Вы тут

Над эпохамі


Літаратура — як люстэрка часу. Як яго нерв. Магчымасць гэты час ствараць, мяняць. Рабіць яго больш чалавечным. Вось пра што ішла гаворка на міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час», які праходзіў у рамках ХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Сабраліся пісьменнікі розных краін у выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў у Мінску. А побач — сустрэча глабальнага значэння. Што дало падставы для абмеркавання, з чаго і пачалася размова пісьменнікаў розных краін.

13-42Да прысутных звярнуўся Аляксандр Радзькоў, памочнік Прэзідэнта Беларусі, які ад імя кіраўніка дзяржавы павітаў удзельнікаў сімпозіума:

— Дзякуй за працу — палітычную, творчую, ідэалагічную, выхаваўчую. За жывое слова, якім вы валодаеце і з дапамогай якога вы працуеце з людзьмі. Пісьменнік павінен быць у цэнтры падзей. Вось вы зараз трапляеце ў самы эпіцэнтр. Літаральна побач знаходзяцца кіраўнікі пяці дзяржаў. Шмат хто з нас па кнігах ведае, што такое вайна, — вы, пісьменнікі, дапамагаеце змагацца за мір і кажаце, як няпроста захаваць яго. Вось сёння гавораць пра тое ж на іншым узроўні..

13-39Пісьменнікам заўсёды ёсць што сказаць людзям, лічыць міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Яны павінны спрыяць аб'яднанню, сваім пяром могуць паспрабаваць спыніць тэрор, гвалт у свеце.

«У ХХІ стагоддзі свет сутыкнуўся з выклікамі і пагрозамі. Беларусь робіць усё магчымае, каб у суседняй краіне запанаваў мір і каб мы як мага хутчэй сталі сведкамі, калі там у кожны дом пастукаецца надзея і больш не будзе страт», — сказала міністр.

Звяртаючыся да пісьменнікаў, Лілія Ананіч адзначыла, што Беларусь ідзе з мірам, заўсёды рада супрацоўніцтву. Міністр выказала надзею, што такія сустрэчы будуць працягвацца. «Неабходна, каб літаратура працягвала служыць меркай сапраўдных каштоўнасцяў і спрыяла ўмацаванню дружбы народаў», — падкрэсліла яна.

Удзельнікам прадстаўнічага форуму было што абмяркоўваць. Вядома, увесь спектр праблем і тэм для абмеркавання вызначыць немагчыма. Але галоўнае, што аб'ядноўвала ўсіх прысутных, — жаданне гуманізаваць грамадства, адкрываць сваім краінам асаблівасці розных культур, у тым ліку і беларускай.

13-37Алесь Бадак, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Полымя»:

— Такія сустрэчы, такія кантакты вельмі патрэбны, асабліва сёння. У рыначную эпоху літаратуры крышку раз'яднаныя, на першы план выходзіць бізнес. І тое, што прапаноўваюць літагенты, кніжныя выдавецтвы, тое і на паверхні. Але гэта не значыць, што на паверхні самая сур'ёзная літаратура. Але ёсць і тое, што тычыцца культуры наогул, і таго, што тычыцца грамадскай супольнасці ў свеце. Таму што літаратура заўсёды ўплывала на грамадскае жыццё і будзе ўплываць, што б ні казалі пра сённяшні час: што літаратура не тая, не выконвае свае функцыі. Гэта не зусім так. Таму што кніжка, якая выходзіць накладам 1000 экзэмпляраў, можа зрабіць большы ўплыў на грамадства, на свядомасць чалавека, чым кніжка, якая выходзіць тыражом 100 000 ці 200 000 экзэмпляраў, ці нават мільённым тыражом... Сёння разглядаюцца дзве важныя праблемы: міжнароднае супрацоўніцтва, наладжванне кантактаў, уплыў літаратуры, развагі пра гэта на грамадскім узроўні, што літаратура можа зрабіць. І другая важная праблема, якая разглядаецца, — маральная адказнасць пісьменніка перад чытачом, перад самой літаратурай.

13-41Член саюза кітайскіх пісьменнікаў Лао Ма:

— Мы тут сабраліся ў імя літаратуры, каб кантактаваць сродкамі высокіх слоў, на духоўным узроўні — пагадзіцеся, гэта вялікае дасягненне. Зносіны праз літаратуру дазваляюць крануць душу, дастукацца да сэрцаў. Літаратура — гэта магчымасць захаваць доўгую культурную традыцыю любога народа і краіны. Проза, паэзія і драма адыгрываюць тут важную ролю. Менавіта дзякуючы літаратуры нашы народы могуць кантактаваць без бар'ераў і межаў. Слова, якое нясе цеплыню, дыхае, мае голас і смак, дазваляе нам глыбей зразумець адзін аднаго на эмацыянальным узроўні і жыць разам.

