Вы тут

З песні слова не выкінеш


Песня — адзін з самых прыгожых відаў фальклору. Захоўваючы яе і перадаючы з пакалення ў пакаленне, людзі дзеляцца духоўным скарбам сваіх продкаў і нярэдка самі становяцца сям'ёй. У апошнім мы са здымачнай групай праграмы «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3» у чарговы раз упэўніліся, завітаўшы ў госці да ансамбля народнай музыкі і песні «Сяброўкі» з вёскі Блізніца Полацкага раёна.

13-9

Сустрэча з ансамблем «Сяброўкі» адбылася ў маёнтку пана Лісоўскага. Зрэшты, не толькі сядзіба, але і сама вёска мае даўнюю і цікавую гісторыю. Паводле падання, жыў у гэтай мясцовасці некалі адзін вельмі багаты пан. Сядзіба знаходзілася ў цэнтры яго ўладанняў, а вакол былі лясы, лугі, ды яшчэ цагляны і вінны заводы. І называлася гэта месца Двор Варонічы. Вакол яго знаходзіліся хутары: Блізняцы, Блізніца. Блізняцы сваю назву набылі за тое, што ў мясцовых жанчын там часта нараджаліся дзеці-блізняткі. Блізніца — бо знаходзілася блізка ад хутара Блізняцы. У 70–80‑х гадах мінулага стагоддзя было вырашана аб'яднаць два гэтыя хутары і Двор Варонічы і даць адзіную назву. Так з'явілася вёска Блізніца.

Сядзіба пана Лісоўскага пабудавана тут напачатку мінулага стагоддзя і да сёння яе знешні выгляд захаваўся амаль што нязменным. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі сям'я Лісоўскіх вымушана была з'ехаць у Польшчу, дзе і заставалася. Сярод землякоў тых паноў існуе меркаванне, быццам перад ад'ездам у Польшчу Лісоўскі схаваў у сваім маёнтку скарб. Некаторыя і цяпер не страчваюць надзеі адшукаць тое багацце. Але смельчакоў ды іншых наведвальнікаў сядзібы часам пужае прывід гаспадара, пана Лісоўскага. Вядомы ўжо не адзін выпадак, калі людзі сведчылі пра сустрэчу з ім. Так, расказваюць, аднойчы бібліятэкарка Вольга Чобат пайшла дадому, зачыніўшы дзверы ў бібліятэку і музей «Бабін кут», якія размяшчаюцца побач на другім паверсе. У гэты час мастацкі кіраўнік Дома культуры Уладзімір Піскуноў працаваў за камп'ютарам на першым паверсе. Ён праз нейкі час і пачуў дзіўныя гукі наверсе, а калі падняўся ў музей, то ўбачыў расчыненыя дзверы і хістанне фіранак, нібы іх вецер гайдае, хаця ўсе вокны былі зачынены. Патэлефанаваў бібліятэкарцы, тая пацвердзіла, што ўсё было замкнёна на ключ. Давялося жанчыне вяртацца і зачыняць дзверы яшчэ раз.

Самы распаўсюджаны «цуд» — гук піяніна ў адным з класаў музычнай школы. Прычым сведкамі гэтага былі адразу некалькі чалавек. У вячэрні час тут можна было пачуць, як гучыць віртуозная, але невядомая мелодыя… Аднак калі нехта з супрацоўнікаў ішоў у клас, каб паглядзець, што ж адбываецца, то ігра сціхала і ў пакоі нікога не аказвалася.

Каля маёнтка расце чароўнае дрэва — ясень. Лічыцца, калі да яго дакрануцца, то набіраешся жыццёвых сіл і здароўя, а прытуліўшыся лбом, можна і розум палепшыць, і жаданне загадаць. А пад маёнткам ёсць, магчыма, чароўны калодзеж (некаторыя вяскоўцы лічаць, што менавіта там на дне і ляжыць скарб). Верыць мясцовым паданням альбо не — справа індывідуальная, але сапраўднае багацце ў маёнтку ёсць, праўда, яно пераважна духоўнае. Бо тут размяшчаюцца адразу тры ўстановы культуры — Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў і бібліятэка-музей.

Не сакрэт, што песня можа ў розных сітуацыях спрыяць чалавеку. Ансамбль «Сяброўкі» — прыклад таго, як спевы аб'ядналі жанчын у паўсядзённым жыцці, зрабіўшы іх сапраўднымі сяброўкамі. Паколькі калектыў пераважна жаночы, то не дзіўна, што тэматыка ў большасці прадстаўленых песень таксама пра каханне, жаночы лёс з яго радасцямі ці бедамі…

Цячэ вада, цячэ вада, цячэ на быстрыне.

