Вы тут

Паглядзець на Радзіму «збоку», або Дзеля чаго студэнты едуць у замежжа


 Апошнім часам Беларусь стала даволі актыўнай удзельніцай многіх міжнародных студэнцкіх праграм і праектаў. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, напрыклад, супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі і арганізацыямі з больш чым 50 краін свету. Студэнты факультэта міжнародных адносін БДУ, якія ўжо паспелі адвучыцца за мяжой у рамках розных праграм, падзяліліся сваімі ўражаннямі і расказалі, што трэба рабіць, каб атрымаць грант на навучанне.

Студэнткі Аліна Ляшок (ІV курс) і Марыя Відзевіч (V курс) мінулы навучальны год правялі ў іспанскім горадзе Більбаа. Для таго, каб атрымаць грант на навучанне, дзяўчыны яшчэ напрыканцы 2012 года падавалі заявы і неабходныя дакументы (іх спіс ёсць на сайце БДУ). Аднак пры адборы ўдзельнікаў найбольшую ўвагу надаюць матывацыйнаму пісьму. Маша, напрыклад, двойчы падавала дакументы на ўдзел у Erasmus Mundus. Першы раз аказалася ў спісе «запасных» толькі з‑за матывацыйнага пісьма. Другі раз падышла да яго напісання больш сур'ёзна, улічваючы ўсе памылкі першай спробы.

12-21

—Прыехаўшы ў Іспанію, я неяк даволі спакойна ўсё ўспрымала. Цяжкасцяў ніякіх не ўзнікла, — расказвае Марыя Відзевіч. — Але розніца паміж нашай сістэмай адукацыі і іспанскай даволі вялікая. Калі ў Беларусі я павінна вывучыць каля 10–12 прадметаў за семестр, то ў Іспаніі — толькі 5. Дарэчы, студэнт сам выбірае дысцыпліны, якія будзе вывучаць. Да ўсіх выкладчыкаў можна было звяртацца на «ты». Няма ў іспанцаў і такога, каб вучыліся «дзеля дыплома». Калі ўжо ты выбраў спецыяльнасць «турызм», то абавязкова хочаш і будзеш працаваць у гэтай сферы. Прыемна здзівіла мяне і тое, што перад іспытамі ў шасціпавярховай бібліятэцы ўніверсітэта Дэуста нельга знайсці вольнага месца. У нас, на жаль, мне такога бачыць не даводзілася.

Што датычыцца вольнага часу, то іспанцы ведаюць, як весяліцца. І гэта не толькі клубы і бары. Студэнты шмат часу праводзяць ва ўніверсітэце — у кафетэрыях. Яны размаўляюць, нешта распрацоўваюць — там пануе сапраўдная студэнцкая атмасфера.

Аліна Ляшок у першую чаргу адзначае практычную арыентаванасць навучання ў Іспаніі:

—З пешых лекцый мы пачалі разбіраць прыклады канкрэтных сітуацый, з якімі студэнты могуць сутыкнуцца, калі пойдуць працаваць. Увогуле, заняткі праходзілі ў жывой размове, выкладчыкі пастаянна звярталіся да студэнтаў, задавалі навадныя пытанні. Прыемнай была і адкрытасць іспанскіх студэнтаў: яны дапамагалі нам, замежнікам, нешта тлумачылі, бралі да сябе ў групу для выканання цяжкіх праектаў. Дарэчы, ніколі не бачыла, каб хоць адзін іспанец панікаваў з прычыны вялікага аб'ёму хатняга задання. Тут увогуле да вучобы ставяцца спакойна, умеюць добра распланаваць свой час, а выхадныя дні цалкам прысвячаюць адпачынку.

На пытанне, ці з'явілася жаданне пасля заканчэння вучобы ў Беларусі пераехаць у Іспанію, Марыя адказала:

—Шчыра кажучы, на факультэт міжнародных адносін БДУ я пайшла таму, што хацела некуды паехаць. А пасля 10 месяцаў за мяжой змяніла свае думкі на гэты конт. Нягледзячы на тое, што я магла вандраваць па Еўропе, у мяне была добрая стыпендыя і я жыла ў краіне мараў — Іспаніі, адчуванне таго, што ты тут «не свой», заставалася.

  

Валерыя Кірыльчык (V курс) па праграме Erasmus Mundus вучылася ў Варшаўскай школе эканомікі (Szkola Glowna Handlowa). На другім курсе дзяўчына трапіла на арганізацыйны сход для студэнтаў, які праводзіць упраўленне міжнародных сувязяў БДУ.

—Там мне далі неабходную для ўдзелу ў праграме інфармацыю, але я не скарысталася ёй. Узгадала толькі праз паўгода, — расказвае са шкадаваннем студэнтка. — Чым старэйшы студэнт, тым цяжэй стаць удзельнікам, аднак мне пашчасціла — я атрымала грант.

Адным з галоўных плюсоў адукацыйнай сістэмы ў Польшчы, на думку Леры, з'яўляецца прынцып выбару не толькі прадметаў, але і выкладчыкаў. Да таго ж пасля першага тыдня вучобы ёсць магчымасць змяніць расклад (калі што-небудзь ці хто-небудзь не апраўдалі чаканняў).

