Вы тут

У госці да суседзяў


У Вільнюсе завяршылася міжнародная выстава турызму і актыўнага вольнага часу ADVENTUR 2015, у якой удзельнічала больш за 200 кампаній з 19 краін свету, у тым ліку і з такіх далёкіх, як Інданезія, Іран, Тайланд, Сейшэльскія астравы. У выставе актыўны ўдзел брала і Рэспубліка Беларусь. Асобным стэндам быў прадстаўлены музей «Замкавы комплекс «Мір».

12-2

Арганізатарам прэзентацыі турыстычных магчымасцяў Беларусі выступіла Нацыянальнае агенцтва па турызме. Асаблівая ўвага была нададзена аграэкатурызму, аздараўленчаму і медыцынскаму турызму. З вялікай цікавасцю шматлікія прадстаўнікі турыстычных фірмаў Літвы і іншых краін свету выслухалі інфармацыю пра музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», музей «Замкавы комплекс «Мір», санаторыі Беларусі.

У рамках выставы адбылася цырымонія ўручэння граматы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «Мецэнат Беларусі» грамадзяніну Літвы — прадпрымальніку Андрэю Балыку, які раней падарыў Мірскаму замку камплект старадаўняй мэблі. Грамату ўручыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль.

Падчас візіту ў Вільнюс дэлегацыя Нацыянальнага агенцтва па турызме Беларусі наведала шэраг турыстычных аб'ектаў, правяла перамовы з літоўскімі калегамі па абмене вопытам.

Па інфармацыі Консульскага аддзела Пасольства Беларусі ў Літве, у 2014 годзе больш за 100 тысяч літоўскіх турыстаў атрымалі беларускія візы.

«Звестак па ўсім мінулым годзе яшчэ няма. Магу сказаць, што за студзень—верасень 2014 года гасцініцы Літвы абслужылі 135,4 тысячы турыстаў з Беларусі — гэта на 24 працэнты больш, чым за той жа перыяд у 2013 годзе», — сказала карэспандэнту «Звязды» дырэктар Дзяржаўнага дэпартамента па турызме Літвы Юргіта Казлаускіене.

«Літоўскім турыстам цікавыя славутасці Мінска і гістарычныя маршруты па ўсёй краіне, наведванне і знаёмства з агульным літоўска-беларускім мінулым, гісторыяй Радзівілаў, Сапегаў, іх былымі замкамі і палацамі. Яны таксама з задавальненнем адпачываюць на возеры Нарач, у Белавежскай пушчы, наведваюць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, адзін з найлепшых у Еўропе. У мінулым годзе многія літоўцы ехалі на чэмпіянат свету па хакеі, на іншыя спартыўныя спаборніцтвы да суседзяў. Павялічваецца і колькасць літоўцаў у беларускіх санаторыях, дзе асабліва прывабныя кошты», — распавяла Юргіта Казлаускіене.

Было цікава даведацца пра меркаванне Дзяржаўнага дэпартамента па турызме Літвы, у якіх кірунках можна было б развіваць літоўска-беларускі турызм, якія тут ёсць нявыкарыстаныя магчымасці.

«Замкавы комплекс «Мір» карыстаўся асаблівай цікавсцю ў наведвальнікаў выставы.

«Наш дэпартамент актыўна супрацоўнічае з прадстаўнікамі беларускіх турысцкіх фірмаў. Мы кожны год запрашаем беларускіх калег прыняць
удзел у бізнес-кірмашах, якія праходзяць у Літве. Мы рады, што яны актыўна ўдзельнічаюць у міжнароднай выставе ADVENTUR. Наш дэпартамент штогод запрашае прадстаўнікоў беларускага турыстычнага бізнесу на кантактны кірмаш «Buy Lіthuanіa», дзе ёсць добрыя магчымасці абмеркаваць новыя праекты міжнароднага супрацоўніцтва. Беларускія калегі ўдзельнічаюць у спецыяльных паездках па Літве і знаёмяцца з нашым турыстычным патэнцыялам, — расказала Юргіта Казлаускіене. — Развіццю літоўска-беларускага супрацоўніцтва ў турызме садзейнічаюць і сродкі масавай інфармацыі. У мінулым годзе наш дэпартамент запрасіў 52 беларускіх журналістаў, якія праехалі па ўсёй краіне. Думаю, яны мелі што распавесці сваім чытачам і гледачам».

Дзяржаўны дэпартамент па турызме Літвы плануе прыняць удзел у міжнароднай турыстычнай выставе «Адпачынак 2015», якая адбудзецца ў Мінску 8—11 красавіка. Падчас выставы ў Пасольстве Літвы пройдзе і традыцыйнае прадстаўленне магчымасцяў літоўскага турызму. 28 красавіка літоўскі турыстычны патэнцыял будзе прадстаўлены і ў Магілёве.

Бясспрэчна яшчэ і тое, што стабільнасць нашых краін, даўнія сяброўскія і суседскія адносіны і далей будуць спрыяць развіццю турызму паміж Літвой і Беларуссю.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС,

уласны карэспандэнт «Звязды» ў Літве

 

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.