Вы тут

Тое, што аб'ядноўвае


ХХІІ Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш наведалі каля 35 тысяч чалавек

Мой персанальны вынік такі: 6 кніг, якія прынесла з выставы. Магло быць і больш — звярнуць увагу было на што. Часам нават да здзіўлення: нібыта такога і не чакаў убачыць, а вось жа яно ёсць. Унікальныя беларускія выданні, літаратура на беларускай мове, у тым ліку сучасных айчынных аўтараў. Сама беларуская мова — нават з боку краін-удзельніц, якія такім чынам дэманстравалі павагу да беларускай культуры (у прыватнасці, Вялікабрытанія і ЗША). Размовы пра развіццё айчыннай культуры, якая фарміравалася ў многім дзякуючы развіццю кнігадрукавання і кнігачытання. Пра неабходнасць сістэматызаваць веды пра сваю краіну — напрыклад, праз энцыклапедычныя выданні, пра што вялася гаворка на «круглым стале», арганізаваным выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Развагі пра ролю і месца пісьменніка ў сучасным свеце.

Сустрэчы з пісьменнікамі: такой колькасці гасцей, якія ствараюць літаратуру з розных краін, напэўна, не было ніколі. Некаторыя прыязджалі як госці міжнароднага сімпозіума літаратараў. Некаторыя з больш лакальнымі і канкрэтнымі мэтамі: дапамагчы сваёй краіне прадставіць яе кніжную культуру. Напрыклад, цікавых гасцей для сустрэч і тэмы для абмеркаванняў умеюць прапанаваць ля стэнда Францыі, дзе была ўтворана своеасаблівая «гасцёўня». Але ж вось сюрпрыз: на выставе можна было даведацца пра пераклад на французскую кнігі «Апошнія сведкі» Святланы Алексіевіч і нават паслухаць аўтара. Тут і там гучалі словы ў адрас беларускай літаратуры, якая ўзбагаціла сусветную культуру сваім вельмі балючым, але каштоўным вопытам разумення чалавечнасці, адметным поглядам на тое, што ёсць само жыццё... І гучалі імёны...

Кніг было шмат. Кошты месцамі нават вельмі дэмакратычныя. Некаторыя замежныя ўдзельнікі выстаўлялі вельмі зручныя курсы абмену (ля аднаго стэнда давялося пабачыць аб'яву пра тое, што 1 еўра на гэтай выставе роўны 15000 беларускіх рублёў) — шчасце для кнігалюбаў. І быў гандаль: удзельнікі павінны адчуваць, што прыязджаюць і выстаўляюцца нездарма...

Але плён ці сэнс падобных мерапрыемстваў усё ж не столькі ў рэальным даходзе, колькі ад зносін і перспектыўнага супрацоўніцтва. А выяўляцца яно можа па-рознаму. У адваротным запрашэнні на кніжныя кірмашы ў іншыя краіны — у прыватнасці, на кніжны салон, які праходзіць у Санкт-Пецярбургу. У планах па перакладзе і выданні кніг краін-партнёраў, як з Кітайскай Рэспублікай. Кніг не бывае зашмат — вырашалі людзі, якія сыходзілі з набыткамі ў торбах. Кніг не бывае зашмат, асабліва тады, калі, дзякуючы нашым гасцям, папаўняюцца фонды айчынных бібліятэк: за гэтыя дні мы атрымалі выданні з Кітая, Расіі, Германіі, Францыі і іншых краін. Штодня прэзентацыі, мерапрыемствы, сустрэчы, дыскусіі. Пах кніг у паветры, які прывабліваў людзей у выставачны цэнтр, дзе размясціліся стэнды з выданнямі. Колькасць зацікаўленых выставай людзей, аказваецца, можна было ацаніць. На закрыцці называліся лічбы: каля 35 тысяч гасцей за 5 дзён. Госці свае і замежныя, блізкія і здалёк, сябры і тыя, з кім мы толькі пачынаем знаёміцца праз кнігі. Тыя, хто кнігі стварае і выдае, і тыя, хто іх чытае. Іх — апошніх — трэба ведаць, шанаваць, клапаціцца. І з думкай пра іх найперш ладзіць далей кніжныя кірмашы. Сёння кожны чытач важны.

Ларыса ЦІМОШЫК.

«Уклад у развіццё кожнага канкрэтнага чалавека»

Падсумоўваючы вынікі ХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч адзначыла:

— Пяць дзён работы выставы прадэманстравалі інтарэс чытачоў і пацвердзілі, што кніга застаецца самай запатрабаванай крыніцай духоўнага развіцця грамадства, дзяржавы. У той час, калі ў свеце неспакойна, пісьменнікі закліканы абуджаць лепшае ў чалавеку. Сустрэча з разумным, жывым словам — гэта ўклад у развіццё кожнага канкрэтнага чалавека. Слова пісьменніка з'яўляецца запатрабаваным і ў ХХІ стагоддзі. Роля слова ў сучасным свеце асаблівая: яно павінна служыць міру і ўзаемаразуменню паміж людзьмі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».