Вы тут

Домрачава захапіла лідарства


1. Перамога ў спрынце на этапе Кубка свету ў нарвежскім Халменколене дазволіла Дар'і Домрачавай абысці Кайсу Макарайнен у агульным заліку. З важнай перамогай спартсменку павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Узнімалася на подыум прыма айчыннага біятлона і ў індывідуальнай гонцы: з адной штрафной хвілінай Домрачава фінішавала другой. Але «за спінай» хуткай і дакладнай на стрэльбішчы фінкі. У спрынце трохразовая алімпійская чэмпіёнка дэманстравала выдатную стральбу (0+0) і традыцыйна хуткі ход па дыстанцыі. А вось у Макарайнен гонка не задалася: тры кругі штрафу — і толькі 17‑е месца на фінішы. Розніцы ў ачках за спрынтарскую гонку хапіла Дар'і, каб на 10 балаў абысці Макарайнен у генеральнай класіфікацыі.

17-8

Адзначым, што ў эстафеце Домрачава не выступала. Без лідара наша каманда ўпершыню ў сезоне фінішавала па-за межамі п'едэстала — на дзявятым месцы.

Чэмпіянат свету па біятлоне распачнецца 5 сакавіка ў фінскім Конціялахце. Да планетарнага першынства наша каманда будзе рыхтавацца ў нямецкім Рупольдзінгу.

2. Хакейнае «Дынама-Мінск» другі раз запар саступіла падмаскоўнаму «Атланту» (3:4). На трэці перыяд «зубры» выходзілі ў лідарах, апярэджваючы саперніка на шайбу — 3:2. Але ў самым пачатку апошняй дваццаціхвілінкі гаспадары пляцоўкі забілі дзве шайбы, не дазволіўшы «бела-сінім» утрымаць перавагу і здабыць выніковую перамогу.

«Не думаю, што ў каманды крызіс, — адзначыў пасля матча форвард «зубраў» Пол ШЧАХУРА. — Так, нам не хапае лідараў, якія не выступаюць праз траўмы. Але галоўнае, каб усе паспелі паправіцца да пачатку вырашальных матчаў. Мы гуляем у добры хакей, але не можам забіваць вырашальныя галы. Таксама трэба мінімізаваць колькасць уласных памылак. Час на іх выпраўленне пакуль ёсць».

3. Беларуская лёгкаатлетка Аліна Талай здабыла чарговую перамогу на дыстанцыі 60 м з бар'ерамі. На міжнародным турніры ў закрытым памяшканні Талай устанавіла асабісты рэкорд, паказаўшы пры гэтым найлепшы вынік сезона — 7,88 с. Гэта ўжо пятая перамога беларускай спартсменкі ў сезоне.

4. БГК імя Мяшкова ў чарговым матчы Лігі чэмпіёнаў саступіў парыжскаму ПСЖ — 25:36. Пасля матча галоўны трэнер брастаўчан Жэлька БАБІЧ, расчараваны вынікам сваёй каманды, коратка рэзюмаваў: «Не хочацца паглыбляцца ў дэталі. Адназначна, Парыж быў нашмат лепшы за нас. У нас быў шанц зачапіцца за лік у другім тайме, калі скарацілі адставанне да трох мячоў. Але не ўтрымаліся…» Адзначым, што ў сваёй группе БГК займае перадапошняе пятае месца.

5. Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» буйна саступіў чэшскаму «Німбурку» — 68:85. Найлепшым у складзе «цмокаў» з 18 ачкамі быў Іван Мараш.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.