Вы тут

Дызайнер «храма ведаў»


…і карціну намалюе, і рамонт у кватэры зробіць

Гарадок Іўе, што ў Гродзенскай вобласці, — месца надзвычай адметнае. Ён мае статус неафіцыйнай «татарскай сталіцы» Беларусі, пра што сведчаць мячэць і вялікая колькасць татар сярод насельніцтва. Даволі шмат у рэгіёне прыезджых з Казахстана. Адна з «перасяленцаў» — малады спецыяліст Дар'я РОМАН — са жніўня працуе па размеркаванні мастаком-афарміцелем у цэнтральнай раённай бібліятэцы. У Беларусь разам з сям'ёй дзяўчына пераехала пяць гадоў таму. Нам яна расказала пра жыццё і працу на новай радзіме.

12-3

«Дзяўчаты на мяне крыўдзіліся»

Хоць Даша нарадзілася і вырасла ў казахстанскім Сцепнагорску, сама яна не казашка. Мама — руская, а бацька — малдаванін. У Казахстане сям'і прыходзілася цяжка, таму Дашына мама вырашыла пераехаць у Беларусь. Пяць гадоў таму яна разам з дачкой-падлеткам пайшла на гэты крок, і сям'я аказалася ў вёсцы Лаздуны, што за 15 кіламетраў ад Іўя. Адразу атрымалі жыллё — уласны дом, а Дашына мама перакваліфікавалася з юрыста ў даярку і пайшла працаваць у мясцовы калгас. Для самой дзяўчынкі акліматызацыя праходзіла цяжка: першыя паўгода яна моцна хварэла і нервавалася. Новае месца, школа, людзі… А ў родным Сцепнагорску засталіся сябры і тата, па якіх яна вельмі сумавала.

— Не хацелася хадзіць на ўрокі: усё незнаёмае, чужое, адносіны з аднакласніцамі дык увогуле былі напружанымі, — прыгадвае Дар'я. — Заўжды так адбываецца: калі ў школе з'яўляецца навічок, дык уся ўвага адразу пераключаецца на яго. На мяне моцна крыўдзіліся дзяўчаты, бо мной зацікавіліся хлопчыкі — «дзяжурылі» пад маімі вокнамі!

Але хутка першыя непаразуменні згладзіліся, і ў Дашы з'явіліся сяброўкі. Яна пачала заў-
важаць пазітыўнае — чысціню і зеляніну, якой так не хапала ў жоўтым ад стэпаў Сцепнагорску. Радавала і тое, што новых пасяленцаў прынялі ветліва.

Самым цяжкім выпрабаваннем для «казашкі» стала беларуская мова. Яна шчыра прызнаецца, што і сёння амаль палову слоў не разумее.

У школе Дар'я старалася, бо не хацела адставаць ад равеснікаў. А скончыўшы дзевяць класаў, вырашыла атрымаць «працоўную» спецыяльнасць і стаць самастойнай.

Саломку прамяняла на тынкоўку

Старэйшая сястра Дашы пераехала да сям'і ў Беларусь, калі скончыла школу ў Сцепнагорску. Тут яна адразу ж паступіла ў Маладзечанскую гімназію-каледж мастацтваў. Даша таксама вырашыла паспрабаваць удачу і падала дакументы ў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага. Пра напрамак доўга не раздумвала, бо яшчэ з дзяцінства ўпадабала маляванне. Маці, заўважыўшы здольнасці дачкі, адправіла развіваць юны талент у мастацкую школу.

Пры паступленні трэба было здаваць малюнак і кампазіцыю, таму дзяўчыне давялося папрацаваць, бо, пераехаўшы ў Беларусь, яна «закінула» жывапіс.

—«Набіваць» руку неабходна штодня, — упэўнена кажа наша гераіня. — Таму перад іспытамі я інтэнсіўна займалася.

Падрыхтоўка не падвяла, і Даша паступіла на бюджэтнае, атрымала жыллё і невялікую стыпендыю. Аднак у хуткім часе выбраная спецыялізацыя яе расчаравала: дзяўчына зразумела, што дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (саломка, выцінанка) — гэта не яе. Карцела займацца роспісам па дрэве. Не доўга думаючы, праз паўгода Даша перавялася ў Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж на спецыяльнасць «тынкоўшчык — рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх пафарбовак — мастак роспісу па дрэве». Так бы мовіць, «тры ў адным».

