Вы тут

Цяпер будзе зручней


Таксі не звычайнае — сацыяльнае. Першая «ластаўка» ў Гродне ўжо ёсць

Побач з намі жывуць людзі, якія не могуць скарыстацца паслугамі звычайнага таксі. Гэта, у прыватнасці, інваліды-калясачнікі, для перавозкі якіх патрэбны транспарт са спецыяльным пад'ёмным прыстасаваннем, дзеці-інваліды, а таксама людзі, якія рухаюцца з дапамогай палкі ці мыліц. Такую машыну нядаўна набыў за свае сродкі Гродзенскі аўтобусны парк.

Дырэктар аўтобуснага парка Мікалай ДРАВІЛА расказаў, што мікрааўтобус, які будзе выкарыстоўвацца як «сацыяльнае таксі», прыстасаваны для перавозкі аднаго інваліда-калясачніка і яшчэ сямі чалавек. Пажадана, вядома, загрузіць яго па максімуме. Таму мяркуецца, што ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва будзе фарміравацца заяўка на заўтрашні дзень, якая затым паступіць да аператара парка.

Зразумела, што такая сацыяльная паслуга не прадугледжвае нейкіх фінансавых «дывідэндаў» для перавозчыка. Але разам з тым яна не павінна быць для яго і стратнай. Для гэтага пэўная частка затрат павінна аплачвацца пасажырамі «сацыяльнага таксі» альбо іх сваякамі. Адпаведныя льготныя ўмовы аплаты за паездкі ўжо распрацаваны.

Такім чынам, першая «ластаўка» ў сферы «сацыяльнага таксі» ў Гродне ўжо ёсць і неўзабаве распачне работу. Аднак аднаго мікрааўтобуса яўна недастаткова, бо толькі інвалідаў-калясачнікаў у абласным цэнтры каля 400 чалавек. І яны, як правіла, пры наведванні той жа паліклінікі цалкам залежаць ад транспарту сваякоў ці сяброў.

Нядаўна ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама ініцыявала дабрачынную акцыю па зборы сродкаў на пакупку спецыяльнага аўтамабіля для службы «сацыяльнае таксі». Садзейнічаць гэтаму могуць прадпрыемствы і арганізацыі, усе гродзенцы, пералічыўшы любую суму на пазабюджэтны дабрачынны рахунак ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Гродна»: разліковы рахунак 3642000000221, філіял 400 АСБ «Беларусбанк», УНН 590661901, КОД 752.

Паводле інфармацыі дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Гродна Ірыны СКРАБЦОВАЙ, частка патрэбнай сумы (па цяперашніх цэнах ён можа каштаваць каля 400 мільёнаў рублёў) на дабрачынны рахунак ужо пералічана і, акрамя таго, ёсць адпаведныя дамоўленасці з шэрагам арганізацый. Ірына Анатольеўна ўпэўнена, што сёлета атрымаецца сабраць неабходную суму, пасля чаго будзе аб'яўлены тэндар на набыццё аўтамабіля.

Дарэчы, мікрааўтобус са спецыяльным пад'ёмным прыстасаваннем ужо два гады выкарыстоўваецца ў якасці сацыяльнага таксі ў Лідзе. Гэтая паслуга (для наведвання розных сацыяльных устаноў) вельмі запатрабаваная, паведаміла дырэктар Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна ПЕТУХ.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.