Zамор'е


Няма ўсмешак — няма маршчын

40 гадоў з пражытых 50 брытанка Тэс Крысціян не толькі не хмурыцца, але і адмаўляецца смяяцца. На такі крок яна пайшла дзеля таго, каб захаваць маладосць.

13-3

Сябры ўжо даўно празвалі Тэс Монай Лізай, таму што выраз твару жанчыны такі ж, як на знакамітай карціне да Вінчы. Брытанка, якая працуе менеджэрам у кампаніі па перапрацоўцы гародніны, не ўсміхаецца і не хмурыцца вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў.

Тэс Крысціян не пазбаўленая пачуцця гумару, але на працягу амаль 40 гадоў яна не рабіла выключэнняў з правілаў — нават пры нараджэнні дачкі. «Я не маю маршчын, таму што навучылася кантраляваць мышцы свайго твару. Усіх цікавіць, ці рабіла я ін'екцыі ботаксу, але ў мяне яго зроду не было. Так, я смяялася і ўсміхалася, калі была падлеткам, але потым завязала з гэтым. Мой метад аказаўся больш эфектыўным, чым любы дарагі крэм для твару», — кажа Тэс.

Жанчына запэўнівае, што ўвесь час захоўваць нейтральны выраз твару ў яе атрымліваецца лёгка, таму што яна выхоўвалася ў строгай каталіцкай школе, дзе манашкі амаль не ўсміхаліся. Да таго часу, калі яна дасягнула паўналецця, Тэс зразумела, што змрочны выраз ёй падыходзіць. Прыкладам для яе таксама паслужыла Марлен Дзітрых, якая таксама ўвесь час хадзіла з маркотнай мінай.

У кошкі дзевяць жыццяў...

Кот па мянушцы Барт у прамым сэнсе слова паўстаў з магілы.

Жыхар горада Тампа Бэй Эліс Хатсан палічыў свайго гадаванца мёртвым пасля таго, як той трапіў пад машыну. Калі гаспадар убачыў ката ў лужыне крыві, ён быў настолькі ўзрушаны, што не ведаў, што рабіць. Ён папрасіў суседа пахаваць Барта. Але праз пяць дзён пасля ўласнага пахавання жывёліна вярнулася! Невядома як, але кот выжыў, выбраўся з зямлі, аднак пацярпеў даволі моцна. Калі ён «паўстаў з мёртвых», яго сківіца была зламаная, а левае вока пашкоджанае. Да таго ж, кот быў вельмі змардаваны. Суседка Дасці Олбрытан расказала, што калі яна ўбачыла Барта, то падумала, што трапіла ў раман Стывена Кінга «Могілкі хатніх жывёл», у якім пахаваныя гадаванцы ажываюць. Хатсан адразу адвёз гадаванца ў ветэрынарную клініку, там яго падлаталі, але захаваць вока не ўдалося. Аплаціць выдаткі Хатсану дапамагло мясцовае таварыства абароны жывёл, якое вельмі расчуліла гісторыя «ўваскрослага» ката.

Памерайце ваша шчасце!

Японская кампанія Hіtachі абвясціла, што распрацавала прыладу для... вымярэння шчасця.

Гаджэт яшчэ не атрымаў уласнай назвы, яго пакуль называюць проста — вымяральнік шчасця. Ён павінен будзе паказваць, наколькі задаволеныя працай супрацоўнікі кампаній, што дапаможа кіраўніцтву аператыўна рэагаваць на форс-мажорныя сітуацыі ў калектыве. Вядома, што вымяральнік шчасця будзе памерам з крэдытную карту або бэйдж. У яго ўбудаваны сэнсары, якія з частатой 50 раз у секунду вызначаюць, ці шчаслівы чалавек і што ён робіць у дадзены момант. Звесткі ўмомант перадаюцца ў хмарнае сховішча і там апрацоўваюцца. Як менавіта гаджэт вызначае ўзровень шчасця, кампанія не паведамляе.

Каб выкарыстанне падобных картак не ператварылася ў татальнае сачэнне за кожным рухам, кіраўніцтва бачыць не ўсе дзеянні супрацоўнікаў, а толькі агульны ўзровень шчасця ў калектыве. У продаж вымяральнік шчасця паступіць у красавіку 2015 года ў Японіі.

Падрыхтаваў Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.