рашэнняў (ЦЭР) Наталля ПАРЭЧЫНА больш падрабязна распавяла пра структуру «Крокаў»:

12-16

—Тут ёсць чатыры асноўныя секцыі — гэта ўласна віртуальны тур па гарадскіх пунктах, 28 тэм-параграфаў, энцыклапедыя раслін і жывёл Беларусі, 49 навучальных тэкстаў. Віктарына і тэставыя заданні дапамогуць праверыць свае веды. Прызнацца, заданні вельмі цікавыя, напрыклад, трэба адгадаць галасы птушак і жывёл — а гэта не так і проста, як можа падацца на першы погляд.

Намеснік дырэктара ЦЭР Дар'я ЧУМАКОВА раскрыла гісторыю з'яўлення мультымедыйнага праекта ў нашай краіне:

—Пілотныя версіі «Крок за крокам» убачылі свет яшчэ ў 2000 годзе. З таго часу праграма распаўсюдзілася па 18 краінах, у лік якіх трапіла і Беларусь. У Расіі яна існавала пад назвай «Зялёны пакет» і была вядома сярод нашых эколагаў. Цяпер мы можам пахваліцца ўласнай версіяй папулярнай методыкі. «Крок за крокам» адаптавана пад нашы рэаліі, напрыклад, у раздзеле «водна-балотныя ўгоддзі» даецца інфармацыя менавіта пра беларускія вадаёмы. Яна прынцыпова адрозніваецца ад іншых нацыянальных версій дзвюма тэмамі: арганічная сельская гаспадарка і біяэтыка. Дапамагалі адаптаваць праграму для беларусаў вядомыя эколагі: Ірына Сухій, Дзмітрый Вінчэўскі і Святлана Семенас. Фінансавую падтрымку аказаў Рэгіянальны экалагічны цэнтр для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Дарэчы, ёсць бясплатная версія, выкладзеная ў сеціве. Яна нічым не адрозніваецца ад аналага, прадстаўленага на дыску.

Пакуль арганізатары запускаюць эксперыментальную партыю для тэсціравання — у самім камплекце яшчэ хапае хібаў. У наступным годзе яны збіраюцца выпусціць дапрацаванае выданне вялікім накладам, каб хапіла ўсім беларускім школам.

12-15

Арганізатары далі магчымасць пратэсціраваць «Крок за крокам» і запрашаюць усіх ахвотных да гэтай справы. Што ж, пачынаем гульню з агульнай старонкі, адкуль трапляем у інтэрактыўны горад з бібліятэкай, домам, гарадскім паркам, плошчай, школай — нават транспартныя шляхі зносін ёсць. Сярод кнопак заўважаем «ратавальнае кола» — падрабязную інструкцыю па гульні.

Спачатку рушым у школу, дзе нам прапануюць адшукаць 5 інтэрактыўных месцаў. Выбіраем «Папяровыя аркушы» і праглядаем відэаролік пра вытворчасць драўніны, пасля чаго разумеем: паперай варта карыстацца некалькі разоў, а пасля аддаваць у перапрацоўку. На акне «вісіць» парада: рэгулярна праветрывайце класны пакой — менш цяпла «ўцячэ». А калі мыць вокны часцей, то і асвятлення спатрэбіцца менш. Да гэтай тэмы ёсць і дадатковая інфармацыя па забруджванні паветра, здароўі і навакольным асяроддзі.

Трапіўшы на аўтобусны прыпынак, даведаецеся пра плюсы і мінусы грамадскага транспарту, правілы руху на веласіпедзе ў горадзе.

Нагуляўшыся па гарадскіх пунктах, раю зайсці ў бібліятэку і паглядзець відэа з беларускімі жывёламі (ці чулі вы, як раве высакародны алень альбо гукае вушастая сава?), паназіраць за жыццём пчалінай сям'і, прасачыць шлях малака ад каровы да крамы.

Не менш цікавая і энцыклапедыя жывёл і раслін Беларусі. Пра арэшнікавую соню ёсць і тэкст, і фотаальбом, і нават відэа з нашай гераіняй у галоўнай ролі. Звычайная папяровая кніга не дае магчымасці пачуць жывёлу, а тут цэлая калекцыя галасоў!

Напрыканцы віртуальнай прагулкі можна праверыць замацаваны матэрыял, пагуляўшы ў віктарыну альбо выканаўшы тэст.

Пакуль арганізатары чакаюць прапаноў ад тых, хто прайшоў гульню: усё ж «Крок за крокам» існуе ў тэставай версіі і патрабуе больш дэталёвай прапрацоўкі. Так, у перакладах, у прыватнасці, у беларускамоўнай версіі, хапае граматычных і арфаграфічных памылак. Але, нягледзячы на «сыраватасць», праграма захоплівае інтэрактывам.

Кацярына РАДЗЮК.

Інфармацыя для зацікаўленых педагогаў: атрымаць тэставую версію на дыску можна ў офісе ЦЭР па адрасе: г. Мінск, пр-т Машэрава, 9, п. 317. Пратэсціраваць «Крок за крокам» у рэжыме анлайн можна па гэтай спасылцы httр://grееnstерs.rес.оrg/bе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.