Вы тут

Хуткія лыжы на іскрыстым снезе


Абноўленыя «Раўбічы» гатовыя сустрэць будучых зорак біятлона

Наша краіна зноў у цэнтры спартыўных падзей. Літаральна праз некалькі дзён на старт у комплексе «Раўбічы» выйдуць першыя ўдзельнікі чэмпіянату свету па біятлоне сярод юніёраў і юнакоў. Зразумела, славутых спартсменаў на стрэльбішчы нашы балельшчыкі не ўбачаць, але ў іх будзе выдатная магчымасць зафіксаваць, як на спартыўным небасхіле загараюцца «зорачкі» будучых чэмпіёнаў.

[caption id="attachment_71614" align="alignnone" width="600"]13-25 Беларуская біятланістка Яўгенія Якаўлева збіраецца на чэмпіянаце свету паказаць усё, на што здатная.[/caption]

Ад трэнерскай біржы да прэс-цэнтра

«Раўбічы» — гэта наш Рупольдынг, славуты біятлонны цэнтр, які ведалі і ведаюць далёка за межамі Беларусі. Менавіта тут праходзіла некалькі чэмпіянатаў свету па біятлоне, Кубак свету па лыжных гонках, а перамогі здабывалі легендарныя Франк Ульрых і Эйрык Квальфос, Валерый Мядзведцаў і Марк Кірхнер... Апошні чэмпіянат свету тут адбыўся ў 1990-м. І вось праз 25 гадоў «Раўбічы» ўжо ў абноўленым, сучасным выглядзе зноў прымаюць першынство сусветнага значэння.

Калі сонечнай раніцай трапляем на стадыён, узнікае адчуванне, што амаль усё да стартаў падрыхтавана. На самой арэне рабочых няшмат. Відаць, уносяць апошнія праўкі.

— «Начынка» ёсць, засталася «абгортка», — кажа Леанід Карась, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы», з якім мы сустрэліся ў адміністрацыйным корпусе комплексу. — Асноўная праца завершана. Засталося аформіць стадыён, стартавы гарадок. Усё гэта мы запланавалі зрабіць напярэдадні пачатку спаборніцтваў, каб не перашкаджаць трэніровачнаму працэсу нашай зборнай.

Аб рэканструкцыі спартыўнага цэнтра аб'явілі ў 2012 годзе, і літаральна за некалькі гадоў выканалі грандыёзную работу. Цалкам замянілі інжынерныя сеткі, пабудавалі яшчэ адну гасцініцу, стралковы цір, кабіны для падрыхтоўкі лыжаў, дамкі камандных раздзявальняў. Падрыхтавалі падземны пераход на старт і фініш, трэнерскую біржу, памост, на якім падчас спаборніцтваў знаходзяцца спецыялісты, усталявалі святлодыёдныя экраны. Да 6 метраў пашырылі лыжаролерную трасу. Яе адлегласць цяпер складае 7,5 кіламетра. Яна цалкам асвятляецца.

[caption id="attachment_71616" align="alignnone" width="600"]13-27 Трыбуны стадыёна гатовы прыняць 2,5 тысячы чалавек.[/caption]

Пад прэс-цэнтр у «Раўбічах» аддалі былы судзейскі павільён. Памяшканне, як заўважае наш суразмоўца, абсталявана ўсёй неабходнай апаратурай і адначасова можа прыняць 120 журналістаў. Між іншым, весці анлайн-трансляцыю ў інтэрнэце можна будзе з любога месца стадыёна. Нас запэўнілі, што Wі-Fі ахоплівае ўсю тэрыторыю арэны.

Што да трыбун, цяпер яны разлічана на 2,5 тысячы гледачоў. Арганізатары разлічваюць на нядрэнную наведвальнасць: ад 2 тысяч у будныя да 10 — у выхадныя дні.

