Вы тут

«Буду героем, як мой прадзед»


Сімвалічна, што значная частка мерапрыемстваў на выставе-кірмашы была прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі, якое сёлета адзначыць амаль увесь свет.

Адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката «Нам дарагі свет», які праводзіўся сярод моладзі краін СНД. Наша газета неаднойчы пісала пра гэтае ўнікальнае мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі Міністэрства інфармацыі і Міністэрства абароны Беларусі, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Выдавецкі дом «Звязда».

12-39

— Мы сёння думаем пра будучыню, — падкрэсліла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Будучыня — у тых дзецях, якія вучацца за школьнай партай, у тых маладых людзях, якія спасцігаюць азы прафесіі ў вышэйшых навучальных установах. Але не толькі прафесіяналізм з'яўляецца важнай, неабходнай якасцю для развіцця асобы, дзяржавы. Вельмі важна, каб пакаленне беларусаў убірала ў сябе гісторыю і святыя традыцыі, што прыйшлі да нас ад бацькоў, дзедаў і прадзедаў. Міністэрства інфармацыі з падтрымкай Міністэрства абароны, акадэміі мастацтваў нашай краіны рэалізавала перспектыўны ідэалагічны праект. Было вельмі важна адчуць, як маладое пакаленне не толькі беларусаў, але і прасторы СНД адносіцца да тэмы гістарычнай памяці. І мы ўбачылі: на конкурс прыйшло больш чым 300 работ, што яшчэ раз сведчыць — у нас цудоўная моладзь, якая шануе подзвіг продкаў. А гэта значыць, што сцяг Перамогі будзе заўсёды ў надзейных руках.

Як зазначыў міністр абароны Андрэй РАЎКОЎ, вельмі важна разумець, што і ў Год моладзі, і ў год 70-годдзя Перамогі самае галоўнае для нас — патрыятызм пры выхаванні моладзі. «Сёння мы гаворым аб тым, што маладыя людзі ў плакатах выказалі сваю душу, думкі, погляд на навакольны свет, на такую падзею як Вялікая Перамога, — дадаў міністр. — Яна і з'яўляецца злучальным звяном паміж краінамі — удзельніцамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Асабліва ярка гэта праяўляецца цяпер, калі вельмі важна, каб нашы дзяржавы ўзаемадзейнічалі адна з адной, развіваліся ў імя міру і стабільнасці на зямлі».

Пераможцам конкурсу стаў плакат «Я таксама буду героем — як мой прадзед». Аўтары, квартэт з Гродна, па ўзнагароду прыехалі асабіста. Гэта маладая сям'я Адасік — Ігар, Ксенія і маленькая Адэліна — і студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Перагудаў. Як прызналіся маладыя бацькі, дачку да стварэння плаката прыцягнулі невыпадкова. «Дзеці павінны ведаць пра гераічныя подзвігі сваіх продкаў, а наша задача — ім дапамагчы», — упэўнены аўтары.

Як расказаў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл БАРАЗНА, другое месца ў конкурсе плаката прысуджана ўдзельніку з Арменіі, трэцяе падзелена паміж трыма прадстаўнікамі з Расіі і Казахстана. «Мастацтва плаката Беларусі — вялікі здабытак культуры і выдавецкай практыкі, — перакананы Міхаіл Баразна. — Імёны найлепшых мастакоў, дызайнераў у галіне плаката з'яўляюцца сусветнай элітай гэтай творчасці. Упэўнены ў будучыні конкурсу, бо моладзь адгукнулася на наш заклік. Мерапрыемства паказала, што маладыя людзі вялізнага кантынента паважаюць і шануюць сімвалы Перамогі, жадаюць даносіць людзям самыя высокія каштоўнасці нашых народаў. Спадзяюся, што найлепшыя працы будучых конкурсаў стануць сур'ёзным укладам у развіццё сусветнага плаката».

У сваю чаргу Нацыянальная кніжная палата і Нацыянальная бібліятэка Беларусі прэзентавалі шэраг выданняў ваеннага часу. Вядома, што ў той трагічны для нашай гісторыі час, грамадскае жыццё не спынялася. Таксама друкаваліся кнігі, у чым можна было ўпэўніцца на выставе. Кнігі дзяржаўнага выдавецтва БССР, Акадэміі навук БССР. Выдаваліся каталогі выстаў беларускіх мастакоў, біяграфічныя звесткі народных артыстаў, школьныя падручнікі, дзіцячая літаратура.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва прэзентавала фотаальбом «Перамога — адна на ўсіх». Дарэчы, творчы праект стаў пераможцам
54-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Перамога». Фотаальбом змяшчае каля 400 унікальных фотаздымкаў. У асноўным, гэта фатаграфіі з архіва БелТА, Нацыянальнай бібліятэкі, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. На фотаздымках адлюстраваны не толькі ваенны перыяд. Тут паказана наша краіны ў перадваенны час, у этап аднаўлення пасля вайны, адлюстравана тэма мемарыялізацыі народнай памяці.

— Для кожнага з нас, хто жыве ў гэтай краіне, Перамога — нешта асабістае, — упэўнены адзін з аўтараў ідэі, генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый ЖУК. — Яна не абышла ні адну сям'ю, у тым ліку маю. Таму да гэтага праекта я адносіўся як да нечага вельмі асабістага. Мы з асаблівай цеплынёй падбіралі фатаграфіі, шмат іх абмяркоўвалі.

Адной з пляцовак XXІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу стаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут расійскія ўдзельнікі выставы правялі ваенна-патрыятычную акцыю. «Гэта тэатралізаваны монаспектакль сучасных пецярбургскіх паэтаў на тэму вайны, які называецца «На 2-м Беларускім...», — расказала праграмны дырэктар X Міжнароднага кніжнага фестывалю Яна МЯЖЭЙНІКАВА. — Падобную імпрэзу мы ладзілі на Віцебскім вакзале ў Пецярбургу. Такія акцыі вельмі патрэбныя: яны дазваляюць людзям далучыцца да нашай гісторыі, зразумець яе і не дапусціць класічных памылак мінулага».

Здаецца, усе мерапрыемствы выставы-кірмашу ваенна-патрыятычнага зместу і былі накіраваны на тое, каб шанаваць і памятаць...

Вераніка КАНЮТА.

Пераможцы Міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката Аляксандр Перагудаў, Ігар, Ксенія і Адэліна Адасік (злева направа).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.