Вы тут

Дзве любові, або Чароўная сіла таленту


Цікавыя, нават дзівосныя людзі жывуць між намі! Узяць хоць бы Славіка… Ён, мой сябар з маленства, а цяпер яшчэ і двойчы кум, вясной 1968‑га ўсё лавіў сваім новенькім ВЭФам якую-небудзь добрую музыку (замест песень пра партыю ды камсамол), і яму, здаралася, часам шчасціла: слухаў песні Высоцкага альбо нават «Бітлоў». Больш за тое, аднойчы, зусім выпадкова ён «злавіў»… голас — моцны, пранікнёны — які адразу ж запаў у душу… Як мяне, дык гэта дужа здзівіла, бо песня была на замежнай мове, слоў яе сябрук не зразумеў, імя спявачкі не прагучала таксама. Але ж з таго дня Славік задаўся мэтай даведацца пра яе ўсё, што толькі магчыма.

17-7

Інтэрнэту тады, вядома ж, не было, але дзякуючы польскаму радыё месяцаў праз колькі ён ужо ведаў (і мне сказаў), што спявачку завуць Мірэй Мацье, што яна нам амаль равесніца, што паходзіць з вельмі беднай шматдзетнай сям'і…

Карацей, сябар стаў фанатам гэтай францужанкі яшчэ тады, калі і слова такога ніхто не чуў, тады, калі саму Мірэй ні на старонках газет ды часопісаў, ні па тэлевізары ніхто ў вочы не бачыў. А калі давялося, Славік разгубіўся, бо ўяўляў гэту спявачку не сказаць, каб жанчынай мажнай, але ў многім падобнай да Людмілы Зыкінай. На экране ж тэлевізара была невысокая, худзенькая дзяўчынка з проста незабыўнымі вачамі на прыгожым твары… Пры гэтым, што ўразіла майго сябра яшчэ больш, голас яе — можна сказаць, падлетка — не патанаў, не губляўся ў хоры ансамбля імя Аляксандрава!..

Славік «фанацеў».

На шчасце, гэта пачуццё («зоркі, як вядома, ніколі не пакідаюць сваіх арбіт») не перашкаджала яму заляцацца да іншых дзяўчат і ў 26 гадоў такі ажаніцца.

На пачатку сумеснага жыцця яна, Ірына, трохі раўнавала мужа да недасяжнай францужанкі. Ды і як было не раўнаваць, калі вечарам ён рассыпаўся салаўём — прызнаваўся ў каханні ёй, а раніцай — можна сказаць, з языка не спускаў зусім іншую…

Усё стала на месца ў іх першую навагоднюю ноч. Славік тады амаль не піў, разам з жонкай цярпліва глядзеў на нецікавых яму гасцей «Блакітнага агеньчыка» і ажывіўся толькі пад раніцу, калі тэлевізар стаў паказваць «Мелодыі і рытмы зарубежнай эстрады». Мірэй спявала «Даруйце мне гэты дзіцячы капрыз», мелодыю якой Іра чула перад пачаткам «Кінапанарамы»…

Мусіць, у чаканні яшчэ адной песні Славік (яна — за кампанію) прасядзеў ля тэлевізара, пакуль ён зусім не згас, а потым з нейкім незвычайным бляскам у вачах сказаў ёй, каб ішла спаць (маўляў, стамілася ж…), а сам (чаго не рабіў ніколі) стаў прыбіраць са стала і нават мыць посуд!

Такім чынам жонка знайшла слабіну ў характары мужа, які толькі да вяселля выглядаў трохі стомленым рамантыкам, а пасля яго аказаўся зусім звычайным чалавекам, вельмі спакойным і стрыманым у сваіх пачуццях, вельмі скупым на праяву эмоцый… Але ж пры гэтым — нечым узрушаны — ён кожны раз выцягваў з шафы прайгравальнік, ставіў на яго любую з чатырох пласцінак любімай спявачкі, зажмурваўся і слухаў.

У такія хвіліны яго лепш было не чапаць, затое потым ён рабіўся такім лагодным і рахманым, ну хоць ты вяроўкі ві!

Іра «віла». Калі трэба было загладзіць нейкую правіну альбо «натхніць» мужа на выкананне чарговага капрызу, выцягвала прайгравальнік сама…

З гадамі мужава захапленне Мірэй яна стала лічыць нейкім дзівацтвам, нейкім пункцікам, які, вядома ж, надаваў яму трохі шарму, але на які — без патрэбы — можна было не звяртаць ніякай увагі.