—Той факт, што студэнты самі робяць выбар, стымулюе выкладчыкаў працаваць лепш, зарабляць рэпутацыю. Звычайна ў раскладзе першымі ставяць тыя дысцыпліны, якія карыстаюцца большым поспехам, а астатнія падстройваюць пад іх, — тлумачыць дзяўчына.

Яшчэ адзін важны момант, які ўзгадала Валерыя, — ІT-рашэнні для раскладу, выбару прадметаў, кантролю за адзнакамі, заданнямі выкладчыкаў. У Варшаўскай школе эканомікі існуе вэб-платформа, дзе кожны выкладчык для кожнага курса можа стварыць асобную старонку, каб размяшчаць інфармацыю пра свой прадмет, патрабаванні; загружаць туды дапаможнікі, прэзентацыі; там ёсць пошта для кансультацый, адпраўкі хатніх заданняў і табеляў з адзнакамі. Для студэнтаў гэта вельмі зручна.

12-22

Правучыўшыся 10 месяцаў па праграме, Лера адзначае, што студэнтаў Erasmus можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі: тыя, хто прыехаў атрымліваць веды (гэта звычайна беларусы, малдаване, украінцы і прадстаўнікі іншых постсавецкіх краін), і тыя, хто прыехаў адпачыць (еўрапейцы, часткова азіяты). Таму і інтарэсы ў студэнтаў-замежнікаў розныя. Але для іх збліжэння арганізоўвалі шмат мерапрыемстваў і экскурсій. Польскія ж студэнты амаль не адрозніваюцца ад беларускіх, ды і ўвогуле там шмат беларусаў вучыцца.

Для Леры падчас вучобы ў Польшчы асабліва важным было «забраць» як мага больш ведаў ці хаця б іх крыніц. Бо ў БДУ некаторых дысцыплін, што выкладаюцца ў Варшаўскай школе эканомікі, проста няма.

—Пасля ўдзелу ў праграме цяжка матываваць сябе вучыцца па нашай сістэме. На жаль, я так і не змагла на пятым курсе знайсці ў сабе сілы аддаваць шмат часу на прадметы, неарыентаваныя на практыку — прызнаецца дзяўчына.

  

Андрэй Дубіна (V курс) вучыўся два семестры ва ўніверсітэце Бардо ў Францыі таксама па праграме Erasmus Mundus.

—Існуе погляд, нібыта ў Еўропе жыць лепш, чым у нас. Так, безумоўна, Францыя — цудоўнае месца, але не настолькі, наколькі прынята лічыць. Усё пазнаецца ў параўнанні, — дзеліцца ўражаннямі Андрэй.

Сістэмы вышэйшай адукацыі Францыі і Беларусі вельмі розныя. Французская перш за ўсё накіравана на матывацыю студэнтаў, на тое, каб яны ўсё рабілі самастойна. У Францыі на першы курс бакалаўрыяту дзяржаўных «універаў» бяруць усіх. Да трэцяга курса давучваюцца нямногія. Кожны год трэба атрымліваць больш за палову балаў ад максімуму на экзаменах. Падыход да ўсіх студэнтаў роўны. Залікоўка на цябе не працуе (яе там проста няма). Потым, як правіла, ідуць вучыцца ў магістратуру. Усе пяць гадоў (бакалаўрыят + магістратура) трэба варушыцца, старацца. Вучыцца ў Францыі дакладна не складаней, але няма такога, як у нас: тут многія кажуць, што цяжкія толькі першыя два курсы, а на апошніх можна ўжо і расслабіцца.

Стыпендыі, якую плацілі хлопцу па праграме, хапіла не толькі на тое, каб нармальна жыць, але і на тое, каб павандраваць. Падчас вучобы ён наведаў дзесяць краін Еўропы.

  

Крысціна Мароз, таксама пяцікурсніца, прыняла ўдзел у праграме двухбаковага супрацоўніцтва БДУ і Лейпцыгскага ўніверсітэта (стыпендыяльная праграма «Агрыкола» Саксонскага міністэрства навукі і мастацтва). Для таго, каб на 10 месяцаў стаць студэнткай эканамічнага факультэта апошняга, дзяўчына цягам года рыхтавалася на спе-
цыяльных курсах нямецкай мовы (пры БДУ), пасля здавала экзамен, прыходзіла на гутарку. Але такі доўгі і нялёгкі працэс атрымання гранта быў недарэмным — Крысціна ў захапленні ад свайго навучання ў Германіі.

—Мне вельмі спадабаліся нямецкія студэнты, іх мэтанакіраванасць: яны цэняць свой час; амаль усе, з кім мне давялося пазнаёміцца, падпрацоўвалі. На заняткі ва ўніверсітэце яны ходзяць не таму, што так трэба, а таму, што ім гэта сапраўды цікава, — расказвае Крысціна. — Часта нам давалі групавыя заданні, калі студэнты па пяць-шэсць чалавек выконвалі адзін праект. Як правіла, немцы вучацца ва ўніверсітэце, а не дома, як мы. Дом для іх — гэта месца, дзе яны адпачываюць.