—Затое цяпер я магу працаваць на любым аб'екце: і рамонт пачаць з нуля, і сцены распісаць — усё ўмею, — сціпла канстатуе дзяўчына.

Дзе ўзяць вопыт працы?

Два гады вучобы праляцелі непрыкметна, надышоў час шукаць месца для размеркавання (дарэчы, у Дашы адпрацоўка займае год). Дзяўчына занялася гэтым пытаннем сур'ёзна, бо на прадпрыемствах прапаноўвалі мізэрную зарплату, якая ледзь дацягвала да мільёна рублёў. Яна шмат тэлефанавала і па аб'явах, але паўсюль, нават на будоўлі, ёй адмаўлялі. Казалі: «Бяром толькі з вопытам працы». Зусім расчараваная і разгубленая, Даша прыехала ў Лаздуны, каб параіцца з мамай. Тая параіла схадзіць у Іўеўскі райвыканкам — і як аказалася, не памылілася. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Грынкевіч знайшла Дашы працу за тыдзень. Так тынкоўшчыца-рэстаўратар, майстар роспісу па дрэве атрымала чацвёртую кваліфікацыю — стала мастаком-афарміцелем у Іўеўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

У штаце — 25 чалавек. Разам з Дашай у аддзеле бібліятэчнага маркетынгу працуюць яшчэ чатыры супрацоўнікі. Усе дапамагаюць маладому спецыялісту, і яна не ўтойвае: у калектыве прынялі добра. Яўгенія Матылевіч працуе ў бібліятэцы ўжо 28 гадоў, таму можа кансультаваць юную мастачку па любых бібліятэчных справах. Разам яны абмяркоўваюць будучае афармленне, а ўвасабляць ідэі на практыцы мусіць Дар'я.

«Сапсаваныя» літары і мара пра бацік

На плячах дзяўчыны ляжыць афармленне бібліятэкі. Праўда, у самой Іўеўскай бібліятэцы яна пакуль мала што зрабіла, бо дагэтуль працавала над афармленнем устаноў у вёсках Юрацішкі і Дайліды — ездзіла ў камандзіроўкі разам з іншымі супрацоўнікамі аддзела. Праца не надта цяжкая, але патрабуе ўмення і густу.

—Спярша трэба вызначыцца, пад што падбіраць колеры і шрыфты, каб гэта выглядала гарманічна, — распавядае Даша. — Звычайна арыентуюся на колер сцен, форму і тэкстуру дзвярэй і вокнаў.

Праўда, не заўжды афармленне праходзіць гладка і лёгка. Даша паказвае нам выразаныя літары і прызнаецца: шмат з іх яна папсавала, бо акуратна выразаць таксама трэба ўмець.

Сярод вядомых жывапісцаў у яе няма куміраў: яна прывыкла маляваць так, як адчувае сама. Асабліва Дашы падабаецца працаваць з батыкам, і ў будучыні дзяўчына плануе закончыць адпаведныя курсы і прафесійна заняцца роспісам.

Дарэчы, у Іўі ёй прадаставілі інтэрнат, дзе яна цяпер і жыве. Зарплата — два мільёны, «на жыллё» даплочваюць яшчэ трыста тысяч.

—Я разумела, што зарплата будзе невялікая, таму і старалася застацца ў Іўі, бліжэй да маці, — распавядае Дар'я. — Бяру з дому мяса, гародніну, нарыхтоўкі. Іначай пратрымацца было б цяжка.

Падтрымлівае яе і сябар — сам ён з гэтых мясцін, вучыцца і працуе. А Даша стараецца не сумаваць і часцей вандраваць. Па Беларусі яна яшчэ не так шмат паспела паездзіць. Параўноўваючы з Казахстанам і Расіяй, яна адзначае, што тут вельмі спакойна, ціха, а галоўнае — бяспечна. А яшчэ яна марыць назбіраць грошай і ўлетку паехаць у Сцепнагорск. Убачыць радзіму і зноў сустрэцца з сябрамі дзяцінства, з якімі трымае сувязь праз сацыяльныя сеткі. Спадзяёмся, задума Дар'і спраўдзіцца.

Кацярына РАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».