Аптымісты


На ХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе сабраліся людзі, якія любяць кнігу і вераць у яе будучыню

12-38

Гэта нібыта вобразны адбітак Мінска: шырокія праспекты і скрыжаванні, абапал якіх раскінуліся маштабныя стэнды-павільёны, дзе жывуць кнігі і людзі, якія за іх адказваюць у розных краінах. Тут ёсць свой цэнтр, дзе і для аркестра знайшлося месца, і для сустрэч важных асоб. Ёсць і мікрараёны, больш далёкія ад цэнтра, дзе жыццё больш спакойнае, па кватэрах-стэндах, якія, можа, не такія маштабныя, але калі прыглядзецца — столькі імёнаў і твораў, столькі сваіх, знаёмых, ці тых, з кім бы хацеў пазнаёміцца. Вялікі комплекс на праспекце Пераможцаў у сталіцы ператварыўся ў своеасаблівы кніжны горад. У гэтыя дні асноўныя яго насельнікі — кнігі, розныя, на розных мовах, безліч кніжнай прадукцыі, якая прапаноўваецца не толькі для знаёмства, але і для продажу. Гэта месца, дзе нехта прадае кнігі, а нехта іх купляе. Першым і другім трэба знайсці адзін аднаго ў такім вялікім горадзе... Але першых і другіх павінна аб'ядноўваць нешта адно: святая вера ў тое, што друкаваная кніга — не толькі крыніца ведаў (і ўсё, што кажуць у такіх выпадках), гэта каштоўнасць, непадуладная часу, а таму тэхналогіі, якія б яны ні былі прасунутыя і паспяховыя, яе выцесніць не змогуць.

Напэўна, усё залежыць ад людзей: ці захочуць яны чытаць друкаваную кнігу, ці будуць спадзявацца толькі на тэхналогіі. А яшчэ ж істотна, каго чытаць ці што. І як выглядае тая самая друкаваная кніга, што дапамагае ёй не здавацца ў эпоху іншых тэхналогій у самых розных краінах свету.

28 краін прадставілі свае кніжныя выданні на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Усіх ад нашай краіны, ад імя Прэзідэнта вітаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі.

Сапраўды, хочаце — шукайце кнігі на беларускай мове (дзяржаўных і прыватных выдавецтваў Беларусі), глядзіце на рускай, украінскай, сербскай; калі чытаеце па-англійску, то калі ласка, цікаўцеся праграмай стэндаў Вялікабрытаніі, ЗША; ёсць кнігі на нямецкай мове, італьянскай, на французскай, калі хочаце, альбо сучасная французская літаратура ў перакладзе. Ёсць кнігі на такіх мовах, да гучання якіх мы зацікаўлена прыслухоўваемся: падыдзіце да стэнду Ірана, напрыклад. Ці Кітая...

— Кнігавыдаўцы з розных краін сабраліся, каб засведчыць: кніга ёсць і будзе заставацца мастком супрацоўніцтва паміж народамі, — адзначыла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. — Сёлета ганаровым госцем стала краіна, якая з'яўляецца стратэгічным партнёрам Беларусі, — Кітайская Народная Рэспубліка.

12-37

Гэты стэнд абмінуць наогул складана — цэнтральны і самы вялікі. Нават не стэнд, а тэрыторыя для прэзентацыі кітайскай культуры. Дзе, дарэчы, знайшлося месца і сучасным тэхналогіям, і кітайскім традыцыям. Тэхналагічна адкрылі сам стэнд: прыцісканнем рук кіраўнікоў кітайскай дэлегацыі і беларускіх партнёраў да чырвонай скрыні з белымі іерогліфамі. І так было прыгожа. Ад цеплыні рук скрыня знутры засвяцілася — і кожны іерогліф стаў выразна бачны. Прыцягвае. Наогул, імкнуцца прадстаўнікі Кітая зацікавіць сваім адмысловым пісьмом: у праграме шмат мерапрыемстваў з вывучэннем кітайскай мовы. Не ведаю, як наконт вывучэння, але можна хоць зразумець прынцып, паводле якога яны стварылі сваё іерагліфічнае пісьмо, дзе кожны сімвал — як загадка. Складанае пісьмо, неверагодная мова. Але гэты народ, нягледзячы на імкненне да тэхналагічнасці, усё ж традыцыі шануе, асабліва тыя, якія падкрэсліваюць адметнасць — моўную і наогул культурную. Яшчэ адна — графічны адбітак на рысавай паперы. Мастачка тут жа робіць і аддае — на белай паперы ці на чырвонай. Нашы людзі адразу заўважаюць — і выстройваюцца ў чаргу: шыкоўны ж падарунак ад Кітая!

А вось дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі нагадаў, што падарункі ад Кітая ў нас ужо дзейнічаюць гадоў дзесяць. Пры будаўніцтве бібліятэкі ў Беларусі ад Кітайскай Народнай Рэспублікі атрымалі тэхнічнае абсталяванне. І на выставу ў Мінск дэлегацыя Кітая прыехала з кніжнымі падарункамі для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Кітай адказна падрыхтаваўся да Мінскага кірмашу: дэлегацыя прыехала немалая — больш за 80 чалавек, прадстаўлена 5000 кніг. Хто больш?

Можа, Расійская Федэрацыя. У яе свая галоўная ідэя, якая знайшла адлюстраванне на выставе: шмат кніжных праектаў, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі. Гэта цяпер святое для расіян, беларусаў, увогуле многіх народаў свету: шэраг праектаў сумесных, нават у рамках СНД. А вось што ёсць выключна расійскае (як прыклад для іншых) — 2015 год абвешчаны Годам літаратуры ў Расійскай Федэрацыі.

— Значная частка экспазіцыі прысвечана выданням класічнай і сучаснай літаратуры, — гаворыць Наталля Крэчатава, начальнік аддзела міжнароднага і рэгіянальнага супрацоўніцтва Дэпартамента сродкаў масавай інфармацыі і рэкламы горада Масквы. — Акрамя таго, самастойны раздзел прысвечаны выданням, якія выйшлі пры супрацоўніцтве з беларускімі калегамі. Культура і кніга былі заўсёды тымі фактарамі, што аб'ядноўваюць краіны і народы.

— Кніга цяпер перажывае цяжкія часы, — адзначыў паэт Генадзь Іваноў, першы сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі. — Усё менш людзей гатовыя купіць кнігу за любыя грошы. Тыражы змяншаюцца. Але мы, хто прыйшоў на гэтую выставу, нібыта працягваем будаўніцтва кніжнага каўчэга, на якім калі-небудзь уратуюцца людзі.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.