Вы тут

Паядынак са зверам


Сабака здаўна і справядліва лічыцца сябрам чалавека. Ён і абаронца, і ахоўнік, і пастух, і выратавальнік. Многім з іх і ў многіх краінах пастаўлены помнікі.

Але ж быў у нашай гісторыі час, калі сабака станавіўся вельмі небяспечным.

Пасля ўдала праведзенай аперацыі «Баграціён» немцы сталі спешна адыходзіць на захад, кідалі тэхніку, узбраенне і абучаных нямецкіх аўчарак. Тыя, застаўшыся сам-насам, харчаваліся тым, што маглі знайсці, часам нападалі на людзей. Шмат падобных выпадкаў было ў заходняй частцы Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна, каля вёсак Задор'е, Горна, Ізбішча, Папоўцы, Мацеева. Менавіта праз гэта ў пасляваенныя гады дзеці хадзілі ў школу грамадой. Ды і дарослыя асцерагаліся: калі нехта выбіраўся ў дарогу адзін, то браў з сабой палку з наматанымі на яе анучамі і саломай, каб у выпадку небяспекі запаліць факел і такім чынам адагнаць звера.

Нашу вёску Папоўцы, — узгадвала мая знаёмая Марыя Буйніцкая, — немцы спалілі. А ў суседняй Мільчы жыла наша цётка. Мы з братам часта бывалі ў яе. У той дзень — удваіх пасвілі кароў. Брат (ён старэйшы, мне пяты гадок ішоў, яму дзясяты) і кажа: «Бяжы, адгані вунь тую карову, у жыта пайшла». Я пабегла... А тут — наперарэз — сабака: цераз мяне пераскочыў і стаў. Я ў крык. А ён язык высунуў, зубамі ляскае, але ж пакуль не чапае: ён на мяне глядзіць, я — на яго. На ім, бачу, ашыйнік дужа прыгожы — ланцужком... І бліскучы такі, жаўтаваты, плецены...

А брат, відаць, пачуў, што я крыкнула, падбег і закрыў мяне сабой. Іншы б, можа, уцёк, бо таксама дзіцё, а ён, бач, не. Выхапіў з рук у мяне пугу і давай ёю размахваць, сабаку біць... Ну і крычалі мы абое так, што людзі на хутарах пачулі. Хто вілы схапіў, хто касу ці сякеру і хутчэй да нас. Сабака, мусіць, спалохаўся гэтага натоўпу, павярнуўся і пайшоў у жыта. Адтуль, як зараз памятаю, выглядваў яшчэ адзін. Гэта былі нямецкія аўчаркі.

Брат пасля гэтага паядынку доўга хварэў, нічога есці не мог. Бабка адна яго святой вадой аблівала, малітвы чытала, сказала маме, якімі травамі лячыць. Так і акрыяў...

Сёння гэта здарэнне, гэты паядынак са зверам, успамінаецца жанчыне як незвычайная прыгода, а тады ўсё магло скончыцца вельмі трагічна.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».