Даўно была, даўно была з мілым

                        на вяселлі.

Ой, на што, ой, на што мне ту вадзіцу піці,

Ой, як жа мне, ой, як жа мне

                        з мілым гаварыці.

Казаў мілы, казаў мілы,

                        што мяне папросіць,

Ой, як у полі пры таполі

                        пшанічаньку скосіць.

Ой, як доўга яе косіць, ужэ восень мінае,

Ён жаніцца бярэ другу, а мяне кідае.

Не рві, мілы, не рві, мілы, спелыя маліны,

Не кахай ты, не кахай ты зразу

                        дзве дзяўчыны.

Дзве дзяўчыны, дзве дзяўчыны,

                        то вяліка здрада.

Адна стаіць, горка плача,

                        друга таму рада.

— Гісторыя нашага калектыву ў першую чаргу звязана з дырэктарам клуба Лідзіяй Колычавай, якая з'яўляецца ініцыятарам стварэння ансамбля. Дзяўчаты, калі прыйшлі ў суполку, прыдумалі назву «Сяброўкі». І вось мы ўжо каторы год разам спяваем, бавім час, сумесна адзначаем розныя святы. Без перабольшання магу сказаць: сталі адной сям'ёй. І вельмі радуемся таму, што наш калектыў дае магчымасць кожнай заставацца маладой, не хварэць і радавацца жыццю, — кажа кіраўнік ансамбля Таццяна Шыбуняева.

А самі ўдзельніцы «Сябровак» зазначаюць, што на іх памяці без песень ніхто і нікуды не ішоў: і на працу, і з працы, і ў гасцях — усюды бралі яе з сабой. Папаўняць песенны рэпертуар часцей за ўсё імкнуцца распытваючы і слухаючы бабуль, якія памятаюць некаторыя мелодыі ў першасным варыянце і перанялі іх у спадчыну ад былых пакаленняў. Дарэчы, сведчанне таму, што праблема дзяцей і бацькоў існавала ва ўсе часы, можна таксама знайсці ў песнях калектыву:

Там за лугам зеляненькім

Брала ўдова лён драбненькі.

Яна брала, выбірала,

Тонкі голас падавала.

А Васілька сена косіў,

Тонкі голас пераносіў:

Пазволь маці ўдову браці,

Тады не буду піць-гуляці.

Не пазволю ўдову браці,

Удова ўмее чараваці.

Счаравала мужа свайго

І счаруе сына майго.

А я чараў не баюся

І на ўдове ажанюся.

…Яшчэ да знаёмства з калектывам, пакуль здымачная група настройвала тэхніку, у музеі «Бабін кут», агледзеўшыся навокал, можна было азнаёміцца з прадметамі побыту, пагартаць кнігі фальклорнай тэматыкі, якія тут размешчаны на асобнай палічцы. Усё захоўвае таямніцу свайго часу, людскіх лёсаў з яго звычкамі, патрэбамі…

Нядоля, нядоля, няшчасце маё,

Не любіць свякроўка імення майго.

Шле мяне маладу скрозь ноч па ваду.

Свякроўка-мамонька, яшчэ раненька:

Шчэ пятух не пяяў, гусак не крачаў,

Толькі шэры воўк за гарою выў.

Слухаць гісторыі ў песнях, якія выконваюць жанчыны з ансамбля «Сяброўкі», любяць многія. Таму з канцэртамі мясцовых артыстаў можна сустрэць і на вяселлі, і ў кампаніі камбайнераў перад іх выхадам у поле, а вясной і летам часта адбываюцца гастролі ў санаторый «Лясныя азёры». Нязменны акампаніятар у калектыве — баяніст Фёдар Гайко. Падчас нашай сустрэчы ён то падыгрываў жанчынам, то ўслухоўваўся ў іх шматгалоссе. Калі ж браўся за інструмент — песні адразу набывалі яшчэ больш каларытнае гучанне.

Ці я не хазяйка, ці не гаспадыня?

Тыдзень хаты не мяла, печы не тапіла.

Як паехаў мужанёк ды ў поле араці,

А я выйшла на вуліцу з хлопцамі стаяці.

Едуць людзі ў поле і з мяне смяюцца,

Што на маіх падушках вораны нясуцца.

Ой, не бойцесь, людзі, неяк яно будзе:

Аскубаю вараня ды перына будзе.

Не дзявуйся, мужанёк, з такой гаспадыні,

Трэба было дзівавацца,

                        як была дзяўчынай.

Жарты жартамі, а задумацца пасля такіх песень кожнаму не лішнім будзе. Нездарма кажуць: з песні слова не выкінеш.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».