Вы тут

Там, дзе хараство не схавана ад вачэй...


Убачыўшы фотавыявы прыроды, зробленыя Валянцінам Ждановічам, напачатку можна падумаць, што гэта Афрыка, а не Беларусь. Усё вельмі экзатычна, ярка, светла.  Але ж не — краявіды гэтыя насамрэч нам родныя. Пра што з задавальненнем распавяла дачка фатографа Валерыя Ждановіч:

17-1

«Я памятаю, як у самае першае маё падарожжа па Прыпяці мы прыляцелі з Мінска ў Мазыр на «кукурузніку». Там пераселі на цеплаход. Побач з намі праплывалі высокія берагі, ляталі ластаўкі. Мне здавалася, што я ў нейкай Бразіліі — трапіла ў рай. Па дошчачцы мы сышлі на бераг, і я зразумела, што гэты рай насамрэч... камарыны (усміхаецца). І пакуль нам не прывезлі сродкі абароны ад насякомых, я ўвогуле не разумела, як выжываюць там людзі...

Пазней мы ўжо абжыліся. Збілі з дошак стол і назвалі яго «рэстаран «Паддубны».

Навакольную прыгажосць я магла ацаніць спаўна. Бо калі ты жывеш у намёце, цябе нішто не аддзяляе ад прыроды. Можна кожны дзень купацца, колькі хочаш, лавіць рыбу. І ўсе, хто там жыве, знаходзяцца побач з табой. Бабры, даючы нырца, увесь час лупілі хвастом. Ласіха з ласянём пераплывалі рэчку. Для гарадскога дзіцяці, якое ўпершыню трапіла ў вёску, гэта было ўражанне мацнейшае, чым ад Natіonal Geografіc сёння па тэлевізары.

А пасля здарыўся Чарнобыль. Гэта было страшна, ніхто не быў да гэтага падрыхтаваны. Аднак насуперак катастрофе тата разам з Вадзімам Клакоцкім паехалі і зрабілі кніжку пад назвай «Пяро арлана». Выданне было папулярным у свой час і разышлося досыць хутка.

17-2

У заказніку ракі Лань (там, дзе яна ўпадае ў Прыпяць) яны прабылі доўгі час, пільнуючы калонію чапель. Бацька сядзеў на дрэве і здымаў чаплінае жыццё, сачыў, як яны кормяць сваіх птушанят, назіраў за іх раскладам жыцця. Аднойчы ўбачыў шэршня, які вылецеў з дупла. Не падумаўшы, папшыкаў туды дыхлафосам... Давялося ратавацца, кінуўшы нават камеру. Бо тры ўкусы шэршня могуць быць смяротнымі для чалавека.

Чаплі звычайна селяцца ў такіх мясцінах, дзе людзям не вельмі камфортна. Навокал было балота, усё стаяла ў вадзе. Таму і ім даводзілася, нібы тым чаплям, хадзіць у батфортах.

Забіраліся ў зусім непралазныя месцы. Тагачасны дырэктар Прыпяцкага запаведніка атрымаў БТРы — тэхніку, на якой можна ездзіць па балотах. На гэтых БТРах напарнікі ехалі ў самы гушчар, каб зняць якую-небудзь кветачку — гарлачык ці беларускую архідэю, якая расце ў адным ці двух месцах на ўсю краіну. Былі дэльтапланы, каб весці ў запаведніку ўлік з паветра, — з іх таксама рабіліся фотаздымкі вельмі прыгожых агульных планаў. Гэтыя выявы нечым падобныя да тых, што сёння змешчаны на білбордах «Я люблю Беларусь».

Увогуле бацьку вельмі падабалася «падглядаць» птушынае жыццё. Аднак да птушкі вельмі цяжка наблізіцца так, каб яна цябе не заўважыла. Даводзілася маскіравацца, будаваць схованкі, шалашыкі. Здымаць прыроду, я лічу, — гэта найвышэйшы пілатаж фатографа. Цяпер з дапамогай «Фоташопа» і розных ідэй можна зрабіць вельмі прыгожыя рэчы. Але калі не выкарыстоўваць сучасныя навінкі, трэба проста неверагодная цярплівасць і глыбокае разуменне таго прадмета, які ты здымаеш.

Пазней з'явілася ідэя зрабіць кніжку пра Прыпяцкі запаведнік. Бацька здымаў усе віды, што тады былі занесены ў Чырвоную кнігу. Яму заставалася ўжо зусім няшмат, але апошні сезон так і застаўся няскончаным, тэкст ненапісаным, а кніжка незавершанай...

17-3

Прыроду ён любіў яшчэ з маладых гадоў. Хоць і нарадзіўся ў Мінску, вырас у Дзяржынску: там яго сям'я мела свой дом, сад, побач рос лес. Бабуля паўсюль з сабой брала ўнука, таму ён умеў рабіць любую вясковую працу.

З іншага боку, жывучы ў горадзе, тата не набываў сабе лецішча, не будаваў дом у вёсцы, бо не хацеў прывязвацца да пэўнага месца, быць абавязаным там рабіць нешта. Яму было больш даспадобы вандраваць паўсюль, здымаць тое, што бачыў. Ён лічыў, што свабода ў гэтым плане для яго мае большую вартасць.

Аднак у канцы жыцця разам з Рыгорам Барадуліным ён стварыў кніжку «Вяртанне». Ілюстрацыі для яе рабіліся ў хаце, дзе жыла маці Барадуліна. Паэт жыў там і пасля яе смерці, і мы там часам жылі. Бацька адчуваў настальгію па хаце, садзе, печцы.

У «Маладосці» ў свой час выйшла кніжка «Усе мы з хат». Гэта тэма была асноўнай для пакалення майго бацькі, бо ім давялося жыць у тую пераломную эпоху, калі адбываўся пераход ад вясковага жыцця да гарадскога, для мноства людзей. Бо даваенны Мінск у 350 тысяч людзей і цяперашні больш чым 2-мільённы горад — таксама непараўнальныя велічыні і рэчы».

Завяршыўшы нашу размову, я думала пра тое, ці можа гараджанін так любіць прыроду, як любіць яе чалавек з вёскі. Той, хто босым бегаў па прасторах духмяных палёў, каму дахам над галавою служыла бяздоннае сіняе неба, а касматыя аблокі былі заўсёднымі спадарожнікамі. Мне падумалася, што сэрца беларускай прыгажосці схаванае дзесьці ў вёсках. І шмат страчвае той, хто ўсе летнія адпачынкі праводзіць ля далёкіх мораў, а ў тлуме штодзённых спраў так і не знаходзіць часу, каб спазнаць прыхаванае хараство роднай зямлі...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Фота з асабістага архіва сям'і Ждановічаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.