Вы тут

Зачараваныя народнымі паданнямі


Як вывучэнне народнай культуры можа стаць стылем жыцця? Сваім досведам з чытачамі дзеліцца Сяргей ЛІСІЦА, сябар Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

[caption id="attachment_71729" align="aligncenter" width="3000"]Сяргей Лісіца. Сяргей Лісіца.[/caption]

— Сяргей, ведаю, што ты скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымліваецца, захапленне этнаграфіяй у цябе — ад спецыялізацыі?

— Не. Наогул цікавасць да традыцыйнай культуры свайго народа не з'яўляецца чымсьці дзіўным. Я жыў у вёсцы, і інтарэс да роднага быў для мяне з самага маленства натуральным. Патрэба ў гэтым была заўжды, але, зразумела, я не адразу даведаўся пра Студэнцкае этнаграфічнае таварыства.

— Этнаграфія — з'ява даволі шырокая. Над чым ты працуеш больш скрупулёзна?

— Над збіраннем песень і інструментальных найгрышаў. Ці спявалі мае сваякі? На жаль, толькі адна бабуля дажыла да таго часу, калі я ўжо меў «свядомы ўзрост». Са слоў яе сястры, яна ведала шмат песень і добра спявала. Але памёр мой дзядуля і яна перастала спяваць. Пры гэтым жыла традыцыямі. Памятаю, бабуля заўжды падымалася на досвітку, хадзіла па ваду і кожны дзень паліла ў печы, каб гатаваць стравы. Для яе гэта было так натуральна, як і дыхаць. Мне пашчасціла нарадзіцца на Наваградчыне. Мая вёска Валеўка — цэнтр сельскага Савета, таму там у меншай ступені прытрымліваліся традыцыйнага ладу жыцця, але ў суседніх маленькіх вёсках Плёхава, Мондзіна, Ярошычы жылі па-даўнейшаму.

— А ці лічыш ты сябе сапраўдным этнографам?

— Не, я аматар культуры. І ў Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, што дзейнічае з 1998 года, трапіў даволі выпадкова. Я наведваў іх вечарыны, нават запоўніў і адаслаў анкету, але мне не адказалі. І толькі праз пэўны час на адным з майстар-класаў па танцах адна з дзяўчат запрасіла на сход, на якім прымалі новых сяброў. Шчыра кажучы, мне здавалася, што членамі таварыства з'яўляюцца выключна студэнты-этнографы і музыказнаўцы, аднак гэта не так. У нас усё дзейнічае на валанцёрскай аснове.

— Колькі сяброў уваходзяць у арганізацыю?

— 241 чалавек. Акрамя Мінска, нашы суполкі дзейнічаюць яшчэ ў Полацку, Магілёве, Віцебску і ў Гродне. Праца на нашай сядзібе вядзецца штодня. Хтосьці прыходзіць і працуе самастойна, а нехта рэпеціруе ў складзе дзявочых, хлапечых спеўных гуртоў. Для нас галоўнае — не толькі захаваць матэрыял, але і перадаць яго наступным пакаленням. У тым ліку дзеля гэтага ладзім рэканструкцыі народных абрадаў, выконваем сабраныя падчас экспедыцый песні, збіраемся на ігрышчы, танцавальныя вечарыны. Між іншым, нас прызналі экспертамі — першымі і пакуль адзінымі ў краіне — па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны пры ЮНЕСКА. Імкнёмся цяпер трымаць адпаведны ўзровень.

— Як часта ладзіце экспедыцыі?

— Два разы на год — гэта норма. Рыхтуемся да іх загадзя. Напрыклад, год таму ў інтэрнэце апытвалі ўсіх сяброў наконт таго, куды б яны хацелі паехаць у экспедыцыю. Па выніках галасавання выбралі пяць раёнаў, у выніку спыніліся на Вілейскім і Мастоўскім. Пасля гэтага мы звычайна рыхтуем карту, чытаем адпаведную літаратуру, каб ведаць этнаграфічныя асаблівасці рэгіёна, разумець, на што больш звяртаць увагу. Наконт інфарматараў раімся з метадыстамі мясцовых аддзелаў культуры. Часцей за ўсё жывём (нас прыязджае 10-12 чалавек) у вясковай драўлянай хаце. Для патрэб таварыства ў нас ёсць аўтамабіль. Толькі не ўсе ў ім змяшчаюцца, таму многія да месца дабіраюцца аўтобусам, цягніком, бяруць з сабой веласіпеды. Стандартны набор апаратуры для адной групы — добры дыктафон, фотаапарат, відэакамера. Для фіксацыі дакладнага знаходжання святых камянёў, крыніц і іншых цікавых аб'ектаў выкарыстоўваем навігатары. Па выніках экспедыцый робяцца справаздачы, сабраны матэрыял апрацоўваецца.

— А ці даводзілася табе браць удзел у экспедыцыях прафесійных этнографаў?

— Не, але спецыялісты Цэнтра даследаванняў беларускай мовы і культуры Акадэміі навук удзельнічалі ў нашых і пасля вельмі добра адгукаліся пра арганізацыю экспедыцыі. Між іншым, да нас далучаліся прафесіяналы з Польшчы і Літвы. Як я зразумеў, полькі вучыліся спяваць у Вольгі Емяльянчык, выдатнай знаўцы аўтэнтычнага выканання спеваў, і цягам некалькіх гадоў прыязджалі на Палессе ў адну і тую ж вёску. Аднак пасля пабывалі разам з намі ў чавускай экспедыцыі і зразумелі, што ў Беларусі цікавае не толькі Палессе. У нас насамрэч хапае адметных мясцін.

12-26

 

— Сапраўдныя знаўцы народнай мудрасці табе сустракаліся?

— Цяжка адказаць. Ва ўсіх рознае ўспрыманне. У нас ёсць дзяўчына, якая кожны дзень вельмі эмацыйна расказвала пра свае знаходкі. Нават пачаў думаць, што запісваю даволі звычайныя рэчы. Але, калі праслухоўваў яе запісы, зразумеў, што маю поўнае права яшчэ больш эмацыйна расказваць пра тое, што сабраў. Падчас вілейскай экспедыцыі я трапіў да 43-гадовага Віктара Францкевіча, які жыве ў вёсцы Тураўшчына. Ён аказаўся самым цікавым інфарматарам. Першы зжаты сноп заўжды трымае на покуці да канца жніва, пакідае кулі нямятай саломы, каб на Каляды з дзецьмі змайстраваць з яе павука... А з чавускай экспедыцыі я прывёз згадку пра русалак, занатаваны сон знахаркі. Вось што цікава: чалавек Бога ўяўляў маленечкім дзядком у шапачцы, а ў Раі, на яго думку, усе за партамі сядзяць. Як у школе!

— Мяркую, што забаўнага ў вашых экспедыцыях таксама хапала...

— Выпадак, які можна лічыць камічным, адбыўся ў мастоўскай экспедыцыі. У адной з вёсак размаўлялі з адной бабуляй. Напрыканцы гутаркі выйшлі на тэму знахарства і чараўніцтва. На пытанне, ці ёсць у вёсцы злыя ведзьмакі, яна паказала на хату суседкі. Праз некаторы час тое ж самае зрабіла... яе суседка...

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота Надзеі Бужан.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».