— Раней стадыён змяшчаў 5 тысяч гледачоў, — узгадвае Леанід Карась. — Трыбуны знаходзіліся перпендыкулярна стрэльбішчу. Цяпер на месцы адной з іх з'явіўся цір. Аднак, на маю думку, для гэтых спаборніцтваў падобнай умяшчальнасці будзе дастаткова. Акрамя таго, квіткі будуць прадавацца не толькі на трыбуну, але на тэрыторыю ўздоўж трасы. Калі пасля прымуць рашэнне правесці ў нас спаборніцтвы топ-узроўню, у нас ёсць магчымасць устанавіць часовыя трыбуны. Падобнай практыкай карыстаюцца на многіх стадыёнах.

13-28

Спадар Леанід лічыць, што надышоў той час, калі на наш спарткомплекс могуць раўняцца на Захадзе.

— Яго ўнікальнасць у тым, што ўсе аб'екты знаходзяцца ў адным месцы. А гэта тычыцца і харчавання, аднаўлення, пражывання і трэніровак спартсменаў. Падобнага нідзе няма. Па рэльефе наша траса з'яўляецца адной з лепшых у Еўропе. Што казаць, калі яшчэ да рэканструкцыі польская лыжніца Юстына Кавальчык, двухразовая алімпійская чэмпіёнка, усю перадсезонную падрыхтоўку правяла ў нас. У маі заехала і толькі ў верасні з'ехала. А гэта аб нечым сведчыць. Пры гэтым «Раўбічам» Міжнародны саюз біятланістаў яшчэ да рэканструкцыі прысвоіў катэгорыю «А», што дазваляе праводзіць спаборніцтвы найвышэйшага ўзроўню. А сёння наш комплекс яшчэ палепшыўся.

Хто ў лідарах?

Мы падыходзім да стрэльбішча, і міма нас на хуткасці праносіцца дуэт біятланістак. Тэмпература нізкая, а таму спартсменам прыходзіцца хаваць амаль увесь твар пад «буфамі», спецыяльнымі павязкамі. Пасля лыжных адрэзкаў яны заязджаюць на стралковую сесію, за якой уважліва ў глядзельную трубу сочыць трэнер. Ён робіць пэўныя заўвагі, паказвае спартсменам на планшэце кожны выстрал.

— І як страляюць? — пакуль дзяўчаты зноў выходзяць на лыжню, паспяваю спытаць ва Уладзіміра Махлаева, старшага трэнера жаночай групы, юніёрскай зборнай Беларусі па біятлоне.

— Узровень стралковай падрыхтоўкі годны. Можна на нешта разлічваць. Але дзяўчаты — маладыя спартсменкі з невялікім міжнародным вопытам, а таму загадваць не трэба.

Сёння з 10 спартсменак, якія прэзентуюць Беларусь на чэмпіянаце свету, працуюць толькі дзве. У трэніровачным працэсе пераважае індывідуальны план. А таму нехта з іншых дзяўчат прыйдзе на другую трэніроўку, а хтосьці наогул атрымаў дзень адпачынку.

13-26

— У гэтых спартсменак ёсць некаторыя праблемы са стральбой пры высокім пульсе,— тлумачыць спецыфіку Уладзімір Анатольевіч. — А таму, каб узняць яго, перад агнявымі рубяжамі даём ім невялічкія паскарэнні.

Агулам у склад нашай зборнай уваходзіць 20 спартсменаў, якія сфарміравалі каманду па выніках адборачных спаборніцтваў. Сваіх прадстаўнікоў у камандзе маюць амаль усе рэгіёны. Ганна Сола, Дзінара Алімбекава, Максім Варабей, Дар'я Блашко, Віктар Крыўко — лідары каманды, на якіх разлічвае трэнерскі штаб. Але баталіі ў Раўбічах чакаюцца гарачыя. Геаграфія ўдзельнікаў — шырокая. У Беларусь прыляцяць біятланісты з 42 краін. Канкурэнцыю паспрабуюць навязаць нават прадстаўнікі экзатычных Бразіліі, Новай Зеландыі і Аўстраліі. Праўда, кола сапраўдных прэтэндэнтаў на «золата» Раўбічаў куды больш вузкае.

