Вы тут

Студатрад — не толькі для беларускіх студэнтаў?


Пытанні самага рознага кшталту — ад перспектыў пашырэння студатрадаўскага руху і падрыхтоўкі маладзёжных лідараў да гарантый маладым спецыялістам і верагоднасці далучэння Беларусі да Балонскага працэсу — абмяркоўваліся падчас адкрытага дыялогу, які адбыўся падчас Рэспубліканскага студэнцкага форуму ў Горках. Удзельнікамі сустрэчы з моладдзю сталі першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык і начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная.

12-19

Пра развіццё студатрадаўскага руху апошнім часам гаварылася шмат, у тым ліку і на 42-м з'ездзе БРСМ. Але актывісты пярвічнай арганізацыі БРСМ Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта ўзнялі іншы аспект гэтага пытання. У лінгвістычным універсітэце навучаецца сёння каля адной тысячы замежных студэнтаў. Большасць з іх на час летніх канікулаў не едуць дамоў з-за высокага кошту білетаў і застаюцца ў інтэрнаце ў Мінску. Але чым заняцца студэнту ў вольны ад вучобы час? Таму замежныя студэнты звяртаюцца ў БРСМ і просяць запісаць іх у студэнцкі атрад. Але ж Міграцыйны кодэкс забараняе іншаземным студэнтам працаваць у Беларусі. Ва ўказе Міністэрства адукацыі №181 «Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» таксама магчымасць удзелу іншаземных грамадзян у студатрадах не прапісана.

— Для іншаземных студэнтаў і медкамісія, і ўвогуле любая даведка робяцца толькі на платнай аснове. Але нават калі яны і знойдуць грошы, каб за ўсе гэтыя працэдуры заплаціць, ніводзін працадаўца ўсё роўна не пагаджаецца прыняць іх на працу, — расказала Вераніка Мішковіч, лідар «пярвічкі». — Напрыклад, цяпер мы супрацоўнічаем з авіякампаніяй «Белавія» і ствараем студэнцкія атрады бортправаднікоў. Але замежных студэнтаў кампанія браць на работу не хоча, хоць тыя свабодна валодаюць і рускай, і англійскай, і сваёй роднай мовай.

Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучацца 600 замежных студэнтаў з іншых краін, у прыватнасці, вельмі шмат маладых людзей з Туркменістана. Каб ім працаўладкавацца на летні час, наймальнік павінен вырашыць пытанні з нашымі міграцыйнымі службамі. Але навошта яму лішнія турботы?

Віктар Якжык лічыць, што вырашаць гэта пытанне трэба на ўзроўні Міграцыйнага кодэкса, які вышэйшы за ўказ Міністэрства адукацыі аб студэнцкіх атрадах. У міграцыйных службаў стаіць свая задача — абараніць нашу краіну ад незаконнай міграцыі, у тым ліку працоўнай. Але для іншаземных студэнтаў павінна быць палёгка: можна было б прадугледзець для іх магчымасць працаваць у складзе студатрадаў. Унясенне змен у Міграцыйны кодэкс запланавана на бягучы год, таму наўрад ці бліжэйшым летам сітуацыя для замежных студэнтаў зменіцца ў лепшы бок.

— Тэма функцыянавання студэнцкіх атрадаў — адна з асноўных у блоку, які сёння прапрацоўваецца для ўнясення змен у заканадаўства, — паведаміў першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў. — Пытанне, якое зараз найбольш актыўна абмяркоўваецца, тычыцца вызвалення прадпрыемстваў і арганізацый, што прымаюць студэнцкія атрады, ад выплаты ўзносаў на пенсійнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, як гэта зроблена ў Расіі.

Прагучалі і актуальныя прапановы з боку моладзі па ўдасканаленні дзейнасці маладзёжных атрадаў аховы правапарадку (МААП). Сёння ўжо больш як 14,7 тысячы членаў МААП па ўсёй краіне аказваюць дапамогу супрацоўнікам праваахоўных органаў у забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі дарожнага руху. Яны актыўна ўключыліся ў барацьбу са спайсамі і дзейнічаюць у рамках рэспубліканскай акцыі БРСМ «Асцярожна, дарога ў Пекла».

Але часам маладыя людзі нясуць дзяжурства, не маючы ўяўлення пра свае дзеянні ў пазаштатных сітуацыях, канстатавалі актывісты БРСМ. Таму студэнты выказалі прапанову больш актыўна арганізоўваць для камандзіраў МААП трэнінгі і семінары, каб тыя даносілі затым патрэбную інфармацыю да радавых байцоў.

Андрэй Белякоў паабяцаў надаваць больш увагі гэтаму пытанню і паведаміў, што поле дзейнасці маладзёжных атрадаў будзе пашырацца. У прыватнасці, ёсць намер стварыць у кожным рэгіёне маладзёжныя атрады сумесна з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Яны будуць задзейнічаны ў выпадку стыхійных бедстваў (паводкі, ураганаў), дапамагаць у пошуку людзей, асабліва пажылых, якія штогод губляюцца ў лясах. А для таго, каб гэтыя атрады працавалі максімальна эфектыўна, з іх членамі будзе праводзіцца спецыяльная падрыхтоўка, прычым не толькі фізічная, але і псіхалагічная.

«А чаму ў нас па сённяшні дзень не прадугледжаны абавязак наймальніка забяспечваць маладога спецыяліста, які едзе працаваць па размеркаванні ў іншы рэгіён, жыллём? Ці хоць бы абавязак выплачваць яму кампенсацыю за арэнду жылля? На практыцы нярэдка малады чалавек, які прыехаў працаваць, вымушаны начаваць на чамаданах, бо яму прапануюць самастойна прайсціся па населеным пункце і падшукаць сабе пакой у нейкай бабулі... А чаму б наймальніку папярэдне не правесці з гэтай бабуляй перамовы?» — спыталі маладзёжныя актывісты ў прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі.

Цікавілі студэнтаў таксама і шанцы Беларусі ўвайсці ў Балонскі працэс. Як вядома, сёлета зноў будзе разглядацца заяўка Беларусі на канферэнцыі міністраў адукацыі еўрапейскіх краін.

— Асноўныя палажэнні Балонскай сістэмы можна параўнаць з правіламі дарожнага руху. Безумоўна, хацелася, каб усе мы рухаліся ў адным транспартным патоку, але многае залежыць ад кіроўцы і стану аўтатранспартнага сродку, — падзяліўся сваёй думкай са студэнцкім актывам Віктар Якжык. — Не варта гэтага забываць, таму што ёсць прыклады, калі ўступленне некаторых краін у Балонскі працэс і ігнараванне нацыянальных інтарэсаў спрыялі падзенню ў сусветным рэйтынгу іх вышэйшай школы. Будзем спадзявацца, што палітычная кан'юнктура не адыграе вырашальную ролю на гэты раз, бо няма больш ніякіх перашкод для далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. А абвінавачванні ў адсутнасці ў нашых ВНУ дзейсных органаў студэнцкага самакіравання не маюць ніякіх падстаў. Студэнты прымаюць самы непасрэдны ўдзел у рабоце саветаў універсітэтаў, удзельнічаюць у размеркаванні месцаў у інтэрнатах, у размеркаванні стыпендыяльнай і іншай фінансавай падтрымкі. Летась Беларусь з афіцыйным візітам наведаў кіраўнік аддзела міждзяржаўнага супрацоўніцтва Дэпартамента Савета Еўропы па справах моладзі Андрэ-Жак Додзін, які азнаёміўся з работай студэнцкага самакіравання і застаўся задаволены ўбачаным.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Мінск—Горкі—Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.