Вы тут

Саміт надзей


Несумненна, па значнасці і важнасці саміт, які праходзіў у Мінску 11-12 лютага 2015 года, мае мала аналагаў у найноўшай беларускай гісторыі.

Пераважная большасць сустрэч на вышэйшым узроўні ў Мінску да 2014 года былі звязаны з фарміраваннем і функцыянаваннем розных інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы. У Мінску абмяркоўваліся такія фарматы, як СНД і МС, ЕЭП і АДКБ, стварэнне ЕАЭС. Трэнд, які ўзнік пасля разгарання ўкраінскага канфлікту, калі ў Мінску пачалі праводзіцца найважнейшыя сустрэчы з мэтай знайсці ўдалы сцэнарый спынення грамадзянскай вайны, кардынальна іншы — абмяркоўвацца сталі пытанні не пра тэмпы прыросту эканомікі або аспекты ваенных вучэнняў, а пра жыццё і смерць — непасрэдных удзельнікаў канфлікту і мірнага насельніцтва.

Першая спроба дамовіцца ў ліпені не была ўдалай, але падчас сустрэч у жніўні і верасні ўдалося дабіцца часовага поспеху — на працягу некалькіх месяцаў братазабойчая грамадзянская вайна на ўкраінскай тэрыторыі істотна знізіла інтэнсіўнасць. На жаль, у студзені зноў узрасла напружанасць на ўкраінскай зямлі і рэзка павялічылася колькасць ахвяр. Першая спроба Беларусі вярнуць канфліктуючыя бакі да абмеркавання спрэчных пытанняў не пры дапамозе стральбы, а за сталом перамоў (у Мінску 16 студзеня) сарвалася. Чарговая сустрэча, 30 студзеня, таксама не адбылася, але 31 студзеня ўжо атрымалася правесці першыя перамовы, а на 11-12 лютага былі ўзгоднены адначасовыя перамовы на беларускай зямлі адразу ў двух фарматах — нармандскім і мінскім.

Пра глабальнае значэнне саміту 11-12 лютага можна меркаваць хаця б па тым, што пачатак саміту кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Еўрасаюза, які прайшоў 12 лютага ў Бруселі, быў затрыманы па прычыне перамоў «нармандскай чацвёркі» ў Мінску.

Як і меркавалася, з-за таго, што на саміце і на пасяджэнні кантактнай групы абмяркоўваліся вельмі няпростыя пытанні, гэта ўскладніла магчымасць прыйсці да рашэнняў, якія б задавальнялі ўсіх. У той жа час тых, хто лічыць такое працяглае абмеркаванне яўным негатывам, можна супакоіць — у доўгіх і зацяжных перамовах ёсць глыбокі сэнс. Задача перамоўцаў, якія сабраліся ў Мінску, была не ў тым, каб падпісаць нейкі дакумент і тут жа раз'ехацца па сваіх справах. Сумны досвед не толькі ранейшых перамоў па Украіне, а і многіх падобных мерапрыемстваў па вырашэнні іншых канфліктаў, сведчыць: важна не падпісаць нейкае пагадненне, а дабіцца яго далейшага выканання. А каб яно выконвалася, неабходна дэталёва абгаварыць інтарэсы ўсіх уцягнутых бакоў і знайсці тыя кампрамісы, якія будуць выгадныя ўсім. А інакш падпісаны дакумент не атрымае практычнай рэалізацыі, або яго ажыццяўленне застопарыцца неўзабаве пасля падпісання. Галоўнай задачай саміту ў Мінску было знайсці падчас перамоў тыя пункты судакранання, па якіх удасца не толькі дасягнуць трывалага пагаднення аб спыненні ваенных дзеянняў на бліжэйшыя дні або тыдні, а і знайсці аснову для трывалага міру на гады.

Ці атрымалася вырашыць гэту задачу, стане зразумела пазней. Пакуль што дасягнутыя ў Мінску дамоўленасці ацэньваюць непасрэдна самі ўдзельнікі перамоў. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паведаміў, што кантактная група падпісала дакумент аб комплексе мер, накіраваных на імплементацыю мінскіх дамоўленасцяў. На яго думку, адной з асноўных праблем доўгіх узгадненняў было нежаданне кіраўніцтва Украіны прама кантактаваць з лідарамі данецкіх і луганскіх сепаратыстаў. Уладзімір Пуцін таксама расказаў, што лідарамі краін «нармандскай чацвёркі» была прынята заява аб падтрымцы адпаведнага працэсу. Паводле слоў Прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, дасягнутыя па выніках саміту дамоўленасці дастаткова значныя. Ён адзначыў: «Гэта сур'ёзная надзея. Гэта вялікая палёгка для Еўропы».

Галоўныя вынікі — дамоўленасць аб спыненні агню з 15 лютага 2015 года ў рамках перамір'я і рашэнне аб адвядзенні цяжкага ўзбраення. Пры гэтым украінскі бок адводзіць яго ад лініі цяперашняга супрацьстаяння войскаў, а сепаратысты кіруюцца лініяй, узгодненай 19 верасня ў Мінску. Іх прадстаўнікі — кіраўнікі Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка і Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі — адзначылі, што ўжо дасягнутыя пункты пагаднення запатрабуюць дадатковага ўзгаднення, перамовы па якіх працягнуцца. Пры гэтым было заяўлена, што на гатоўнасць лідараў ДНР і ЛНР падпісаць дамоўленасці прама паўплывала кансалідаваная пазіцыя лідараў Германіі, Францыі і Расіі.

Гэты апошні факт мае як пазітыўныя, так і негатыўныя аспекты. Непасрэдным плюсам з'яўляецца тое, што Прэзідэнт Расіі змог знайсці пункты судакранання з Прэзідэнтам Францыі і канцлерам Германіі. Мінусам — тое, што лідары ДНР і ЛНР фактычна прызналіся, што падпісалі пагадненне пад ціскам кансалідаванай пазіцыі кіраўнікоў Расіі, Францыі і Германіі, а гэта азначае, што яны лічаць інтарэсы ўтварэнняў, якія яны прадстаўляюць, недасягнутымі. А гэта можа прывесці ў далейшым да зрыву дасягнутых дамоўленасцяў.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.