13-40Драган Лакічавіч, пісьменнік, перакладчык (Сербія):

— Катэгорыя часу па-асабліваму вызначае і прадвызначае пісьменніка. І ў філасофскім, і ў эстэтычным сэнсе. Па-свойму час нараджае пісьменніка. Але ёсць верагоднасць, што і пахавае яго. Пісьменнік адчувае час, але не заўсёды натхняецца часам. Адчуваючы рух, цячэнне часу, рытм яго і яго праявы ў самім сабе, пісьменнік выказвае гэта ў адпаведнасці са сваім тэмпераментам і ў сваім уласным стылі — кожны па-свойму. Творы існуюць залежна і ад пісьменніка, і ад часу. У наш час — зменены, дэфармаваны, спажывецкі — усталёўваюцца новыя, іншыя каштоўнасці. Але ёсць гісторыя культур і старажытных цывілізацый, ад якіх дайшлі каштоўнасці вечныя. Найбольшую каштоўнасць чалавецтва і ў наш час маюць любоў, свабода, гонар, вернасць, велікадушнасць. А гэта нас пераконвае: ва ўсе часы (і ў наш таксама) чалавечая істота мае патрэбу ў паэзіі і ў песні песняў. На пытанне: «Што самае цяжкае на гэтым свеце?» — лірычны герой беларускага пісьменніка Максіма Танка адказвае: прайсці праз вернасць. Вечная думка пісьменнікаў усіх часоў...

13-38Нэлі Абашына-Мельц, галоўны рэдактар часопіса «Талін» (Эстонія):

— Я перакладчыца і вельмі даражу гэтай прафесіяй, таму што перакладчыкі дазваляюць пазнаёміць свет з тым, што думае кожны народ. Гэта складае асноўную каштоўнасць літаратуры. Мы ў Эстоніі захавалі перакладчыцкую школу. У нас перакладаецца тое, што ствараецца на эстонскай мове, на рускую. Кожныя 10 гадоў мы складаем зборнікі навел. Прывезлі з сабой іх і яшчэ шмат іншых кніг, каб падараваць Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Што тычыцца перакладаў з беларускай, то, вядома, у нас перакладалі паэзію — былі прамыя перакладчыкі. Цяпер прамых засталося мала, і руская мова з'яўляецца як бы мастком, каб даць магчымасць пазнаёміць з літаратурай. Я зараз прыехала сюды з намерам, што мы можам скласці адмысловы нумар нашага часопіса, куды б маглі ўвайсці творы маладых літаратараў з Беларусі. Нам трэба бліжэй пазнаць адно аднаго: столькі можа быць адкрыццяў.... Ведаеце, у Беларусі мне асабліва спадабалася адно слова: у вас ёсць слова «сябры». А па-эстонску гэта значыць «сыбяр»...

* * *

Удзельнікі міжнароднага форуму літаратараў «Пісьменнік і час» не засталіся ў баку ад важнай палітычнай падзеі, што адбывалася ў Мінску. Яны прынялі зварот у адрас «нармандскай чацвёркі», паведамляе БелТА.

«Мы, прадстаўнікі 28 краін, удзельнікаў міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час «, які праходзіць у кантэксце ХХІІ Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу, з вялікім задавальненнем ўспрынялі вынікі праведзенай сустрэчы «нармандскай чацвёркі», — гаворыцца ў звароце.

Мінскі палітычны плацдарм спрыяў прарыву ў галіне спынення баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны, лічаць літаратары.

Пісьменнікі 28 краін павіншавалі прэзідэнтаў Расіі, Францыі, Украіны, канцлера Германіі, кіраўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік з праяўленай палітычнай воляй і мудрасцю пры пошуку рашэння выхаду з сітуацыі баявых дзеянняў, якія прывялі да гібелі тысяч людзей і разбурэння ўсёй інфраструктуры на паўднёвым усходзе Украіны.

Літаратары выказалі асаблівую падзяку Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і выказаліся ў падтрымку яго ініцыятывы, якая прывяла да ўзаемаразумення бакоў.

Яны таксама выказалі ўпэўненасць, што вынікі мінскіх перамоў атрымаюць далейшае пазітыўнае развіццё, і ў Еўропе знікне гэты небяспечны ачаг вайны і здзекаў з людзей.

Ларыса ЦІМОШЫК. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».