Безумоўна, яшчэ адным цікавым здабыткам нямецкай сістэмы адукацыі можна лічыць супрацоўніцтва навучальных устаноў з кампаніямі і прадпрыемствамі. Так, у Германіі ёсць прадметы, якія выкладае прафесар і які-небудзь менеджар ці супрацоўнік фірмы.

—Незвычайным было і тое, што выкладчыкі ў Лейпцыгу час ад часу прасілі напісаць некалькі слоў пра заняткі, манеру выкладання, змест лекцый. Пасля яны абавязкова аналізавалі ўсе заўвагі, тлумачылі некаторыя моманты. Вельмі здзівіла, што студэнты адкрыта казалі абсалютна пра ўсе моманты, часта пакідалі каментары накшталт «У вас класны гальштук» і нават «У вас была расшпілена шырынка».

  

Яраславу Марцінкевічу (V курс) паехаць вучыцца за мяжу дапамагло валоданне шведскай мовай. Хлопец вывучае яе з першага курса на ФМА. Спецыяльна для такіх, як ён, Шведскі інстытут, які займаецца распаўсюджваннем мовы, выдзяляе гранты. Для таго, каб яго атрымаць, Яраслаў пісаў матывацыйны ліст, не апошнюю ролю сыгралі і рэкамендацыі выкладчыкаў.

—Асноўнай мэтай маёй паездкі ў Швецыю было давядзенне валодання мовай да найвышэйшага ўзроўню. Гэтым я і займаўся ў Вышэйшай народнай школе ў маленькім горадзе Фэргеланда. Там вучыўся разам са шведамі, акрамя мяне, замежнікаў не было, — расказвае хлопец, які вярнуўся ў Беларусь зусім нядаўна і яшчэ час ад часу ўстаўляе ў размову шведскія словы.

  

Кацярына Сямёнава летась скончыла БДУ і адразу ж вырашыла пайсці ў магістратуру, але выбрала не беларускую, а замежную. Цяпер дзяўчына вучыцца на даволі прэстыжнай спецыяльнасці «Кіраванне гатэлямі і рэстаранамі» ў Oklahoma State Unіversіty (ЗША). Кацярына самастойна адшукала інфармацыю пра грант на навучанне ў інтэрнэце.

—Паступіць мне вельмі дапамагла праграма Opportunіty ад Educatіon USA, — расказвае Каця. — Каб удзельнічаць у ёй, трэба было напісаць эсэ пра тое, чаму жадаеш вучыцца ў ЗША, што збіраешся там вывучаць, і ў дадатак трэба было пералічыць універсітэты, якія ў выніку паспяховага паступлення могуць прапанаваць табе поўную стыпендыю. І такія ВНУ ў ЗША ёсць. Праграма пакрыла кошт экзаменаў, неабходных для залічэння ва ўніверсітэт (TOEFL, GMAT), кошт разгляду ВНУ маіх дакументаў, візавыя зборы, а таксама кошт квітка на самалёт да Штатаў. І ўжо там па гэтай жа праграме мне пералічылі аднаразовую стыпендыю на першапачатковае ўладкаванне.

У ЗША ўсе выкананыя заданні студэнты здаюць анлайн. Роўна ў вызначаны час сістэма закрываецца, і таму тут не бывае «можна, я заўтра данясу?» Таксама няма правіла «трох дзён для падрыхтоўкі да экзамену». Так, калі апошні занятак у Каці быў у пятніцу, у панядзелак, аўторак і сераду адзін за другім яна ўжо здавала іспыты. Сесія ў ЗША — гэта не лепшы час даведацца, «аб чым усе гэтыя прадметы былі».

  

Кожны са студэнтаў, якому давялося павучыцца за мяжой, лічыць, што досвед, які яны атрымалі, карысны. Хлопцы і дзяўчаты раяць усім студэнтам спрабаваць атрымаць грант, тым больш што магчымасцяў для гэтага шмат. Вельмі важна, што амаль усе адзначылі незвычайнае пачуццё, якое з'явілася пасля таго, як яны вярнуліся на Радзіму:

—Нейкія з маіх комплексаў былі развеяны, з'явілася больш упэўненасці ў сабе, думаць я стала больш шырока. Цяпер здаецца, што ўсё магчыма, варта толькі захацець, — кажа Крысціна Мароз.

Кацярына Сямёнава лічыць, што такія паездкі мяняюць чалавека. «Але трэба быць гатовым да самастойнасці, пачынаць сяброўства з нуля, прымаць іншы ўклад жыцця спакойна і з павагай», — тлумачыць дзяўчына.

Валерыя Кірыльчык думае так: «Вучоба за мяжой аказалася карыснай не толькі для таго, каб «падцягнуць» мовы, але і каб паглядзець на сваю краіну збоку, заўважыць яе адрозненні ад іншых і ўбачыць усе яе магчымасці».

Ганна Курак, студэнтка ІІІ курса
Інстытута журналістыкі БДУ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».