Так без прыгод і ўзрушэнняў ішлі гады, нават дзесяцігоддзі іх сумежнага жыцця. Нарадзіліся і выраслі дзеці, пайшлі ўнукі… У турботах ды клопатах сужэнцы, дзякаваць Богу, дажылі да пенсіі і ніякіх перамен у сваім жыцці не чакалі…

Усё змянілася ў той вечар, калі Славік пачуў па тэлевізары, што ў Мінск прыязджае Мірэй Мацье, у Палацы Рэспублікі адбудзецца канцэрт.

Ён тады доўга курыў. І засумаваў. Яго ахапіла туга, настальгія па зніклай маладосці. Успомнілася, як падчас службы ў Германіі, 40 гадоў таму, неадступна марыў трапіць у Парыж з поўнымі кішэнямі франкаў, каб з букетам самых прыгожых кветак схадзіць у залу «Алімпія» на канцэрт любімай спявачкі, каб пасля яго купіць усе, якія толькі ёсць, яе запісы… І толькі потым ужо падняцца на Эйфелеву вежу, каб зверху паглядзець на культурную сталіцу свету.

Нязбытныя мары! Бо ў тыя, ужо далёкія часы, простаму савецкаму хлопцу лягчэй было паляцець у космас, чым паехаць у сталіцу Францыі.

…Паколькі канцэрт у Мінску чакаўся 10 сакавіка, Славіку трэба было шукаць грошы не толькі на падарунак да 8‑га, але яшчэ і на білеты, бо пазычаць ён ніколі не любіў, нават у мяне. Дзякаваць Богу, мы з ім нядрэнна разбіраліся ў розных аўтамабілях: і калі раней дапамагалі рамантаваць іх за звычайнае «дзякуй» ці сціплы пачастунак, то цяпер за кансультацыю, а тым больш за асабісты ўдзел Славік стаў браць грошы — калі 50 тысяч, а калі і 300. Факт, што тыдні праз два ён ужо меў паўтара мільёна рублёў, якіх хапала на квіткі. Праўда, на балкон…

Ён мог пашабашыць яшчэ і зарабіць на партэр, але баяўся, што білетаў не хопіць.

Купіўшы ж (два — для сабе і жонкі), ён схаваў іх пад столлю ў гаражы і часова супакоіўся.

Жонка тым часам была ў пакутлівых развагах. З аднаго боку, звадзіць чалавека на гэты канцэрт азначала дагадзіць яму да скону веку. А з другога — мякка кажучы — дарагое задавальненне… Да таго ж пасля сыходу на заслужаны адпачынак муж неяк ні разу не даставаў той стары прайгравальнік, ні разу не ставіў свае самыя каштоўныя — яшчэ і па грошах, бо купляў іх некалі з рук, з вялікай пераплатай — пласцінкі.

Рашэнне было прынята кампраміснае: захоча схадзіць — скажа, сама прапаноўваць не буду.

Між тым рэкламу канцэрта па тэлебачанні «круцілі» ці не штодня цягам тыдняў і нават месяцаў. Славік зацята маўчаў. Нешта незразумелае пачалося толькі пазней, у лютым, калі ён дастаў з шафы і прыдзірліва агледзеў свой найлепшы касцюм, сам (чаго ніколі не было!) занёс у хімчыстку амаль чыстую куртку, да люстранога бляску начысціў туфлі…

Свята 8 Сакавіка яны адзначылі па нязменнай, як словы ў малітве «Ойча наш», завядзёнцы. Славік купіў сваёй палавіне тры яе любімыя белыя гваздзікі, каробку шакаладных цукерак і бутэльку белага віна, сабе — пляшку гарэлкі. Некалі раней у гэты дзень з падарункамі прыязджалі дзеці, але цяпер сыны віншавалі сваіх жонак, дочкі таго ж чакалі ад мужоў… Маці заставалася хіба што цэлы ранак прымаць іх віншаванні па тэлефоне.

Сёлета гэты звыклы рытуал дапоўніўся толькі адной дэталлю: пасля першага тоста і дзяжурнага пацалунка Славік урачыста падаў ёй канверт і сказаў: «Маці! Паслязаўтра мы слухаем Мірэй!». Гэта азначала, што мара жыцця, мякка кажучы, дарослага чалавека ўсё ж здзяйснялася: вечарам, 10 сакавіка.

