Вы тут

«Пацягнуць» груз адказнасці


Ганна Малаковіч працаваць на чыгунку трапіла, як і многія, пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Цяпер яна, адпрацаваўшы па размеркаванні два гады, застаецца таварным касірам на станцыі Сцяпянка. Цікава, што жыццё дзяўчыны, якая калісьці наведвала музычную школу і іграла на фартэпіяна, сёння напоўнена іншай музыкай — гудкамі цягнікоў і перазвонам рэек і колаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Жаноцкасць і стрэсаўстойлівасць — сумяшчальныя

Яркая брунетка з дасканалым макіяжам, у строгай спадніцы і боціках на абцасах — такі вобраз лёгка суаднесці з бізнесвумен, у якой кожны дзень важныя сустрэчы. Але перада мной у форменнай кашулі сядзіць дзяўчына, штодзённасць якой — таварная кантора, накладныя, чыгуначныя вагоны і рэйкі. На такі выбар прафесіі значна паўплываў родны горад Ганны — Асіповічы.

Пасля вучобы яна стала спецыялістам у арганізацыі перавозак і кіраванні на чыгуначным транспарце і павінна была працаваць дзяжурнай па станцыі. Але яе накіравалі ў таварную кантору, дзейнасць якой была звязана з грузамі. Усё ж праз некаторы час заняла месца аператара пры дзяжурным па станцыі. Здавалася б, усё стала на свае месцы, і тут раптам Ганна зразумела, што душа больш ляжыць да работы з грузамі і наладжвання стасункаў з кліентамі.

—У гэтай сферы цікава працаваць, бо ты разумееш, што на табе ляжыць адказнасць за рух цягнікоў. І ты прымаеш важныя рашэнні. Трэба таксама кантактаваць з рознымі людзьмі і арганізацыямі, быць стрэсаўстойлівай. Хаця мне ўсё ж падаецца, што гэтая прафесія больш падыходзіць для мужчын…

Ганне падабаецца разнапланавасць яе працы: дамоўленасці з людзьмі, апрацоўка дакументаў, разлікі. Прызнаецца: калі прыйшла працаваць, першы час было не толькі цікава, але і крыху страшна, бо адна справа — чытаць, вучыцца афармляць дакументы і весці разлікі, і зусім іншая — рабіць гэта ўсё на практыцы. Праўда, на чыгунцы за маладымі спецыялістамі замацоўваюць вопытных работнікаў, якія заўсёды могуць дапамагчы і падказаць. Ды і ўвогуле, адзначае Ганна, яна працуе ў калектыве, якому можна давяраць.

Пакінуць час для Штрауса

З самага пачатку размовы Ганна дае зразумець: яна ўмее дабівацца свайго, рашэнні прымае самастойна і звычайна пра іх не шкадуе. «У сям'і мне ніколі нічога не навязвалі і давалі свабоду выбару: бацькі могуць толькі параіць і пагадзіцца з ім», — адзначае яна.

Вядома, што жыццё ў сталіцы, апроч перспектыў, мае і адваротны бок медаля: напрыклад, кошт арэнды жылля і ўзровень цэн не заўсёды адпавядаюць заробку маладога спецыяліста. На чыгунцы маладым работнікам, якія маюць у гэтым патрэбу, цягам некалькіх месяцаў прадастаўляюць інтэрнат. Праўда, Ганне больш даспадобы прыйшоўся іншы варыянт: калі малады спецыяліст здымае жыллё, штомесяц яму выплачваюць пэўную кампенсацыю.

Цяпер, адпрацаваўшы па размеркаванні, дзяўчына працягвае здымаць жыллё самастойна. Пры гэтым грошай, як і вольнага часу, хапае і на іншыя рэчы, у тым ліку і на захапленні.

—Я працую з васьмі раніцы да васьмі вечара па графіку «два праз два». Цяпер — толькі ўдзень, а калі была аператарам, даводзілася працаваць і ў начныя змены.

Па яе словах, цяперашні графік вельмі зручны, нягледзячы на тое, што, бывае, даводзіцца працаваць у выхадныя. Затое шмат вольнага часу («Думаю, нават больш, чым у людзей, якія працуюць пяць дзён на тыдзень», — прызнаецца суразмоўца). Яго Ганна прысвячае свайму хобі — вывучэнню англійскай мовы. Пры гэтым яна паспявае не толькі адпачываць, рабіць неабходныя справы, але і часта наведвае бацькоў у родных Асіповічах.

Увогуле яна называе сябе рознабаковай асобай: любіць чытаць кнігі, прычым абсалютна розных жанраў, ды і ад актыўнага адпачынку не адмаўляецца. А яшчэ Ганна — аматарка кіно і тэатра. Разнапланавасць інтарэсаў і пастаяннае самаўдасканаленне павінны быць уласцівыя кожнаму чалавеку, пераканана яна.

—Нядаўна прыязджаў венскі «Штраус-аркестр», вельмі цікава было пабываць на канцэрце, — з захапленнем дзеліцца суразмоўца.

І ўсё ж аб тым, што змяніла прафесійныя арыенціры, дзяўчына не шкадуе: «Праца займае ў жыцці шмат часу, таму яна павінна быць любімай!» За час даволі непрацяглага знаёмства Ганна паспявае стварыць уражанне сапраўды задаволенага сваім жыццём чалавека. Хаця і жаданне кар'ернага росту дзяўчына не ўтойвае. Чаму б і не, калі ўсе магчымасці для гэтага ёсць?

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».