Вы тут

Статак робіць дастатак


Летась прыбытак ад экспарту прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 2,4 млрд долараў

Апошнім часам у нашай краіне ўздымаліся і актыўна вырашаліся праблемныя пытанні ў аграпрамысловым комплексе. Вынікам гэтай дзейнасці стала прыняцце комплексу ўказаў, якія накіраваны на ўдасканаленне дзяржаўнай аграрнай палітыкі і павышэнне эфектыўнасці работы арганізацый АПК. Аб фарміраванні ўзгодненай аграпрамысловай палітыкі і агульнага рынку сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання з дзяржавамі — партнёрамі Беларусі па Еўразійскім эканамічным саюзе ішла размова з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Пасяўная без сюрпрызаў

Набліжаецца вясна. Міністр адзначыў, што ў краіне ўсё зроблена, каб годна яе сустрэць. Цяпер у нас хапае ўгнаенняў, а таксама ёсць дастатковая колькасць паліва, каб правесці вясновую пасяўную кампанію. Механізм іх набыцця і закупкі ўжо пазначаны галіновымі дакументамі і пастановамі Савета Міністраў. Загадзя былі прыняты пэўныя нарматыўна-прававыя дакументы, якія забяспечваюць сёлета засваенне і крэдытных рэсурсаў. Паводле слоў міністра, на правядзенне вясенняй сяўбы спатрэбіцца каля 12 трлн рублёў.

Экспарт павялічаць да 7 млрд долараў

Спецыялісты «Рассельгаснагляду» пастаянна наведваюць розныя беларускія мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы і часам выяўляюць пэўныя парушэнні. Так, здараецца, там узнікаюць пытанні, але Леанід Заяц лічыць, што не варта драматызаваць, бо ў Беларусі сітуацыя з вытворчасцю харчовых прадуктаў знаходзіцца пад пастаянным кантролем. За якасць на мясакамбінатах адказваюць тэхнолагі, спецыялісты, кіраўніцтва і г. д. Тыя заўвагі, якія былі выказаны Расіяй і тычацца менавіта санітарыі, па вялікім рахунку, не носяць для нашых прадпрыемстваў пастаянны характар. Так, ёсць на асобных участках дробныя недапрацоўкі, але глабальных парушэнняў не выяўлена. Наш харчовы прадукт па-ранейшаму з'яўляецца бяспечным для ўнутранага спажывання і для пастаўкі на экспарт.

Аднак гэтыя факты дробных недапрацовак абавязваюць кіраўніцтва прадпрыемстваў і спецыялістаў больш шчыльна паглядзець на недахопы, бо ад гэтага залежыць імідж іх прадпрыемства на знешніх рынках, упэўнены міністр. І гэта не проста словы. Цяпер перад галіной пастаўлена няпростая задача — з існуючага на сёння экспарту прадуктаў харчавання ў памеры 5,8 млрд долараў за год выйсці на 7 млрд долараў. Разам з тым прырост існуе, і ёсць усе падставы лічыць, што станоўчая дынаміка па аб'ёмах захаваецца на працягу ўсяго года. Каб упэўнена замацавацца на расійскім рынку і цвёрда стаяць там на нагах і надалей, многія перапрацоўчыя структуры павінны больш настойліва змагацца за якасць сваёй прадукцыі, за высокую санітарыю і г. д.

Расійскі рынак для нас адкрыты

Заяўлялася, што Беларусь і Расія будуць пераглядаць раней узгодненыя прагнозныя балансы па пастаўках харчавання на расійскі рынак.
Леанід Заяц адзначыў, што ў сакавіку на беларускай пляцоўцы адбудзецца сумесная калегія з удзелам Мінсельгаса РФ на прадмет паставак нашай прадукцыі на расійскі рынак. Ужо вядома, што сёлета нашы пастаўкі ў гэту краіну павялічацца і па малацэ, і па мясе.

Абмежаванняў у пастаўках у нас няма. Больш за тое, Расія сёння спажывае 800 тысяч тон сыру, прычым 400 тысяч тон яна імпартуе. З гэтага імпарту 120 тысяч тон ідзе з Беларусі. Таму беларускую нішу тут можна нават павялічыць. Неабходна толькі развіваць дадатковыя магутнасці па вытворчасці сыру, у тым ліку за кошт мадэрнізацыі існуючых прадпрыемстваў. Гэты сегмент прадукцыі цяпер павінен стаць прыярытэтным.

Акрамя таго, наша суседка летась завезла за 11 месяцаў па імпарце каля 560 тысяч тон мяса буйной рагатай жывёлы (БРЖ), з якіх 447 тысяч было пастаўлена з трэціх краін, з Беларусі — 113 тысяч тон. А гэта ўжо 20,3% ад рынку імпарту.

У цэлым патрэба РФ у малочных прадуктах складае каля 38 млн тон. Летась яны атрымалі ўласныя 30,5 млн тон малака, а таксама паменшылі аб'ёмы вытворчасці ялавічыны на 258 тысяч тон. У той жа час нашы аб'ёмы вытворчасці гэтых пазіцый павялічыліся.