…На наступны дзень я завітаў да іх, каб папытацца: «Ну як?» І адразу ж адчуў, што ў хаце нешта змянілася. Не мог даўмецца — што, пакуль не дапяў, што змяніліся самі… гаспадары. У іх позірках адно на аднаго было столькі замілавання, столькі пяшчоты, быццам пажаніліся яны не пазней чым учора.

Пра канцэрт жа Славік расказваць не мог. Паспрабаваў быў — сказаў з чаго ён пачаўся, а потым махнуў рукой: маўляў, няма ў яго ні здольнасцяў, ні патрэбных слоў, каб апісаць уражанне ад Мірэй, ад голасу яе… Жывога…

І куму я лёгка паверыў, бо яшчэ ў маладосці на мае пытанні наконт яго пачуццяў да спявачкі ён казаў, што не мае ім рацыянальнага тлумачэння. Але ж, калі ўявіць, што ў яго (у Славіка) ёсць душа і ў гэтай душы ёсць струны, то яны настроены ва ўнісон толькі з гэтым голасам… Што калі ён чуе яе па радыё ці з пласцінкі, то заплюшчвае вочы і бачыць найчасцей саму Мірэй, ці, у залежнасці ад настрою, як смяюцца шчаслівыя закаханыя дзяўчаты, ці як галосяць матулі, страціўшыя сваіх дзяцей… Што калі ён бачыць яе па тэлевізары, то стараецца нават не міргаць, бо там — вельмі прыгожая жанчына, а калі да прыгажосці дадаць незямнога паходжання голас, то ён тады чуе Жанчыну Вялікую …

Каб паслухаў і я, Славік дастаў прайгравальнік, прынёс свае пласцінкі і даў мне паслухаць (жонка тупала на кухні) больш за палову песень, якія яны чулі ўчора. І ў тым жа парадку.

Павінен прызнацца, што мне, чалавеку бясконца далёкаму ад якіх-небудзь музычных прыхільнасцяў, такі імправізаваны канцэрт вельмі спадабаўся. Да таго ж Іра, калі Славік пайшоў пакурыць, па сакрэце сказала мне, што на канцэрце ён двойчы плакаў: калі гучалі песні «Дзева Марыя мора» і «Бывай, Акропаль». Што пасля канцэрта трохі шкадаваў, што не прагучалі мелодыя з фільма «Гісторыя кахання», «Чао, бамбіна» і тэма з 40‑й сімфоніі Моцарта (ёсць, як высвятляецца, і такі твор у гэтай спявачкі!). Што слухачы паднеслі артыстцы, можа, сотні з дзве букетаў і што раздала яна сотні тры аўтографаў.

Але самым кранальным момантам ужо абое — і муж, і жонка — прызналі з'яўленне на сцэне матулі Мірэй Мацье, якую вялікая зала Палаца Рэспублікі вітала стоячы, вітала авацыяй. І цяжка сказаць, чаго ў той авацыі было больш — павагі да яе ве-е‑ельмі шаноўнага ўзросту ці ўдзячнасці за голас, за дачку, якую яна падарыла свету…

А потым гаспадыня паклікала нас на кухню. На стале сярод талерак я ўбачыў цэлую пляшку каньяку. Не, кума ніколі не была скнарай (хутчэй, берагіняй у сваім вялікім сямействе). Але ж, каб паставіць пляшку мне, заўсёднаму куму, ды роднаму мужу, якога яна іншым разам магла папікнуць куфлем піва… Недзе павінна было штось здохнуць. Ці адбыцца.

І такі ж адбылося! Учарашні канцэрт, як потым сказаў Славік, быў самай значнай падзеяй яго жыцця ў гэтым стагоддзі.

...Пасля абеду, калі Славік зноў пайшоў пакурыць, я ўзяўся дапамагаць куме прыбраць са стала. І яна мне прызналася, што толькі цяпер зразумела свайго чалавека: голас Мірэй, яе талент, не маглі змясціцца нават у яго шырокай душы, а таму часам… выліваліся адтуль словамі захаплення і ўдзячнасці.

А яна, дурніца, думала — бзік… Ці «пункцік».

Віталь Герасімаў, г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».