Вы тут

Як разбурыць сцяну паміж жыльцамі і жыллёвымі службамі


Чатыры месяцы мінчанка Алена Шуцько і яе маці Яніна Антонаўна Клімовіч змагаліся за знос, на іх думку, самавольна ўстаноўленай сцяны ў тамбуры агульнага калідора. Яна, тая сценка, адгарадзіла маленечкі калідор і памяшканне, якое жанчыны называюць калясачнай. Паводле іх слоў, каб занесці ці вынесці мэблю, трэба прасіць адчыніць дзверы той самай калясачнай, якую даўно ўжо пераўтварылі ў кватэру для работнікаў ЖЭСа. Зрэшты, супярэчлівыя тлумачэнні наконт яе законнасці даюць і самі жыллёвыя службы.

«Сцяна з'явілася... ноччу»

Кватэру ў новапабудаваным доме па вуліцы Гараўца ў Мінску Яніне Антонаўне Клімовіч выдзелілі ў 1980 годзе. Дагэтуль жанчына ў падрабязнасцях памятае, як атрымала ключы, як першы раз адчыняла дзверы свайго будучага жытла. Усё тады ёй спадабалася: прыгожа, утульна, калідор прасторны... Аднак на наступны дзень яна яго не пазнала: літаральна за ноч побач з яе кватэрай «вырасла» сценка... Неўзабаве за ёю пасялілі людзей.

Яніна Антонаўна, вядома ж, разбірацца ні з чым не стала. Падумала: ну што яна, простая работніца фабрыкі, зразумее ў гэтых справах? Калі зроблена, значыць, так трэба. Не будзеш жа турбаваць суседзяў. Тым больш, што жывуць яны ціха, нікому не перашкаджаюць...

Пашчасціла Яніне Антонаўне не толькі з гэтымі суседзямі, але і з наступнымі, калі ў кватэры за сценкай пасяліўся электрык ЖЭСа. З яго сям'ёй яны нават пасябравалі. Але ўсё цячэ, як той казаў, усё мяняецца. Летась «кватэру» сталі рыхтаваць для новай гаспадыні — таксама работніцы ЖЭСа, і тут ужо Яніна Антонаўна забіла трывогу.

Паспрыяў гэтаму выпадак. У кватэры жанчыны перагарэла праводка. Дзякуй Богу, нічога страшнага не здарылася, спецыялісты ўсё прывялі ў парадак. Але ж спужалася гаспадыня не на жарт, бо канчаткова зразумела, што крый Бог пажар — з кватэры не вынесеш амаль нічога, а тым больш з мэблі, бо на маленькім пятачку агульнага калідора плошчай у два квадратныя метры з буйнагабарытнай ношай проста не развярнуцца. Для таго, каб гэта зрабіць, неабходна адчыняць дзверы суседзяў.

Вось тады пенсіянерка і напісала першы ліст у ЖРЭА Ленінскага раёна аб тым, што 35 гадоў таму ля яе кватэры, відаць, незаконна паставілі сценку. Да справы падключылася і дачка Яніны Антонаўны — Алена Шуцько.

На яе ліст, дасланы ў ЖРЭА, прыйшоў досыць аптымістычны адказ пра тое, што (даслоўна) «работы па зносе самавольна ўсталяванай перагародкі ў тамбуры агульнага міжкватэрнага калідора будуць выкананыя ў снежні бягучага года (2014. — Аўт.), студзені 2015 года».

Здавалася б, добра, трэба толькі пачакаць. І жанчыны гэта спакойна рабілі б, калі б не бачылі, што побач адбываецца нешта зусім не падобнае на абяцаны знос і дэмантаж: на дзвярах калясачнай, у прыватнасці, з'явіўся яшчэ адзін замок, у самім памяшканні працягваліся рамонтныя работы. А начальнік ЖЭУ-51, на прыём да якога схадзіла Алена Шуцько, паказаў ёй замоўленую ў інстытуце «Белпраект» копію плана першага паверха дома. На ім, па словах жанчыны, мяккім алоўкам і няроўна была намалявана... тая самая перагародка.

