Вы тут

Гульня з магістрам


Удзельнік элітарнага клуба «Што?Дзе?Калі?» Максім Паташоў прадставіў у Мінску новы фармат інтэлектуальнай забавы

13-7

 

Серыя гульняў пад назвай «Інтэлектуальны паядынак», паводле задумы аўтара і арганізатараў, мусіць аб’яднаць паспяховых, актыўных і нясумных удзельнікаў, найперш прадстаўнікоў беларускага бізнесу, і стаць для іх своеасаблівым клубам па інтарэсах.

Як расказаў адзін з найлепшых удзельнікаў тэлегульні «Што?Дзе?Калі?», магістр клуба знаўцаў, трохразовы ўладальнік «Хрустальнай савы» і бізнес-трэнер Максім Паташоў, карпаратыўныя інтэлектуальная забавы цягам апошніх некалькіх гадоў надзвычай папулярныя ў Расіі. «Для іх удзельнікаў важна не толькі наталіць азарт і перамагчы, але і навучыцца працаваць у камандзе, знайсці ў калектыве сваё месца і прыносіць максімальную карысць, таму падобныя гульні карысныя і для развіцця інтэлекту, і для працы, і для бізнесу, — падкрэсліў аўтар і вядучы мноства інтэлектуальных гульняў. — У Маскве, Санкт-Пецярбургу, Казані, Іжэўску і некаторых іншых гарадах карпаратыўныя гульні адбываюцца раз на тыдзень і нават часцей. Нядаўна мы запусцілі падобны праект у Казахстане. Але ў Беларусі фармат шмат у чым наватарскі, таму для мяне самога цікава, якім будзе вынік».

У «Інтэлектуальным паядынку» няма звыклай сістэмы пытанняў і адказаў — гэта, хутчэй, сумесь розных фарматаў заданняў, сярод якіх шмат мультымедыйных і інтэрактыўных. Таму, паводле слоў Максіма Паташова, ніякай канкурэнцыі са «Што?Дзе?Калі?» тут няма і быць не можа. Гульня разлічана прыкладна на 3 гадзіны і праходзіць у чатыры этапы — пераможца вызначаецца па суме занятых месцаў у кожным раўндзе. Удзельнічаць у паядынку могуць да 10 каманд, ад 5 да 8 чалавек у кожнай, прычым быць «сямі пядзяў эрудытам» абсалютна не абавязкова — значна важней, падкрэсліваюць арганізатары, мець развітую інтуіцыю, логіку, пачуццё гумару і ўмець працаваць у камандзе.

Удзел у клубнай забаве, дарэчы, платны — унёсак складае каля 1 мільёна рублёў. «Але ў гэтую суму ўваходзіць пэўны набор закусак і напояў, паколькі гульні будуць праходзіць у сталічных кавярнях і прадугледжваюць адпачынак для ўсіх прысутных, а таксама прызавы фонд», — адзначыў арганізатар забавы ў Мінску Максім Шчарбіна. Праўда, за якія прызы яны спаборнічаюць, каманды дазнаюцца толькі напрыканцы кожнай гульні. У любым выпадку, запэўніваюць арганізатары, яны прыдумаюць штосьці «арыгінальнае, нечаканае і карыснае». Зрэшты, цалкам верагодна будзе трапіць на гульню і бясплатна: на першы «Інтэлектуальны паядынак» так трапіла каманда актыўных слухачоў адной з радыёстанцый — партнёраў праекта. Наступная гульня з магістрам прызначана на 24 лютага, і вакол удзелу ў ёй, як сцвярджае адміністрацыйная каманда, ужо назіраецца пэўны ажыятаж. Надалей плануецца ладзіць падобныя забавы раз на месяц.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.