Вы тут

Яднанне ў пачуццях


Як літаратура паказвае агульнае паміж Беларуссю і Кітаем

У дзень падпісання, можна сказаць, гістарычнага мемарандума паміж Міністэрствам інфармацыі Беларусі і Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітая аб супрацоўніцтве ў кнігавыдавецкай справе адбыўся і Беларуска-кітайскі выдавецкі форум. Ганаровыя госці не прамінулі сказаць аб тым, што паміж беларусамі і кітайцамі насамрэч шмат агульнага, а літаратура, як трапяткая сфера, заснаваная на пачуццях, лепш за ўсё гэта адлюстроўвае.

13-30

«Кітай і Беларусь — добрыя сябры і стратэгічныя партнёры. Паміж нашымі краінамі — шчырая дружба. З моманту ўсталявання нашыя дыпламатычныя адносіны развіваюцца ўсё больш дынамічна і эфектыўна. Шмат поспехаў мы маем і ў гуманітарных абласцях, — сказаў на форуме Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі Цуй Цымін.

На мерапрыемстве прысутнічалі і чатыры ўжо вядомыя нам пісьменнікі — А Лай, Лао Ма, Сі Чуань і Сюй Цзэчэнь. Тут жа выявілася, што вядомы кітайскі пісьменнік А Лай атрымаў траўму рукі, што не перашкодзіла яму выступіць і паэтычна пра гэтае здарэнне расказаць — вядома ж, пісьменнік.

«Калі прызямляўся наш самалёт — я ўбачыў белыя палі, лясы, вёскі. Я і мае суайчыннікі любілі чытаць Святлану Алексіевіч, Яўгенія Замяціна, Васіля Быкава. Недзе ў 1980-х я прачытаў першую кнігу савецкага аўтара — гэта былі тры апавяданні Васіля Быкава. Калі мы прыехалі ў гасцініцу, ужо сцямнела. Але я хацеў паглядзець на гэтую зямлю, тую Беларусь, пра якую чытаў у 20 гадоў. Выйшаў — і паслізнуўся. Лежачы на зямлі я паглядзеў у неба, убачыў дзве бярозы, не вельмі выразныя зоркі... Мабыць, як у Васіля Быкава адзін з герояў, падкошаны куляй... Мы павінны верыць у сілу літаратуры. З надзеяй на супрацоўніцтва мы прыехалі ў зімовую Беларусь, і галоўная наша місія і надзея — каб адбывалася яднанне людзей менавіта ў пачуццях».

Мемарандум аб супрацоўніцтве Кітая і Беларусі заключаны на тэрмін да 2020 года. Здаецца, што з гэтага атрымаецца не проста пераклад і выданне кітайскіх аўтараў у Беларусі і беларускіх у Кітаі. Мы таксама можам пераняць добрыя напрацоўкі кітайскай выдавецкай сістэмы, якімі гатовая падзяліцца, напрыклад, Кітайская выдавецка-медыйная карпарацыя з ТОП-50 выдавецтваў Кітая. Намеснік дырэктара карпарацыі Сунь Уэму (таксама пісьменнік і былы журналіст) расказаў, што за апошнія тры гады ў сваёй краіне яны стаяць на першым месцы па рэалізацыі і колькасці дзяржаўных прэмій. Пры гэтым арыентуюцца на замежныя рынкі, пераклады на іншыя мовы і гандаль аўтарскімі правамі — маюць 28 прадстаўніцтваў, якія распаўсюджваюць прадукцыю ў 130 краін свету. У чым маюць пэўныя поспехі — штогод аб'ёмы продажу растуць, а імпарт да таго ж стымулюе экспарт. Карпарацыя таксама актыўна ўдзельнічае ў міжнародных кніжных выставах-кірмашах.

Галоўнае, яны маюць вялікія рэсурсы ў аўтарскім праве — ужо напрацавана база з вялікай колькасцю кітайскіх пісьменнікаў. Кітайская выдавецкая карпарацыя таксама можа пасадзейнічаць у выданні вучэбнай літаратуры, якая будзе дапамагаць жадаючым вывучаць кітайскую мову.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч пракаментавала: «У гэтыя знакавыя дні ў нашай краіне адбываюцца сапраўды лёсавызначальныя для ўсяго свету падзеі (маюцца на ўвазе мінскія перамовы ў «нармандскім фармаце»). Мы перакананы, што сапраўдны дыялог слова — гэта той алгарытм, які павінен быць галоўным ва ўзаемаадносінах паміж народамі. Слова павінна вылечваць, развіваць, вучыць дабру, заклікаць да міру. Я ўпэўнена, што пісьменнікі, якія прысутнічаюць у гэтай зале, — нашы сябры з Кітая — прыбылі да нас менавіта з такой высокай місіяй і словамі дабра, міру, узаемаразумення. Вельмі б хацелася, каб такі аўтарытэтны міжнародны кніжны форум, які ў падобным маштабе праходзіць у Беларусі ўпершыню, знайшоў новыя грані супрацоўніцтва. Каб такія прафесійныя зносіны выліваліся ў новыя творчыя праекты, якія, безумоўна, будуць падтрымлівацца Міністэрствам інфармацыі Беларусі і, я ўпэўнена, кітайскім бокам таксама.

Сёння падпісаны стратэгічны кніжны дакумент. На самой справе гэта дакумент міждзяржаўнага характару — мемарандум аб супрацоўніцтве ў праекце перакладу класічнай кітайскай літаратуры і класічнай беларускай літаратуры на дзяржаўныя мовы Беларусі і кітайскую мову. Вельмі важна, каб культура чытання добрай кнігі спадарожнічала і цяперашняму, і будучаму маладым пакаленням. Мы разумеем, што век новых інфармацыйных тэхналогій штосекундна пастаўляе такі аб'ём інфармацыі, з якім не зможа справіцца нават самая разумная машына. І важна, каб кніга, слова пісьменніка былі духоўным і маральным арыенцірам».

У сваю чаргу кітайскія госці запрасілі паўдзельнічаць беларускі бок у сваіх кніжных мерапрыемствах.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».