— Сярод лідараў юнакоў і юніёраў тыя краіны, прадстаўнікі якіх дэманструюць добрыя вынікі ў дарослым біятлоне. А гэта Германія, Нарвегія, Расія... Але я не выключаю, што медалі заваююць спартсмены з іншых зборных, — сцвярджае Аляксандр Сыман, старшы трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі па біятлоне. — Безумоўна, чакаем добрых вынікаў ад нашых лідараў, на якіх можна разлічваць. Чаканні і спадзяванні ёсць. Аднак будзем сачыць за тым, як усё задуманае рэалізуецца на практыцы.

— Прагнозы надвор'я вас не хвалююць?

— Калі для трас падрыхтуюць шмат штучнага снегу, праблем не ўзнікне. Мяркую, у падобным выпадку ён вытрымае любую адлігу.

У рацыёне — вугляводы

Мінчанка Яўгенія Якаўлева — адна з тых, хто прабіўся ў склад беларускай каманды і будзе выступаць на хатнім чэмпіянаце. Усмешлівая дзяўчына тлумачыць нюансы завершанай трэніроўкі і вядзе нас сваімі шляхамі па «Раўбічах».

13-29

Жыве наша зборная ў сучаснай трэцяй гасцініцы, якую адкрылі літаральна ў жніўні і ўжо паспелі абжыць спартсмены з нашай «нацыяналкі». Тут усё таксама трымаецца на дысцыпліне. Пад'ём у 7:15, пасля праводзіцца 45-хвілінная зарадка, сняданак, першая трэніроўка. Потым — абед і адпачынак. У другой палове дня праходзіць яшчэ адна трэніроўка, а пасля — вячэра, халасты трэнаж і сон. Адбой не пазней 23 гадзін. Рацыён біятланістаў таксама адрозніваецца ад звычайнага. Упор найперш робіцца на вугляводы. Акрамя таго, кожны робіць карысныя спартыўныя напоі. Многія таксама перад стартамі ў сваё меню ўключаюць курагу, чырвоную ікру і рыбу.

— Мінскім спартсменам трэнеры дазваляюць наведаць сваякоў, — кажа Яўгенія. — Але пры гэтым настойліва просяць сачыць за здароўем, выходзіць у грамадскія месцы толькі ў ахоўных масках. Самае крыўднае пасля шматлікіх трэніровак страціць форму з-за хваробы. А таму падобную павязку заўжды трымаю ў куртцы і пры неабходнасці надзяваю. Выглядае, безумоўна, дзіўна, але што зрабіць.

Мы мінаем адміністрацыйны корпус і па сцежцы рухаемся да мастка праз вадасховішча. Краявіды тут па-зімоваму яркія, адметныя. Каларыт дадаюць амаль ручныя качкі і лебедзі, якіх час ад часу падкормліваюць госці. Праз хвіліну мы апынаемся ў светлым фае сучаснай гасцініцы. На сцяне нават размешчаны модныя гадзіннікі, які паказваюць час у розных гарадах планеты. На сайце спартыўнага комплексу пазначана, што суткі пражывання ў аднамесным нумары абыдуцца ў 295 тысяч рублёў.

—Тут ёсць усё неабходнае, — адчыняе дзверы ў свой пакой Святлана Маркоўская, сяброўка Яўгеніі па зборнай. — Добра працуе тэлебачанне, інтэрнэт. У гасцініцы таксама ёсць саўна і кавярня.

Вольнага часу ў біятланістаў цяпер няшмат. Але пры магчымасці дзяўчаты гуляюць па парку, ходзяць у краму, а калі нехта адзначае дзень народзінаў, могуць крышачку пасядзець у піцэрыі. Дарэчы, добрую рэкламу тамтэйшай піцы зрабіла ўсё тая ж Юстына Кавальчык. Яна неяк сказала, што лепшай піцы за раўбіцкую яшчэ нідзе не каштавала. Піца піцай, але ўсе думкі ў нашых спартсменаў сёння, зразумела, пра бліжэйшы чэмпіянат.

— Не хачу нічога планаваць, — на развітанне кажа Яўгенія. — На спаборніцтвы прыедзе шмат маіх блізкіх, і я проста хачу паказаць усё, на што я здатная.

Тарас ШЧЫРЫ.

Мінскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.