Вы тут

Праблема ёсць, небяспека — сур'ёзная


За год у сталіцы было зарэгістравана амаль 900 выпадкаў перадазіроўкі наркотыкаў

Спецыялісты са сфер адукацыі, аховы здароўя, правапарадку і іншыя зацікаўленыя аб'ядноўваюцца для вырашэння агульнай бяды, што навісла над беларускай моладдзю. Бо шкодныя звычкі, пра якія нам з дзяцінства распавядаюць у школах і якія, па іроніі лёсу, многія маладыя там жа і набываюць, непарыўна звязаныя не толькі са здароўем, але і з дынамікай правапарушэнняў. Нягледзячы на тое, што ў Мінску агульная злачыннасць знізілася на 12%, увогуле па краіне за апошні год адзначаецца яе рост. Асабліва турбуе спецыялістаў сітуацыя з незаконным абаротам наркотыкаў.

У апошняй сферы падлеткамі здзейснена больш за 100 злачынстваў. На ўліку ў наркалагічным дыспансеры знаходзяцца каля 150 дзяцей.

«Але гэта адбываецца не таму, што наркотыкаў стала шмат і многія сталі іх ужываць. Змянілася заканадаўства: спайсы прызналі наркатычнымі сродкамі. І раней падчас візіту міліцыянера на дом ніякіх адміністрацыйных пратаколаў не складалі, а цяпер усе, хто паспрабаваў наркотыкі аднойчы, трапляюць пад увагу органаў унутраных спраў і аховы здароўя», — адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Мінгарвыканкама Алена ГЕРАСІМЕНКА.

У пацвярджэнне слоў калегі начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Канстанцін ЛЯШКЕВІЧ паведаміў, што «наркаманія ў Мінску летась пабіла ўсе рэкорды». Па яго словах, у 2014 годзе ў Мінску было зарэгістравана амаль 900 выпадкаў перадазіроўкі наркотыкамі. Памёр 21 чалавек, з іх адзін непаўналетні. Для параўнання: у 2013-м у сталіцы было зафіксавана каля 500 выпадкаў перадазіроўкі, памерлі 37 чалавек.

Супрацоўнікі ўпраўлення ў 2014 годзе перакрылі 18 каналаў паставак на тэрыторыю Мінска наркотыкаў з-за мяжы, выявілі і ліквідавалі 15 лабараторый па вытворчасці наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, а таксама памяшканняў, прыстасаваных для вырошчвання канапель.

12-34

Апроч таго, у інтэрнэце створана група аналітычнай разведкі, супрацоўнікі якой у мінулым годзе ліквідавалі 16 інтэрнэт-крам, якія гандлявалі курыльнымі сумесямі. А ўжо сёлета было зачынена 5 інтэрнэт-крам. Цяпер аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы праводзяцца ў дачыненні да яшчэ дзевяці сайтаў.

Разам з тым Алена Герасіменка падкрэсліла, што рэзка знізілася махлярства, хуліганства і п'янства сярод дзяцей. Што датычыцца прыцягнення да адказнасці, летась былі асуджаны 53 падлеткі.

«Мы разумеем, што калонія — гэта не выйсце. Таму пазбаўленымі волі з гэтых асуджаных сталі 27 чалавек, астатнія атрымалі ў асноўным адтэрміноўку выканання пакарання».

У першую чаргу за выхаванне дзяцей мусяць адказваць бацькі. Але і ў сям'і атмасфера для дзіцяці не заўсёды бывае спрыяльнай. Так, у сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца амаль 2060 дзяцей з больш чым 1400 сем'яў. З іх у прытулкі трапілі 180 чалавек, аднак 113 — зноў вярнуліся ў сем'і.

«Гэта сведчыць пра тое, што работа, якая праводзіцца, паспяховая і дае свой вынік», — падсумавала Алена Герасіменка.

У сваю чаргу начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна РЫСЯВЕЦ звярнула ўвагу на прафілактыку спажывання наркотыкаў сярод падлеткаў. У сталіцы яна арганізавана на трох узроўнях. Першы накіраваны на фарміраванне у дзяцей мадэлі паводзінаў, якая засцерагае іх ад спробы небяспечных рэчываў. Другі ўзровень мае на ўвазе работу з дзецьмі, што ўжо маюць вопыт спажывання. І трэці накіраваны на тое, каб працягнуць жыццё нарказалежнага.

«Мы павінны даць інфармацыю аб разбуральным складніку наркотыкаў у адукацыйным кампаненце, падрыхтаваць адпаведных спецыялістаў, педагогаў, забяспечыць занятасць падлеткаў, каб засцерагчы іх ад рызыкі», — падкрэсліла Ганна Рысявец.

Апроч таго яна паведаміла, што выявіць тых, хто можа ўжываць наркотыкі або алкаголь, дапаможа псіхасацыяльнае анкетаванне.

«У эксперыментальным рэжыме ў сакавіку анкетаванне будзе праведзена на базе асобных устаноў адукацыі. Гэта будзе зроблена для таго, каб выявіць нейкія праблемныя моманты і ліквідаваць іх да этапу масавага ўкаранення тэставання», — удакладніла спецыяліст. Па яе словах, пры неабходнасці пасля анкетавання можа праводзіцца медагляд.

Таксама спецыялісты патлумачылі, якім чынам у мэтах барацьбы з наркотыкамі будзе ўзмоцнены кантроль за сталічнымі начнымі клубамі.

«Мы заўсёды праводзілі пэўную работу з начнымі ўстановамі, ставячы ўмову: альбо вы будзеце ўзаемадзейнічаць з намі, альбо працаваць не будзеце. Дэкрэт (№6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў». — Аўт.) дае нам большыя паўнамоцтвы: раней мы не маглі накладаць штрафы на фізічных і юрыдычных асоб, а цяпер можам гэта зрабіць», — сказаў Канстанцін Ляшкевіч.

Спецыялісты адзначаюць, што работа, накіраваная на прафілактыку наркаспажывання, павінна праводзіцца не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі. Часта дарослыя не ўяўляюць маштаб праблемы і памылкова лічаць, што курэнне так званай траўкі не з'яўляецца сур'ёзнай небяспекай.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».