Вы тут

За мяжой паразумення


Гісторыя з 84‑гадовай бабулькай, якую апякунка быццам бы выжыла з магілёўскай аднапакаёўкі, нарабіла шмат шуму. Суд Ленінскага раёна горада Магілёва скасаваў дагавор пажыццёвага ўтрымання (рэнты), падпісаны паміж пенсіянеркай і маладой жанчынай. Былая папячыцельніца разам са сваёй сям'ёй з'ехала з кватэры. Здавалася б, можна паставіць кропку. Але…

Бабульку сапраўды шкада. Хата, у якой яе знайшлі супрацоўнікі бялыніцкага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, насамрэч знаходзілася ў антысанітарным становішчы. Іншая справа, што старая жыла там месяцамі і раней. Але ж гэта істотна справы не мяняе. Па дому сапраўды «плакаў» рамонт. А дзве казы, якія былі ў гаспадарцы, парадку не дабаўлялі. Адным словам тое, што ўбачылі сацработнікі, моцна іх уразіла.

— А калі мы даведаліся, што ў бабулінай магілёўскай кватэры жыве чалавек, які павінен яе даглядаць, абурыліся да глыбіні душы, — не стрымлівае эмоцый дырэктар бялыніцкага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена КРУПЕНЬКІНА.— Патэлефанавалі той жанчыне і патрабавалі, каб яна вызваліла чужую жылплошчу. Тая не адмаўлялася, але і не спяшалася. І тады мы звярнуліся ў пракуратуру. У выніку адбыўся суд, які і расставіў усе кропкі над «і».

— Дык сапраўды гэтая апякунка была такая дрэнная? — з крыўдай за няшчасную бабульку цікаўлюся я.

— Цяжка сказаць, — сумняваецца дырэктар цэнтра. — Бабуля крыху дзіўнаватая, самі разумееце, узрост. Магчыма, яна і збягала з горада. Калі суд скасаваў той дагавор, бабку да сябе забраў пляменнік. Потым завёз яе ў тую магілёўскую кватэру і там пакінуў. А праз 2 дні старую бачылі ўжо ў Бялынічах на прыпынку, без верхняга адзення.

Алена Крупенькіна не хавала і тое, што бабулька часам загаворваецца, ірвецца ў вясковую хату. Маўляў, там маці старая і сястра, якім трэба дапамагаць па гаспадарцы. Але не толькі маці, але нават і сястры ўжо даўно няма ў жывых.

Цяпер старая жанчына ў бальніцы, вырашаецца пытанне па змяшчэнні яе ў інтэрнат. Там, ва ўсялякім разе, яна будзе пад пастаянным наглядам.

У Таццяны ж, якая да нядаўняга часу апякала старую, свой погляд на падзеі.

— Нас у гэтай гісторыі выставілі сапраўднымі злачынцамі, але ніхто не кідаў бабульку, — кажа яна. — Наведвалі некалькі разоў на месяц, прывозілі ў Магілёў, мылі, але яна ўсё роўна збягала ў вёску. Мы нават тэлефонную сувязь туды правялі, каб заўсёды быць у курсе яе спраў. Я яе ведаю яшчэ з канца 90‑х, яна прыязджала ў нашу вёску Бахані на могілкі да блізкіх. Нават сцвярджала, што мы з ёй нейкая далёкая радня. Расказала, што ў яе ёсць кватэра ў Магілёве, але ёй больш падабаецца жыць у родным Цяхціне. Там прырода, жывёлу можна трымаць. Потым мы амаль 10 гадоў ніякіх стасункаў не мелі, пакуль яна сама мяне не знайшла. Скардзілася, што ёй цяжка весці гаспадарку, што яна нікому не патрэбная. Мне яе шкада было, і  час ад часу наведвала яе ў вёсцы. А некалькі гадоў таму яна мне прапанавала заключыць дагавор праз натарыяльную кантору. Маўляў, я ўсё роўна ў вёсцы, а ты з сям'ёй можаш пажыць у маёй кватэры. Будзеш і за хатай даглядаць, і да мяне наведвацца.

Маладая жанчына кажа, што так і рабіла, але былі цяжкасці, паколькі хутка нарадзіліся двое дзяцей. Прасцей было б бабульку забраць, але ж, як сцвярджае суразмоўца, не магла яна абыходзіцца без вёскі, без сваіх коз ды сабак. А летась, калі здароўе зусім здало, стала сама казаць, што, напэўна, хутка пераедзе ў горад. Таццяна прызнаецца, што яны з мужам ужо падшуквалі варыянты, каб пераехаць з кватэры. Упяцёх, ды яшчэ са старым чалавекам, не вельмі зручна жыць у аднапакаёўцы. Тым больш што на працы абяцалі даць маласямейку. Пераезд у выніку адбыўся, але гэта не выратавала ад непрыемнай гісторыі.

Таццяна згодна з тым, што бабульцы, магчыма, не хапала ўвагі, але ж дзе былі раней сацыяльныя работнікі? Маўляў, бабулька даўно так жыла, а яны забілі трывогу толькі цяпер. Гэтае пытанне я задала намесніку старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Аляксандру Крыкунову.

— Жанчына была прапісана ў Магілёве, таму і высветлілася ўсё нечакана, — патлумачыў ён. — Такіх дачнікаў сярод сталых людзей хапае, але ж кантраляваць іх мы можам толькі па месцы прапіскі. Немагчыма кагосьці прымусіць знаходзіцца ўвесь час дома, гэта будзе абмежаваннем канстытуцыйнага права чалавека. Няхай ён і стары, але пакуль не прызнаны недзеяздольным, сам павінен прымаць рашэнні. А вось тое, што суд скасаваў дагавор, які быў заключаны паміж пенсіянеркай і маладой жанчынай, сведчыць, што парушэнні правоў старой жанчыны ўсё ж мелі месца. Калі бярэш такую адказнасць за лёс іншага чалавека, трэба выконваць свае абавязкі да канца. Нездарма наша служба раіць праз упраўленне юстыцыі, каб натарыусы тлумачылі ўсе наступствы такіх пагадненняў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.