Зразумеўшы, што знос яе па-ранейшаму пад пытаннем, Алена Іосіфаўна напісала ў ЖРЭА яшчэ адзін ліст. І ў хуткім часе атрымала яшчэ адзін адказ, дзе чорным па белым было напісана, што (зноў жа даслоўна) «работы па зносе самавольна ўсталяванай перагародкі ў тамбуры міжкватэрнага калідора пачатыя», і што «пасля вышэйзгаданага зносу будзе выкананы касметычны рамонт тамбура».

Пасля гэтага (перагародка ж як стаяла, так і стаіць!) жанчынам нічога не заставалася, як звярнуцца ў адміністрацыю Ленінскага раёна сталіцы. На гэты раз у адказе мала таго, што пераблыталі імя па бацьку заяўніцы і нумар пад'езда, дзе жыве яе маці, — пераблыталі, відаць, яшчэ і сценкі, бо паведамілі, што тая перагародка... адпавядае праектнаму рашэнню дома.

— Як можна пісаць, не бачачы, пра што ідзе гаворка? Хоць бы хто-небудзь з гэтых начальнікаў прыйшоў ды паглядзеў, што тут насамрэч, — абураецца Алена Іосіфаўна.

Справа прынцыпу

Калі карэспандэнта «Звязды» жанчыны правялі ў кватэру-калясачную, перад вачыма паўстала карціна разгорнутых рамонтных работ. Спецыяліст, які іх выконваў, прадстаўляцца адмовіўся, але паведаміў, што ніякая гэта не калясачная, а жылая кватэра. Сапраўды, выглядае памяшканне менавіта так: ёсць кухня, санвузел, адзін пакой і калідорчык, што звязвае іх паміж сабой.

Між тым злашчасная сценка, якая адгароджвае гэтае жытло ад агульнага тамбура, на апорную, прадугледжаную праектам, яўна не цягне...

— Вы ўлічвайце, што яна будзе зносіцца, — сказаў рамонтнік, мякка кажучы, выстаўляючы нас за дзверы.

А напярэдадні, як распавялі жанчыны, прыходзіў спецыяліст з аддзела МНС і пацвердзіў, што шырыня агульнага калідора каля іх кватэры меншая за норму. У прыватнай размове, апроч прапанаваных варыянтаў (перанесці сценку на 50 сантыметраў у бок так званай калясачнай або паставіць яе наўскос), ён паведаміў, што гэту перагародку можна было б наогул знесці...

Аднак камунальнікі абралі найпрасцейшы з варыянтаў. У выніку за той спрэчнай перагародкай усё ж з'явілася новая, з газасілікатных блокаў, праўда, на адлегласці не 50 сантыметраў, а 25.

Жанчыны пагаджаюцца: столькі гадоў жылі з гэтай сценкай і будуць жыць далей, калі яе не знясуць. Але тут ужо іх хвалюе іншае пытанне: чаму давялося сутыкнуцца з такой неразбярыхай на такім высокім узроўні?

— Мне 76 гадоў, я ўжо задумалася, як труну выносіць з кватэры, бо яна ж не пройдзе, — прызнаецца Яніна Антонаўна. — Столькі працавала, столькі чакала, каб уехаць у гэтую кватэру. І дачакалася...

— Мы гатовыя да дыялогу і будзем рады, калі побач паселяцца добрыя людзі, але хочацца, каб усё было талкова зроблена, — гаворыць дачка.

* * *

Калі гэты матэрыял ужо быў падрыхтаваны да публікацыі, Алена Шуцько паведаміла, што сценку, якая не давала спакою сям'і, усё ж такі знеслі. Аднак пытанні да мясцовых начальнікаў у заяўніцы засталіся. І галоўнае з іх — чаму такія супярэчлівыя адказы прыходзілі ад камунальнікаў?

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».