А вось па птушцы самазабеспячэнне Расіі сёння дасягае 90%. Таму Леанід Заяц упэўнены, што прыярытэтнымі па экспарце ў Расію для Беларусі з'яўляюцца два сегменты: малако і малочныя прадукты, а таксама мяса буйной рагатай жывёлы. Тут нашай краіне неабходна павысіць прадукцыйнасць дойнага статку і павялічыць колькасць галоў БРЖ. Гэта дасць магчымасць сёння вырабляць каля 1 млн тон мяса ялавічыны, і на 10 млн тон да 2020 года мы павінны выйсці па аб'ёмах вытворчасці малака, лічыць міністр. Пры гэтым краіне ў бліжэйшыя 5 гадоў трэба ствараць экспартны патэнцыял у аб'ёме прыкладна 5–5,5 млн тон малака і выйсці на 400–500 тысяч тон мяса, якое будзе пастаўляцца на расійскі рынак. Выкананне такіх амбіцыёзных задач дазволіць галіне атрымаць у 2020 годзе каля 8–8,5 млрд долараў па экспарце ад прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Аднак мець сёлета агульны аб'ём экспарту з Расіяй у памеры 7 млрд долараў не з'яўляецца канчатковай мэтай для АПК Беларусі. Пры гэтым неабходна забяспечыць станоўчае сальда, а не проста гандляваць. За мінулы год гэтае сальда ў нас склала плюс 2,4 млрд долараў. Міністр адзначыў, што і сёлета даход ад такога гандлю не павінен быць ніжэйшым.

Збожжа — каля 10 млн тон

Мінулы год стаў даволі няпростым для айчыннай эканомікі з улікам сітуацыі на рынках краін — асноўных партнёраў Беларусі, а таксама шэрагу ўнутраных фактараў. Міністр адзначыў, што для аграпрамысловага комплексу краіны ён быў складаным, але досыць выніковым. У цэлым захавана станоўчая дынаміка развіцця. Тэмп росту сельскагаспадарчай вытворчасці ва ўсіх катэгорыях гаспадарак склаў 103,1%.

Спрыяльным год стаў для раслінаводства. Атрыманы значны ўраджай збожжавых і зернебабовых культур — 9,7 млн тон. На 463 тысячы тон больш атрымана цукровых буракоў, на 4 тысячы тон — ільновалакна, на 54 тысячы тон — рапсу, бульбы і гародніны — на 370 і 49 тысяч тон адпаведна. Забяспечана станоўчая дынаміка ў вытворчасці малака, яек, мяса птушкі. Практычна цалкам задаволены ўнутраныя патрэбы ў харчовым збожжы і кармах для грамадскай жывёлагадоўлі. У поўным аб'ёме выкананы абавязацельствы па пастаўках збожжа ў лік дзяржаўных патрэб.

Пастаўкі сельскагаспадарчай сыравіны на перапрацоўку дазволілі забяспечыць рост вытворчасці харчовых прадуктаў па выніках года на 1,4%. Так, вытворчасць малочнай прадукцыі ўзрасла на 6,7%, макаронных і кандытарскіх вырабаў — на 13,9%. Разам з тым тэмп росту вытворчасці мясных вырабаў склаў толькі 91% да ўзроўню 2013 года.

Даволі няпростая сітуацыя на рынках краін — асноўных партнёраў Беларусі — негатыўна адбілася на знешнеэканамічнай дзейнасці. Летась арганізацыі сістэмы Мінсельгасхарча на экспарт паставілі тавараў на суму больш як 3 млрд долараў, што на 5% менш узроўню 2013 года. Міністр упэўнены, што зніжэнне экспартных паставак абумоўлена ў першую чаргу падзеннем попыту на знешніх рынках на некаторыя віды малочнай прадукцыі (суцэльнага і абястлушчанага сухога малака), скарачэннем аб'ёмаў паставак у натуральным выражэнні мясной прадукцыі (свініны, ялавічыны), а таксама дэвальвацыяй расійскага рубля ў адносінах да долара.

Мадэрнізаваць «малочку» за 5 гадоў

Калі 10 млн т збожжа айчынны АПК ужо змог атрымаць, то 10 млн т малака пакуль застаюцца запаветнай мэтай. Леанід Заяц упэўнены, што невырашальных задач няма.

Генетычны патэнцыял прадукцыйнасці малочнай жывёлы ў краіне перавышае 10 тысяч кг малака на адну карову за год. Для рэалізацыі гэтага патэнцыялу неабходна стварыць аптымальныя ўмовы ўтрымання і кармлення жывёлы. Мадэрнізацыя малочнатаварных фермаў наблізіла ўмовы ўтрымання кароў на гэтых фермах да аптымальных, але праблема забеспячэння паўнавартаснага кармлення яшчэ вырашана не ўсюды.

За бліжэйшыя 5 гадоў плануецца завяршыць комплекснае аснашчэнне сучаснымі тэхналогіямі і абсталяваннем усіх малочнатаварных фермаў з адначасовым стварэннем кармавой базы, якая адпавядае патрэбам малочнай галіны. Паўнавартаснае кармленне жывёл дасць магчымасць палепшыць асноўныя параметры па аднаўленні статка і забяспечыць яго павелічэнне толькі высокапрадукцыйнымі каровамі. Выконванне гэтых тэхналагічных нормаў пры вытворчасці малака на ўсіх этапах, ад нарыхтоўкі кармоў, гадоўлі рамонтнага маладняку — да арганізацыі кармлення і даення кароў, стане залогам высокай прадукцыйнасці дойнага статку і павелічэння аб'ёмаў вытворчасці малака, лічыць міністр.

Выкананне гэтых задач дазволіць галіне ў 2020 годзе атрымліваць каля 9 млн тон малака, што на 44% перавышае ўзровень яго вытворчасці летась. Пастаўкі малака і малакапрадуктаў на ўнутраны рынак павінны скласці каля 3,7 млн тон, пры гэтым будзе створаны экспартны патэнцыял у аб'ёме 5,3 млн тон, удакладніў планы міністэрства Леанід Заяц.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.